Зверагаспадарка ў Людвінове (з 1940 — «Сэрвач», з 1945 — зверасаўгас «Беларускі», цяпер у складзе РСУП «Першы Беларускі») — гістарычнае прадпрыемства па развядзенні пушных звяроў у Людвінове Вілейскага раёна Мінскай вобласці.
Заснаванне і міжваенны час (1928—1939)
У 1928 годзе інжынер-аграном Баляслаў Брудзынскі, вывучыўшы еўрапейскі досвед і адпаведную нямецкую і французскую літаратуру, прапанаваў развядзенне пушных звяроў у мясцовых умовах. Імпульсам да гэтага быў артыкул пра серабрыстых лісіц у газеце «Kurjer Wileński», праект распрацоўваўся ў кантакце з экспертам Маўрыцыем Трыбульскім. Вінцэнт Козел-Паклеўскі вылучыў зямлю пад ферму ў сваім маёнтку і інвеставаў у будаўніцтва, якое абышлося ў значную суму, бо ўладальнік прынцыпова вырашыў выкарыстоўваць толькі матэрыял першага гатунку. У 1930 годзе кіраўніком фермы быў прызначаны Мар’ян Александровіч — спецыяліст-зверавод з досведам працы ў замежных гаспадарках.
Маёнтак быў часткай вялікага спадчыннага ўладання Вялікая Сэрвач, якое Юлія Козел-Паклеўская падзяліла паміж сынамі: старэйшы Юзаф атрымаў уласна Вялікую Сэрвач, Вінцэнт — фальварак Людвінова, а малодшы Тадэвуш — Кастыкі з вадзяным млыном.
У кастрычніку 1929 года ў Германіі куплены тры пары серабрыстых лісіц па цане 800 долараў за пару (каля 7200 злотых) і тры пары норак. Да 1930 года ў гаспадарцы таксама было 7 скунсаў, гадоўлю якіх Брудзынскі лічыў вельмі рэнтабельнай пабочнай галіной праз іх непераборлівасць у харчаванні.
На пачатак 1930-х гадоў тэрыторыя вальернай гаспадаркі займала каля 1 га. Да 1932 года было пабудавана каля 300 драцяных клетак-вальераў на падлозе, кожная мела заслону (мат) ад сонца і адмысловую драўляную хатку-скрыню для абароны ад непагадзі, на кожнай клетцы была шыльда не толькі з нумарам, але і з імем гадаванца. Кошт адной такой клеткі-вальера перавышаў 100 злотых.
У комплексе будынкаў былі гадавальны дом (dom hodowlany), дом ветэрынара з назіральнай вежай, якая дазваляла аглядаць усю ферму, і зверакухня. На ферме гадавалі серабрыстых лісіц, норак і скунсаў. За здароўем звяроў сачыў запрошаны з Германіі ветэрынар — доктар Шміт, які акрамя штодзённага нагляду праводзіў хірургічныя аперацыі, напрыклад, зашываў раны ад укусаў.
Рацыён звяроў складаўся з так званай «мяшанкі» (mіszkulancja) — сумесі сечанага мяса, пражанага вотруб’я і смажаных вантробаў. Толькі на зверакухні па гатаванні корму працавала 8 рабочых. Для харчавання 650 лісіц штодня забівалі тры каровы. Кармленне было строга арганізавана: порцыі падаваліся на ацынкаваных талерках, якія разносілі на падносах, увесь працэс раздачы ежы займаў не больш за 10 хвілін. Пры гэтым маладыя лісы атрымлівалі трохі мяса на костках для ўмацавання здароўя. На ферме ўжывалі гуманны забой звяроў — ін’екцыя хлараформу ў сэрца, які праводзілі перад Калядамі.
Да 1938 года таксама была створана ўнікальная сістэма «выгулаў» (wybiegi) ва ўмовах блізкіх да прыродных для дарослых (племянных) ліс, што забяспечвала ім лепшае развіццё і дазваляла вырастаць на 8 см даўжэйшымі, чым у іншых гаспадарках. Для «выгулаў» выбралі ўчастак лесу плошчай каля 1 га, акружылі яго падвойнай агароджай з драцяной сеткі, укапанай на 60 см углыб, каб прадухіліць падкопы. Паміж дзвюма лініямі плота пакінулі калідор, што дазваляла лёгка назіраць за звярамі. Народжаныя ў няволі звяры заставаліся дзікімі і хаваліся ад людзей у зарасніках, пры патрэбе іх даводзілася лавіць сачкамі.
