Луніне́цкая міні-ЦЭЦ — цеплаэлектрацэнтраль у горадзе Лунінец Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад філіяла «Пінскія цеплавыя сеткі» РУП «Брэстэнерга». Уведзена ў эксплуатацыю ў снежні 2015 года.

Гісторыя Будаўніцтва міні-ЦЭЦ пачалося ў 2012 годзе ў рамках Дзяржаўнай праграмы будаўніцтва энергакрыніц на мясцовых відах паліва на 2010—2015 гады. Аб'ект узводзіўся з нулявога цыклу на месцы былога бярозавага гаю. Архітэктурны праект быў распрацаваны РУП «БелНДПІэнергапрам».

Да канца 2015 года былі завершаны будаўніча-мантажныя і пусканаладачныя работы, і ў снежні станцыя была запушчана. Акт уводу ў эксплуатацыю датаваны 2016 годам паводле звестак РУП «Белэнергабуд».

Тэхнічныя характарыстыкі Станцыя ўяўляе сабой поўнасцю аўтаматызаваны аб'ект. Устаноўленая электрычная магутнасць складае 4,7 МВт, цеплавая — 62,4 Гкал/г.

Асноўнае абсталяванне: Два паравыя катлы на мясцовых відах паліва вытворчасці Белаазёрскага энергамеханічнага завода: Е-20-3,9-440 (прадукцыйнасць 20 т/г пара); Е-10-3,9-440 (прадукцыйнасць 10 т/г пара). Паравая турбіна Siemens SST-110 з проціціскам і адборам тыпу ПР 4,7-3,4/0,49/0,06 магутнасцю 4,7 МВт. Электрагенератар Siemens DIG 150m/4W магутнасцю 5700 кВ·А.

Міні-ЦЭЦ уключана паслядоўна ў схему цеплазабеспячэння горада разам з гарадской кацельняй, якая знаходзіцца прыкладна за кіламетр ад яе і можа выкарыстоўвацца ў якасці рэзервовай крыніцы.

Паліва і эканамічны эфект У якасці паліва выкарыстоўваюцца мясцовыя віды паліва: драўняная шчэпка (каля 60 %) і фрэзерны торф (каля 40 %).

Планавая гадавая выпрацоўка электраэнергіі складае 26,47 млн кВт·г, водпуск цяпла — 103,5 тыс. Гкал. Увод станцыі дазваляе замясціць значную частку прыроднага газу і зэканоміць каля 14 тыс. тон умоўнага паліва ў год.

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Цеплавыя электрастанцыі Беларусі Катэгорыя:Эканоміка Лунінца Катэгорыя:2015 год у Беларусі Катэгорыя:Брэстэнерга

Катэгорыя:Цеплавыя электрастанцыі Беларусі Катэгорыя:Энергетыка Брэсцкай вобласці Катэгорыя:Лунінец