Белару́скі дакументацы́йны цэнтр (БДЦ) — беларуская праваабарончая арганізацыя, зарэгістраваная ў Літве. Заснаваны 19 кастрычніка 2012 года па ініцыятыве беларускіх праваабаронцаў, адвакатаў і сваякоў палітычных зняволеных. Размяшчаецца ў Вільні па адрасе вуліца Юргіса Савіцкіса, 4-7 (J. Savickio g. 4-7).
Дзейнасць Арганізацыя займаецца даследаваннем рэпрэсій савецкіх часоў, дакументаваннем звестак пра парушэнні правоў чалавека ў сучаснай Беларусі, а таксама аказвае юрыдычную дапамогу сваякам ахвяр гвалтоўных знікненняў у Беларусі ў канцы 1990-х — пачатку 2000-х гадоў.
БДЦ працуе над стварэннем нацыянальнай сістэмы дакументавання злоўжыванняў у адносінах да саміх праваабаронцаў і членаў іх сем'яў, згодна з рэкамендацыямі Дэкларацыі ААН аб праваабаронцах. База даных цэнтра «Памятаем» дазваляе праводзіць даследаванні і атрымліваць статыстычныя даныя, якія датычацца парушэнняў правоў чалавека.
Вядомыя члены Сярод супрацоўнікаў арганізацыі — старшыня Раіса Міхайлоўская, Таццяна Агеева, гісторык-архівіст Дзмітрый Дрозд, Людміла Кучура і іншыя.
Крыніцы
Катэгорыя:Праваабарончыя арганізацыі Беларусі Катэгорыя:Недзяржаўныя арганізацыі Беларусі Катэгорыя:2012 год у Беларусі Катэгорыя:Праваабарончыя арганізацыі Літвы Катэгорыя:Недзяржаўныя арганізацыі Літвы Катэгорыя:2012 год у Літве Катэгорыя:Арганізацыі Вільні