Вольга Аполька (; псеўданім Голя з Ополя) — беларуская грамадская і культурная актывістка, пісьменніца.

Біяграфія Нарадзілася і да 17 гадоў жыла ў Опалі, потым пераехала на вучобу ў Мінск. Скончыла Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт.

Была грамадскай і культурнай актывісткай, восем гадоў працавала ў моладзевых арганізацыях. У 2015 годзе была выканаўчай дырэктаркай моладзевага адукацыйнага цэнтра «Фіяльта». Апроч гэтага, Аполька была генеральнай сакратаркай беларускага нацыянальнага моладзевага савета «РАДА» і стратэгічнай дырэктаркай галерэі «Ў».

Выйшла замуж за новазеландца і ў 2022 годзе пераехала з мужам на сталае жыхарства ў Новую Зеландыю. Пачала рабіць кар’еру ў сферы IT і станам на 2024 год працуе ў гэтай галіне. У Новай Зеландыі актыўна папулярызуе палескую культуру і называе сябе «амбасадаркай Палесся».

Творчасць Вядзе папулярны інстаграм-блог «Голя з Ополя», які стаў грунтам яе дэбютнай кнігі «Мое баба — Діректор морга».

Кніга «Мое баба — Діректор морга» напісана на опальскай гаворцы (мікрамове роднай вёскі аўтаркі), з паралельным перакладам на англійскую, у форме дыялогаў і прысвечана бабулі Вольгі — бабе Мані, якую ў вёсцы называлі «дырэктарам морга» за веданне пахавальных абрадаў і традыцый. Праз гісторыю жыцця сваёй бабулі аўтарка апісвае побыт палешукоў, іх стаўленне да працы, палітыкі і смерці, імкнецца захаваць жывую мову. Дызайнер кнігі Ігар Юхневіч.

Ідэя кнігі ўзнікла з настальгіі і пошуку ўласнай ідэнтычнасці пасля эміграцыі. Кніга атрымала шырокую падтрымку праз краўдфандынг, што сведчыць пра вялікую цікавасць да тэмы дэкаланізацыі і захавання рэгіянальных гаворак.

Прызнанне Кніга «Мое баба — Діректор морга» трапіла ў лонг-ліст прэміі імя Ежы Гедройця за 2024 год.

Крыніцы

Катэгорыя:Беларусы ў Новай Зеландыі