Белару́скі мо́ладзевы хаб (БМХ) — пляцоўка для беларускіх грамадскіх арганізацый, ініцыятыў і актывістаў у Варшаве, якая дзейнічае як каворкінг, адукацыйны і культурніцкі цэнтр. Заснаваны ў 2021 годзе.
Гісторыя Хаб узнік у 2021 годзе як супольны праект фонда «Linking Media» і асацыяцыі «Беларускі Моладзевы Хаб» на чале з Алесем Лапко. Арганізацыя размясцілася ў цэнтры Варшавы па адрасе плошча Канстытуцыі, 6, у памяшканні, якое было дадзена гарадскімі ўладамі на конкурснай аснове. Прастора стала важным цэнтрам для беларускай дыяспары: штомесяц тут праводзілася да 80 мерапрыемстваў з удзелам палітыкаў, пісьменнікаў, мастакоў і музыкаў.
Канфлікт і пераезд У ліпені 2023 года адбыўся канфлікт, у выніку якога кіраўніцтва юрыдычнай асобы, што арандавала памяшканне, змянілася. Новым кіраўніком стаў Сяргей Бульба, які 2 жніўня 2023 года фізічна заняў памяшканне на плошчы Канстытуцыі. Каманда Алеся Лапко назвала гэта «рэйдарскім захопам».
Пасля гэтых падзей каманда Лапко была вымушана шукаць новае месца. У кастрычніку 2023 года Беларускі моладзевы хаб аднавіў працу ў новым будынку па адрасе вуліца Дажынкава, 6а. Са жніўня 2023 года арганізацыя дзейнічае як фонд «Belarusian Youth Hub Foundation».
Прастора на плошчы Канстытуцыі, 6 пад кіраўніцтвам Сяргея Бульбы была перайменавана ў «Робім разам». У кастрычніку 2024 года дагавор арэнды гэтага памяшкання скончыўся, і ў жніўні 2025 года пасля візіту судовага выканаўцы і паліцыі арганізацыя была выселена.
Дзейнасць і праекты Хаб працягвае функцыянаваць як каворкінг для беларускіх актывістаў і журналістаў, а таксама як пляцоўка для шматлікіх ініцыятыў і мерапрыемстваў.
Асноўныя праекты: Каворкінг — бясплатная працоўная прастора для беларускіх актывістаў і журналістаў. Беларуская музычная школа — прастора для музычнага развіцця беларускіх дзяцей у Варшаве. Праводзяцца заняткі па фартэпіяна, вакале, скрыпцы, флейце, гітары і іншых інструментах. Беларуска-польская Школа Актыўнага Грамадзяніна — 4-месячная адукацыйная праграма для беларускіх актывістаў па распрацоўцы і вядзенні ўласных грамадзянскіх кампаній. Вольная Мова — платформа для арганізацыі беларускамоўных гутарак, мэта якой — дапамагчы рускамоўным беларусам перайсці на беларускую мову. «Напішы ліст палітвязню» — ініцыятыва, у межах якой валанцёры штотыдзень збіраюцца, каб пісаць лісты палітычным зняволеным у Беларусі.
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Арганізацыі беларусаў Польшчы Катэгорыя:Арганізацыі, заснаваныя ў 2021 годзе Катэгорыя:Недзяржаўныя арганізацыі Польшчы Катэгорыя:Арганізацыі Варшавы