Такім чынам, лісіц на футра гадавалі ў клетках-вальерах, што прадухіляла пашкоджанне футра, як фізічнае, так і ад сонечнага святла, а таксама спрашчала ўсе працэсы. На «выгулах» трымалі каштоўны генафонд фермы. Таксама на «выгулах» гадавалі племянных лісіц (lisy zarodowe) на продаж, яны цаніліся значна вышэй за футра — племянная пара лісіц першага гатунку каштавала каля 800 долараў (прыкладна 7200 злотых), тым часам як цана аднаго сырога футра на аўкцыёнах у Лондане была ў сярэднім 100 долараў. Пры продажы племянных звяроў Людвінова давала ўнікальную гарантыю: калі звер гінуў або не даваў прыплоду, гаспадарка бясплатна замяняла яго або вяртала грошы. Таксама дзейнічаў пансіён (pensjon), прыём на ўтрыманне і догляд пары звяроў ад іншых асоб, за 50 злотых у месяц. Такія цэны і дадатковыя паслугі рабілі інвестыцыі ў стварэнне прыродных умоў утрымання эканамічна апраўданымі.
Да 1938 года гаспадарка ў Людвінове стала буйнейшай зверафермай у Польшчы, на яе прыпадала 50 % агульнанацыянальнай вытворчасці футра. Да ліпеня 1938 года Вінцэнт Козел-Паклеўскі з братам Юзафам заклалі яшчэ адну звераферму — «Сэрвач», за 1 км ад асноўнай у Людвінове. Па колькасці звяроў Людвінова перасягалі толькі некаторыя гаспадаркі Германіі, аднак якасць футра з Людвінова лічылася лепшай.
У сакавіку 1939 года ў Людвінове налічвалася каля 120 асобін, а ў «Сэрвачы» — каля 60 асобін. На футра быў вялікі попыт на аўкцыёнах у Вільні. У прэсе гаспадарку называлі «Львамі гадоўлі Вілейскага павета».
З пачаткам Другой сусветнай вайны ў 1939 годзе, Вінцэнт Козел-Паклеўскі мабілізаваны. Трапіў у савецкі палон, з 16 лістапада 1939 да 14 студзеня 1940 года быў вязнем лагера ў Казельску. Забіты 20—22 красавіка 1940 года органамі НКУС у Катынскім лесе.
Другая сусветная вайна (1939—1944) Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у 1940 годзе маёнтак нацыяналізавалі і ператварылі ў зверасаўгас «Сэрвач».
У чэрвені 1941 года сем’і спецыялістаў экстранна эвакуіраваны, а першы савецкі дырэктар — Іван Цімчук, пакінуў гаспадарку пры набліжэнні немцаўИз воспоминаний Тимчука И. М. // Живая память поколений — ГУО «Людвиновская средняя школа» Вилейского района (дата доступа 2026-01-11).. Перад гэтым былі адчынены клеткі і лісіцы разбегліся. Гэта спарадзіла «ваеннае пакаленне» лісіц — звыклыя да людзей яны прыходзілі ў вёскі, а іх нашчадкаў з характэрнай чорнай паласой на спіне паляўнічыя сустракаюць і сёння.
Акупацыйныя ўлады перадалі маёнтак обер-лейтэнанту фон Графу як узнагароду за баявыя заслугі, ён часткова аднавіў невялікую звераферму.
27 красавіка 1942 года партызанскі атрад пад камандаваннем Івана Цімчука правёў аперацыю ў Людвінове. Маёнтак і пабудовы фермы былі знішчаны, акупацыйны ўладальнік фон Граф забіты, а звяры зноў выпушчаны з клетак.
Таксама ў 1942 годзе ў Вілейскай турме немцы расстралялі малодшага брата Вінцэнта — Тадэвуша, удзельніка канспірацыі Арміі Краёвай.
Савецкі перыяд (1944—1987) У ліпені 1944 года, адразу па вызваленні раёна, пачалося аднаўленне гаспадаркі, якая з 1945 года назвалася зверасаўгас «Беларускі». Першым заатэхнікам у 1945 годзе стаў Віктар Вішнеўскі, а з 1947 года пачалося масавае развядзенне норак.
