Бабру́йскія гляцыядыслака́цыі — комплекс парушэнняў, выкліканых ледавіком, у заляганні дэвонскіх, мелавых, неагенавых і ніжнеантрапагенавых адкладаў у наваколлях Бабруйска. Прадстаўлены скібавымі (складкава-лускаватымі) парушэннямі і адорвенямі. Звязаны з дзейнасцю дняпроўскага і сожскага зледзяненняў.
Апісанне Бабруйскія гляцыядыслакацыі найбольш часта перакрыты флювіягляцыяльнымі або алювіяльнымі пяскамі, радзей выступаюць на паверхню, хоць у рэльефе і не выражаны. Скібавыя парушэнні прымеркаваны да дняпроўскага ледавіковага гарызонта і ўяўляюць сабой сістэму насунутых адна на адну лусак.
Склад і будова Самі лускі складзены з пясчана-гліністых адкладаў сярэдняга дэвону, глаўканітава-кварцавага пяску і мергельна-мелавых парод верхняга мелу, міжледавіковых пяскоў і глін, а таксама антрапагенавых ледавіковых утварэнняў. Магутнасць лусак дасягае 30—50 м, яны нахілены пад вуглом 25—35°. Шырыня дыслацыраваных зон складае 2—4 км, агульная магутнасць — 40—110 м. Выяўляецца выразная прыналежнасць гэтых парушэнняў да пахаваных ледавіковых лагчын.
Сярод адорвеняў пераважаюць буйныя і гіганцкія тыпы. Звычайна яны развіты цэлымі сямействамі, уключаны ў дняпроўскую або сожскую марэну. Складзены з дэвонскіх глін, верхнемелавога мелу, неагенавых пясчана-гліністых парод. Іх магутнасць вагаецца ад некалькіх да 10—12 м, яны нахілены на поўдзень або ляжаць гарызантальна. З Бабруйскімі гляцыядыслакацыямі звязаны радовішчы глін.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Геалогія Бабруйскага раёна