Уся́жа — рака ў Мінскім і Смалявіцкім раёнах Мінскай вобласці Беларусі, правы прыток ракі Гайна (басейн Дняпра).

Даўжыня 45 км. Плошча вадазбору 473 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці даходзіць да 3,2 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні складае 1,1 м/км.

Асноўныя прытокі Злева: Дубро́ўка, Дзяражанка. Справа: Домелька.

На рацэ Вадасховішчы: Дубраўскае. Населеныя пункты: Астрашыцкі Гарадок, Аношкі, Рудня, Усяжа, Мглё, Прудзішча, Юр’ева і інш.

Агульныя звесткі Пачынаецца з вадасховішча Астрашыцкі Гарадок (Астрашыцкае) у Мінскім раёне (да 1978 года вытокам лічылася рака Вяснянка), вусце за 3 км на паўночны ўсход ад аграгарадка Юр’ева Смалявіцкага раёна. Цячэ ў вярхоўі па паўднёва-ўсходніх схілах Мінскага ўзвышша, у нізоўі па Верхнебярэзінскай нізіне.

Даліна ў высокай і сярэдняй плыні трапецападобная (шырыня 0,5—2 км), у нізкай невыразная. Абалона ў высокай і сярэдняй плыні высокая, лугавая, месцамі пад ворывам (шырыня 0,2—1 км), у нізкай амаль поўнасцю асушаная, тарфяністая (шырыня ад 1,5 км да 5 км).

Рэчышча ад вёскі Прылепы Смалявіцкага раёна на працягу 6,1 км дадолу па плыні каналізаванае, на астатнім працягу ўмерана звілістае; шырыня яго 4—7 м, у нізоўі (шырыня 10—25 м) меандруе. Берагі стромкія (вышыня 1,5—2 м), месцамі абрывістыя (вышыня 3—5 м). У сярэдняй і нізкай плыні рака прымае сцёк з меліярацыйных каналаў.

У басейне ракі возера Малое.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Прытокі Гайны Катэгорыя:Рэкі Мінскага раёна Катэгорыя:Рэкі Смалявіцкага раёна