По́мнік Ві́нцасу Кудзі́рку () — помнік у цэнтры Вільні, прысвечаны літоўскаму паэту, празаіку, публіцысту, ідэолагу літоўскага нацыянальнага адраджэння і аўтару дзяржаўнага гімна Літвы Вінцасу Кудзірку. Узведзены ў 2009 годзе на плошчы Вінцаса Кудзіркі. Аўтарамі кампазіцыі з’яўляюцца скульптар Арунас Сакалаўскас і архітэктар Рычардас Крыштапавічус.
Гісторыя У савецкі час на месцы цяперашняй плошчы Вінцаса Кудзіркі размяшчаўся помнік савецкаму генералу Івану Чарняхоўскаму, які быў дэмантаваны ў 1993 годзе і перавезены ў Варонеж. У 2007 годзе плошча Самакіравання, на якой таксама знаходзіцца будынак Урада Літвы, была перайменавана ў гонар Вінцаса Кудзіркі.
6 ліпеня 2007 года быў урачыста закладзены краевугольны камень будучага манумента. У 2008 годзе, з нагоды 150-годдзя з дня нараджэння В. Кудзіркі, на плошчы была пабудавана стылізаваная званіца «Нацыянальнай песні». Аднак поўнае адкрыццё помніка было адкладзена з-за затрымак у працэсе вытворчасці самой скульптуры.
Урачыстае адкрыццё помніка адбылося 5 ліпеня 2009 года. У цырымоніі ўзяў удзел прэзідэнт Літвы Валдас Адамкус, які падчас сваёй прамовы адзначыў, што гімн, створаны Кудзіркам, з’яўляецца пуцяводнай зоркай для будучых пакаленняў, якая будзе асвятляць шлях не адну тысячу гадоў.
Апісанне Манументальная кампазіцыя складаецца з некалькіх элементаў. На пастаменце з чырвонага граніту дыяметрам 12 метраў узвышаецца стылізаваная званіца вышынёй амаль 13 метраў, увянчаная гістарычным сімвалам — Калюмнамі. Перад званіцай размешчана вылітая з бронзы скульптура Вінцаса Кудзіркі вышынёй 3,7 метра. На адной са шкляных панэлей званіцы выгравіраваны словы гімна Літвы («Нацыянальная песня»), якія ў цёмны час сутак падсвятляюцца знізу зялёным лазерам. Вакол часткі кампазіцыі прадугледжаны водны элемент у выглядзе ручая. На пастаменце змешчаны надпіс з імем дзеяча, а таксама імёны стваральнікаў манумента і назва дабрачыннага фонду ўвекавечання памяці В. Кудзіркі.
Здарэнні Увечары 26 лютага 2026 года помнік стаў аб’ектам вандалізму. Двое невядомых асоб аблілі скульптуру чырвонай фарбай і нанеслі надпіс на беларускай мове «Вільня наша». Па факце псавання маёмасці паліцыя пачала дасудовае расследаванне. Прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене звязала гэты інцыдэнт з дзейнасцю варожых сіл і наўмыснымі правакацыямі на фоне існуючай геапалітычнай напружанасці. Падобныя правакацыйныя надпісы з’яўляюцца ў Вільні рэгулярна і, імаверна, робяцца на спецыяльную замову з мэтай распальвання нянавісці мясцовых жыхароў да беларусаў.
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Помнікі пісьменнікам Катэгорыя:З’явіліся ў 2009 годзе Катэгорыя:Помнікі Вільні Катэгорыя:2009 год у Вільні Катэгорыя:Праспект Гедзіміна (Вільня)