Аляксей Казбярук (; ) — польскі паэт беларускага паходжання, юрыст, афіцэр міліцыі і знахар.
Біяграфія Нарадзіўся ў Юшкавым Грудзе, афіцыйнай 29 ліпеня 1936 года, сам Казбярук сцвярджаў, што бацька запісаў яго нараджэнне 1935 годам, каб сын раней пайшоў у школу. Вучыўся ў Міхалоўскай школе, у 1952 годзе, вучнем дзявятага класа, напісаў ліст у тыднёвік «Nowa Wieś» са сваёй марай стаць авіяканструктарам і будаваць апараты для міжпланетных палётаў . У 1955 годзе скончыў агульнаадукацыйны ліцэй у Міхалове. У 1964 годзе атрымаў дыплом юрыдычнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта .
У 1955—1985 гадах служыў у органах грамадзянскай міліцыі, працаваў Беластоку, Шчытне і Варшаве. Выкладаў у вышэйшай міліцэйскай школе ў Шчытне. Выйшаў у адстаўку ў званні палкоўніка.
Па выхадзе на пенсію жыў у Лупках Пішскай гміны. У гэты перыяд стаў вядомы як народны лекар-знахар, займаўся фітатэрапіяй. Распрацаваў лек са 160 складнікаў, якім цікавілася прадпрыемства «Гербаполь». Акрамя фітатэрапіі, захапіўся геамантыяй, вывучаў вадацёкі і іх уплыў на дарожныя аварыі.
Памёр 6 ліпеня 2012 года ў Лупках.
Сям’я Бацька быў сярэднезямельным селянінам, у сям’і было пяцёра дзяцей, чацвёра атрымалі вышэйшую адукацыю. Адна з сясцёр працавала лекарам. На працягу жыцця Аляксей Казбярук захоўваў прыхільнасць да Тамары Саланевіч, з якой пазнаёміўся яшчэ ў ліцэйскія часы.
Грамадская дзейнасць У 1960-я гады быў актыўным удзельнікам Беластоцкага літаратурнага клуба. Таксама ў гэты час уваходзіў і ў склад Літаратурнага клуба пры ваяводскім праўленні Саюза сацыялістычнай моладзі (ZMS) у Ольштыне.
У красавіку 1968 года імя Казбярука было сярод тых, якія нібыта падпісаў рэзалюцыю ольштынскіх літаратараў, што салідарызаваліся з пазіцыяй Уладзіслава Гамулкі і асуджалі выступленні некаторых маскоўскіх пісьменнікаў. Даследчыкі адзначаюць, што дакумент падпісаны толькі сакратаром партыйнай арганізацыі, а пратаколаў сходу з асабістымі подпісамі запрошаных членаў літаратурнага клуба ZMS у архівах няма.
З 1969 года член Саюза польскіх пісьменнікаў, з 1989 года ўваходзіў у яго Беластоцкае аддзяленне .
Творчасць Дэбютаваў у 1964 годзе ў часопісе «Kamena» вершам «Powroty» . Агулам у «Kamena» ў 1964—1975 гадах надрукавана 23 яго творы. Таксама публікаваўся ў «Gazeta Białostocka» і іншых культурных перыядычных выданнях.
У паэзіі часта звяртаўся да прыроды і пейзажаў Падляшша, асабліва Юшкавага Груда. Крытыкі адзначалі ў яго творчасці спалучэнне пільнага назірання з дакладнай метафарай, а таксама настрой эмацыйнай трывогі або рэзігнацыі .
Асноўныя кнігі:
«Dzięcioły» (зборнік вершаў, 1965) «Ognie na śniegu» (зборнік вершаў, 1965) «Arka bezludna» (зборнік вершаў, 1968) «Daltonia» (паэтычная проза, 1973) «Harakiria» (паэтычная проза з біяграфічнымі матывамі, 1977)
Прызнанне Трэцяя цэнтральная прэмія ў паэтычным турніры моладзевых арганізацый і Польскага радыё да 20-годдзя ПНР (1964). Першае месца ў плебісцыце радыёслухачоў па выніках паэтычнага турніру (1964).
Крыніцы
Літаратура Olsztyńskie biografie literackie 1945—1988 / praca zbiorowa pod red. Jana Chłosty. — Olsztyn : Towarzystwo Naukowe im. Wojciecha Kętrzyńskiego, 1991.
Катэгорыя:Беларусы ў Польшчы