Мамерт Гербурт (Mamert de Fulsztyn Herburt;  — 18 лютага (2 сакавіка) 1873) — дзеяч каталіцкай царквы, гісторык. Доктар тэалогіі (1816).

У 1808—1812 вучыўся ў Віленскай духоўнай семінарыі, з 1812 — ксёндз, плябан у Клевані каля Роўна, з 1819 канонік луцкі, у 1821—1829 — рэктар Віленскай семінарыі. З 1829 года віленскі канонік, потым прэлат-схаластык, з 1863 — дэкан; жытомірскі прэлат-кусташ.

Да расійскіх улад займаў лаялісцкую пазіцыю. Актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці Віленскай археалагічнай камісіі, падараваў Віленскаму музею старажытнасцей шмат старажытных рэчаў. З 1838 года для Археаграфічнай камісіі рабіў выпіскі са старажытных дакументаў Віленскай капітулы і дыяцэзіі. Член Віленскага статыстычнага камітэту, у які ў 1849 годзе падаў для друку збор актаў Віленскага капітула 1501—1601 гадоў.

Вялікай шматгадовай працай па зборы рэгестаў касцельных актаў стварыў рукапісны «Sumariusz» у трох тамах (акты за XVI, XVII і XVIII стст.); захаваліся тамы 1 (акты 1501—1600 гадоў) і 2 (акты 1601—1679 гадоў). Склаў збор каралеўскіх і княжацкіх прывілеяў Віленскаму біскупству 1387—1690 гадоў; збор папскіх булаў, актаў Базельскага сабора, папскіх нунцыяў, каралеўскіх лістоў, біскупскіх тастаментаў XIV—XIX ст.; збор выпісак з актаў Віленскай кансісторыі 1650—1714 гадоў (у 2 тамах); збор выпісак з актаў Троцкага павятовага суда 1643—1650 гадоў; збор выпісак з актаў Віленскага суда лаўнікаў 1464—1689 гадоў; збор выпісак з актаў Ковенскага магістрата 1520—1562 гадоў; збор выпісак з актаў розных дыяцэзій, ваяводстваў, гарадоў (у тым ліку Пінска) XVII ст.; вопіс актаў Камянецкага капітула 1596—1644 гадоў; збор актаў кляштараў францысканцаў і аўгусцінцаў у Берасці 1404—1600 гадоў. Усе зборнікі гістарычных дакументаў Гербурта засталіся ненадрукванымі.

Выдаў некаторыя свае казанні, працы па тэалогіі, пераклад на польскую мову казання Рыгора Назіянзіна (1822), зборнік касцельных песень («Cantionaleecclesiasticum», Вільня, 1856; 5 выд. 1882).

Крыніцы

Літаратура

Pawlikowska W. Wileńska Kapituła Katedralna w zapisie źródłowym. Cz. 1 // Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia historica. — Poznań, 2007. — T. 12.