Аперацыя «Стрымліванне» () — буйнамаштабная аперацыя праваахоўных органаў, распачатая 28 кастрычніка 2025 года ўрадам бразільскага штата Рыа-дэ-Жанейра супраць злачыннай групоўкі «Чырвоная каманда». У аперацыі прынялі ўдзел каля 2500 паліцэйскіх у 26 населеных пунктах Паўночнай зоны Рыа-дэ-Жанейра, галоўным чынам у раёнах Пенья і Алеман. Па даных паліцыі, было канфіскавана 93 вінтоўкі, забіты 121 чалавек і выраблена 113 арыштаў. Аперацыя стала самай смяротнай у гісторыі Бразіліі, перавысіўшы колькасць ахвяр бунту зняволеных у турме Карандыру ў 1992 годзе (тады загінула 111 чалавек).
Перадгісторыя Па дадзеных спецыялістаў аналітычнага цэнтра InSight Crime, «Чырвоная камандая» — найстарэйшая злачынная арганізацыя, якая дзейнічае ў цяперашні час у краіне. Яна была створана ў 1969 годзе васьмю вязнямі турмы Кандыду-Мендзіс. У наступныя дзесяцігоддзі групоўка пашырылася і набыла сваіх прадстаўнікоў у розных штатах Бразіліі. Фавелы Алеман і Пенья сталі стратэгічнымі раёнамі для членаў банды.
У 2024—2025 гадах банда значна актывізавалася ў раёне Рыа.
Паліцыя штата часта праводзіла буйнамаштабныя аперацыі супраць злачынных арганізацый — у асноўным у фавелах — напярэдадні буйных мерапрыемстваў у горадзе, такіх як летнія Алімпійскія Гульні 2016 года і саміты G20 у 2024 годзе і БРІКС у 2025 годзе. Напярэдадні аперацыі «Стрымліванне» рыхтаваліся мерапрыемствы, звязаныя з C40 Cities Climate Leadership Group (C40 і прэмія Earthshot Prize).
Ход падзей Пасля двух месяцаў падрыхтоўкі, раніцай 28 кастрычніка ў фавелы накіраваліся сілавікі з мэтай выканання каля 100 ордэраў на арышт (у ходзе аперацыі было выдадзена яшчэ 250 ордэраў). Паліцэйскія групы сутыкнуліся з моцным супрацівам з боку бандытаў, якія хутка ўзвялі загароды і барыкады, некаторыя з якіх былі падпаленыя. Злачынцы таксама выкарыстоўвалі беспілотнікі і бомбы. У аперацыі былі задзейнічаныя два верталёты, 12 падрыўных машын са складу батальёна спецыяльных паліцэйскіх аперацый ваеннай паліцыі штата Рыа-дэ-Жанейра (BOPE), 32 браняваныя аўтамабілі нацыянальных сіл грамадскай бяспекі, некалькі машын хуткай дапамогі.
Акрамя таго, Грамадзянская паліцыя штата мабілізавала ўсе свае спецыялізаваныя паліцэйскія падраздзяленні. Улады заключылі ў турму 113 чалавек, у тым ліку 33 злачынцы з іншых дзяржаў, і канфіскавалі прыкладна тону наркотыкаў і 93 вінтоўкі, уключаючы зброю з Венесуэлы, Аргенціны, Перу і самой Бразіліі.
Паводле сілавікоў, загінуў 121 чалавек, аднак грамадскія актывісты паведамілі аб 132 загінулых, у тым ліку аб чатырох супрацоўніках паліцыі (двух агентах BOPE і двух грамадзянскіх паліцэйскіх), пры гэтым не паведамлялася аб колькасці параненых.
На наступную раніцу мясцовыя жыхары выявілі па меншай меры 70 целаў у зарасніках кустоўя недалёка ад фавэлы Пенья, а таксама адсечаную галаву 19-гадовага хлопца.
Сярод забітых сіламі бяспекі падчас аперацыі была мясцовая крымінальная фігура, вядомая пад псеўданімамі Пенелопа і «Муза злачыннасці». Па дадзеных паліцыі, яна з’яўлялася адным з галоўных байцоў «Чырвонай каманды» і была забітая стрэлам з вінтоўкі ў твар. Наркагандлярка карысталася даверам мясцовых босаў. Падчас сутыкнення на ёй было камуфляжнае адзенне і камізэлька з аддзяленнямі для магазінаў да вінтоўкі. Яе цела было знойдзена каля аднаго з галоўных уваходаў у фавелу. Па даных журналістаў, Пенелопа аказала супраціў паліцыянтам і адкрыла па іх стральбу, пасля чаго была смяротна параненая агнём у адказ.
Эдгарду Алвесу дэ Андрадэ, вядомаму пад мянушкай «Дока», які з’яўляецца самым высокапастаўленым членам банды, удалося пазбегнуць затрымання. Па словах міністра грамадскай бяспекі Рыа-дэ-Жанейра Віктара Сантаса, верхавод выкарыстаў «салдат» наркагандляроў, каб стварыць жывы шчыт і збегчы з тэрыторыі правядзення аперацыі праз густы лес яшчэ да яе пачатку. Аднак сілавікі атрымалася затрымаць Т’яга да Насімента Мендэса, аднаго з рэгіянальных лідараў групоўкі, і яго памочніка Нікаласа Фернандэса Саарэса.
У адплату бандыты перакрылі некалькі дарог, уключаючы Авеніду Бразіл, жоўтую і чырвоную лініі метро, выкарыстоўваючы 71 скрадзены аўтобус, што вымусіла людзей вяртацца дадому пешшу. Была парушаная праца ўстаноў аховы здароўя, адукацыі і транспарту. Блакада таксама закранула суседнія муніцыпалітэты Сан-Гансалу і Нітэра
Рэакцыя Паводле апытання грамадскай думкі, праведзенага на наступны дзень, 87,6 % жыхароў фавел Рыа-дэ-Жанейра падтрымалі аперацыю.. Аднак праваабаронцы і міжнародныя арганізацыі, такія як ААН, асудзілі гвалт з боку дзяржавы і запатрабавалі расследавання сітуацыі
31 кастрычніка, праз тры дні пасля дзеянняў паліцыі, па вуліцах раёна Пенья прайшла дэманстрацыя з удзелам мясцовых жыхароў, актывістаў і палітыкаў. У той жа дзень аналагічныя акцыі пратэсту прайшлі ў іншых гарадах краіны.
Крыніцы
Катэгорыя:Падзеі 28 кастрычніка Катэгорыя:Кастрычнік 2025 года Катэгорыя:Канфлікты 2025 года