Віка Біран () — беларуская публіцыстка і ЛГБТК-актывістка.
Біяграфія Нарадзілася і да 17 гадоў жыла ў Пінску. Паступіла на факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Дадаткова навучалася ў Беларускім Калегіуме. Таксама вывучала сучаснае грамадства, этыку і палітыку ў Еўрапейскім каледжы Liberal Arts у Беларусі (ECLAB).
У 2010—2016 гады супрацоўнічала з Свабодным тэатрам як актрыса і менеджарка. Пазней працавала менеджаркай праекта Unit пры журналісцкай арганізацыі у Берліне. Фрыланс-пісьменніца і піша калонкі для медыярэсурса Белсат.
Да 20 гадоў лічыла сябе гетэрасэксуальнай асобай. Пазней усвядоміла гомасексуальнасць. У адным з інтэрв’ю адзначыла, што ў калектыве Свабоднага тэатра магла адкрыта казаць пра сваю арыентацыю.
У 2014 годзе была сузаснавальніцай праекта MAKEOUT, прысвечанага жыццю ЛГБТК-людзей у Беларусі, платформа існавала да 2021 года.
У маі 2018 года правяла серыю адзіночных пікетаў каля будынкаў Міністэрства ўнутраных спраў, КДБ і Дома ўрада ў Мінску. Акцыя пад назвай «Самі вы падробка» была адказам на гамафобную заяву МУС Беларусі. Кожны пікет цягнуўся некалькі секунд патрэбных для фотаздымка. За гэтыя дзеянні актывістку двойчы аштрафавалі.
26 верасня 2020 года затрымана падчас жаночага маршу ў Мінску каля Камароўскага рынку. Асуджана да 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Тэрмін адбывала ў ізалятарах на Акрэсціна і ў Жодзіне.
З 2020 года жыве ў Германіі. Вучыцца на факультэце культурных даследаванняў ва ўніверсітэце Віядрына ў Франкфурце-на-Одэры. Свабодна ведае беларускую, англійскую, нямецкую і рускую мовы.
Як даследчыца займаецца вывучэннем мовы варожасці, сексізму і віктымблэймінгу да жанчын.
Творчасць Аўтарка аўтабіяграфічнага рамана «Я танцую». Аснова кнігі — турэмны дзённік, пачаты пад арыштам у 2020 годзе. Біран хавала нататкі ў шкарпэтках і бялізне, каб іх не забралі супрацоўнікі ізалятара. Раман напісаны беларускай мовай і апісвае досвед сутыкнення з сістэмамі кантролю ў розных краінах, палітычныя пратэсты і жыццё ЛГБТК-супольнасці . У 2021 годзе працавала над кнігай падчас мастацкай рэзідэнцыі ў Вене.
Таксама займалася рэдагаваннем вершаў іншых зняволеных. Стварае падкаст «Я спраўляюся», прысвечаны стратэгіям самазахавання.
Прызнанне Лаўрэатка прэміі імя Алеся Адамовіча ў 2024 годзе за кнігу «Я танцую» «за перапрацоўку асабістых і сацыяльна-палітычных траўм, за шматлікасць досведу і змяшчэнне Беларусі ў розныя кантэксты». Лаўрэатка прэміі імя Францішка Аляхновіча ў 2024 годзе за лепшы твор, напісаны ў зняволенні. Кніга «Я танцую» ў 2024 годзе трапіла ў доўгі спіс прэміі імя Ежы Гедройця.
Крыніцы
Катэгорыя:Публіцысты Беларусі Катэгорыя:Беларусы ў Германіі