У 1960-я гады агульная колькасць звяроў магла дасягаць 60 тысяч, гаспадарка лічылася другой паводле велічыні ў СССР. У 1966 годзе ў гаспадарцы было 18 тысяч норак, 650 лісіц і 500 пясцоў, звяры з’ядалі больш за 18 тон мяса за дзень, такім чынам, тушу сіняга кіта вагой каля 120 тон маглі з’есці за тыдзень.
Да пачатку 1980-х гадоў саўгас стаў прадпрыемствам саюзнага значэння. На фермах трымалі больш за 100 тысяч норак, 4 тысячы пясцоў і 1 тысячу лісіц.
Высокая якасць футра, якое перамагала на міжнародных аўкцыёнах у Ленінградзе, забяспечвалася адмысловым рацыёнам. Жывёл кармілі кітовым мясам, якое прывозілі вагонамі з Адэсы, рыбай з Мурманска і Калінінграда, мясам маржоў і цюленяў з паўночных мораў. Самым лепшым рацыёнам, аднак, лічыліся ялавічына і каніна.
Штогадовы даход гаспадаркі перавышаў 300 000 рублёў, а рэнтабельнасць зверагадоўчай галіны агулам у гэты перыяд дасягала 50—200 %.
21 сакавіка 1986 года саўгас падпарадкавалі Вілейскаму раённаму аграпрамысловаму аб’яданню. У 1988 годзе з саўгасам «Беларускі» аб’ядналі калгас імя Калініна, які меў значныя вытворчыя, фінансавыя і сацыяльныя праблемы (у тым ліку чаргу на жытло каля 80 чалавек), да гаспадаркі дадаліся жывёлагадоўля і раслінаводства ўжо не толькі як дапаможныя да зверагадоўлі. Такім чынам, саўгас стаў буйнейшай гаспадаркай у раёне з колькасцю працаўнікоў болей за 1000 чалавек.
Час дырэктарства Генадзя Міргалоўскага (1988—1996)
У 1988 годзе, праз тры месяцы па далучэнні калгаса імя Калініна, дырэктарам прызначылі Генадзя Міргалоўскага. Гэты перыяд характарызуецца маштабным інфраструктурным развіццём пасёлка Людвінова:
за сродкі гаспадаркі ўзведзена каля 150 кватэр, такім чынам ліквідавана чарга на жытло, таксама прыняты перасяленцы з Чарнобыльскай зоны і краін Балтыі. за сродкі гаспадаркі ў Людвінове пабудавалі сучасны Дом культуры (адкрыты ў 1993 годзе), краму, заасфальтавалі вуліцы. Пры гаспадарцы быў звярынец, дзе ў розныя часы трымалі ваўкоў, мядзведзяў, зуброў і нават тыгра, спісанага з цырка і выхаджанага людвіноўскімі даглядчыкі. Таксама былі фантаны.
Сучасны стан (з канца 1990-х) У другой палове 1990-х гадоў галіна сутыкнулася з рэзкім падаражэннем кармоў і стратай дзяржаўнай падтрымкі пасля распаду СССР. Зверагадоўля ў Людвінове пачала скарачацца, не вытрымаўшы новых рынкавых умоў.
У 2020 годзе зверагадоўчую ферму яшчэ згадваюць як дзейную ў складзе РСУП «Першы Беларускі»Павловская И. А. Развитие пушного звероводства в Республике Беларусь // Актуальные проблемы интенсивного развития животноводства : материалы XXIII Международной студенческой научной конференции / редкол.: А. І. Портной (гл. ред.) [и др.]. — Горки : БГСХА, 2020. — 314 с. — ISBN 978-985-7231-28-7. — С. 158., але дамінуе ў гаспадарцы іншая галіна вытворчасці.
Памяць пра вялікае зверагадоўчае мінулае Людвінова захоўваецца ў экспазіцыях Вілейскага краязнаўчага музея. Ад былога маёнтка захаваліся толькі некалькі цагляных будынкаў, падмуркі сядзібы і парк, дзе дагэтуль растуць елкі вышынёй 13-15 метраў, высаджаныя пры Вінцэнце Козел-Паклеўскім шчыльнымі радамі з адлегласцю 0,4 м адна ад другой. У Людвінове ўсталяваны памятны знак першаму савецкаму дырэктару зверасаўгаса «Сэрвач» — Герою Савецкага Саюза Івану Цімчуку.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Гісторыя Вілейскага раёна