Судэ́рва, таксама Судзярве́ () — вёска ў Віленскім раёне Віленскага павета Літвы, за 16 км на паўночны захад ад Вільні. Адміністрацыйны цэнтр Судэрвенскай сянюніі.
Размешчана на рацэ Судярвеле, каля азёр Рэша, Вільноя і Каўшаліс. Знаходзіцца за 8 км ад аўтамагістралі , на скрыжаванні дарог і . Мясцовасць вядома традыцыяй пляцення віленскіх велікодных вербаў.
Гісторыя
Упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1493 годзе як маёнтак. У 1504 годзе згадваецца як цэнтр воласці. У 1562 годзе віленскі біскуп Валяр’ян Пратасевіч перадаў маёнтак каад’ютару віленскага дэкана. У другой палове XVI стагоддзя Судэрва мела статус староства.
У 1594 годзе Судэрва была прыпісана да віленскага праваслаўнага брацтва Святой Тройцы, якое ў 1669 годзе прадало маёнтак віленскаму езуіцкаму навіцыяту.
У другой палове XVIII стагоддзя Судэрву набыў віленскі біскуп Ігнацы Якуб Масальскі, які ў 1782 годзе пры дапамозе Тэадоры Сапежынай заснаваў тут парафію і пабудаваў драўляны касцёл. Мураваны храм пачаў узводзіць у 1803 годзе тагачасны ўладальнік вёскі, біскуп тамашэнскі Валенцій Ваўчацкі. Да 1812 года былі ўзведзены сцены. Пасля смерці біскупа будаўніцтва шчодра фінансаваў і завяршыў яго спадчыннік — Іпаліт Воўк-Ланеўскі. Храм быў кансэкраваны ў 1834 годзе біскупам Анджэем Клангевічам.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай 1795 года Судэрва апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Віленскім павеце. У другой палове XIX стагоддзя мястэчка ў Рэшанскай воласці Віленскага павета Віленскай губерні. У Судэрве было 7 двароў і 82 жыхары (76 каталікоў, 5 іўдзеяў і 1 праваслаўны). Адзначалася, што ўладальнікі маюць тут «прыгожы палацык», акружаны вялікім цяністым садам. У 1905 года маёнтак (47 жыхароў), сяло (32 жыхары) і былая карчма (6 жыхароў) належалі Котвічу.
У часы Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе Судэрву занялі войскі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі С. 19.. У пачатку 1919 года тэрыторыя занята Чырвонай Арміяй С. 20.. З 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР, у канцы сакавіка занята польскімі войскамі.
З 1920 года ўваходзіла ў склад Сярэдняй Літвы, з 1922 да 1939 года — у складзе гміны Рэша Віленска-Троцкага павета Віленскага ваяводства Польскай Рэспублікі. Маёнтак у той час належаў прафесару Універсітэта Стэфана Баторыя Мар’яну Здзяхоўскаму.
З пачаткам Другой сусветнай вайны ў верасні 1939 года занята савецкімі войскамі. Паводле савецка-літоўскага дагавора аб узаемадапамозе, падпісанага 10 кастрычніка 1939 года, Судэрва разам з часткай Віленскага краю была перададзена Літве, з 1940 года — у Літоўскай ССР. У 1941—1944 гадах пад акупацыяй Германіі. У ліпені 1944 года, у рамках аперацыі «Вострая брама», брыгада Арміі Краёвай разбіла ў Судэрве гарнізон нямецкай станцыі радыёперахопу.
У савецкі час Судэрва была цэнтрам сельсавета (апілінкі) і калгаса. З 1990 года — у складзе незалежнай Літвы.
У 2003 годзе стараста Судэрвы Часлава Ступенка была аштрафавана за размяшчэнне на вуліцах шыльдаў з назвамі на літоўскай і польскай мовах, аднак пазней штраф быў ануляваны. У 2022 годзе быў зацверджаны афіцыйны герб вёскі.
Інфраструктура У вёсцы працуюць асноўная школа імя Мар’яна Здзяхоўскага з выкладаннем на польскай мове, пачатковая школа, бібліятэка, пошта і дом культуры.
Славутасці
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы — храм-ратонда ў стылі класіцызму. Пабудаваны ў 1803—1822 гадах па ініцыятыве біскупа Валенція Ваўчацкага, верагодна, паводле праекта архітэктара Ваўжынца Барткевіча. Будынак упрыгожаны шасцю драўлянымі скульптурамі евангелістаў і апосталаў. Маёнтак Судэрва — захаваліся фрагменты сядзібы: класіцыстычны палац (першая палова XIX ст.), афіцына і склеп. У будынку былога палаца цяпер размяшчаецца школа. Парк скульптур «Вільноя» — размешчаны на беразе аднайменнага возера, дзе экспанаты выстаўлены як на сушы, так і ў вадзе.
Насельніцтва
Дэмаграфія Дынаміка колькасці насельніцтва Судэрвы:
Моўная сітуацыя і этнаграфія Разам з іншымі паселішчамі на паўночны захад ад Вільні вёска знаходзіцца ў арэале гістарычнага бытавання беларускіх гаворак, якія сфарміраваліся на беларуска-літоўскім моўным памежжы. У 1977 годзе Судэрва (разам з іншымі вёскамі раёна) стала адным з пунктаў маштабнай беларуска-літоўска-латышскай дыялекталагічнай экспедыцыі па даследаванні беларускіх гаворак у Літоўскай ССР, вынікі якой увайшлі ў пяцітомны «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча».
Паводле даследаванняў польскага славіста Міраслава Янковяка, мясцовая беларуская гаворка (якую жыхары называюць «простай мовай») на працягу апошніх дзесяцігоддзяў паступова саступае месца польскай, а таксама рускай і літоўскай мовам, захоўваючыся пераважна толькі сярод жыхароў старэйшага пакалення.
Галерэя
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Судэрвенская сянюнія Катэгорыя:Населеныя пункты Віленскага раёна Катэгорыя:Беларускія гаворкі ў Літве