Захо́дняя экспеды́цыя па асушэ́нні бало́т — экспедыцыя, якая працавала ў 1873—1898 гадах пад кіраўніцтвам І. І. Жылінскага па асушэнні балот Палесся.

Гісторыя і дзейнасць Экспедыцыя была створана для вывучэння прыродна-кліматычных умоў Палесся, правядзення вышукальных работ, праектавання асушальнай меліярацыі і арганізацыі гідрамеліярацыйнага будаўніцтва.

У ходзе сваёй дзейнасці экспедыцыя правяла комплексныя вышукальныя работы і распрацавала генеральны план асушэння палескіх балот. Гэты план быў высока ацэнены і ў 1878 годзе атрымаў залаты медаль на Сусветнай выстаўцы ў Парыжы. У 1874 годзе быў зацверджаны план асушэння балотнай тэрыторыі на плошчы каля 8,7 мільёнаў га.

За час працы экспедыцыі было асушана каля 500 тысяч га балот. Пераважна гэта былі казённыя землі, якія належалі памешчыкам і чыноўнікам, і толькі часткова — землі сялян. Было пракладзена больш за 4,6 тысяч кіламетраў каналаў як асушальнага, так і лесатранспартнага прызначэння.

На асушаных тарфяна-балотных глебах праводзіліся даследаванні эфектыўнасці вырошчвання шматгадовых траў, бульбы, агародніны і збожжавых культур.

Афіцыйна экспедыцыя была ліквідавана ў 1902 годзе.

Навуковыя назіранні У межах дзейнасці экспедыцыі былі арганізаваны першыя на Палессі метэаралагічныя станцыі ў Пінску і вёсцы Васілевічы (цяпер горад у Рэчыцкім раёне). Метэаралагічныя назіранні таксама праводзіліся ў вёсцы Дарашэвічы (Петрыкаўскі раён) і на доследнай ферме «Бабічы» (Рэчыцкі раён).

Для гідралагічных даследаванняў на прытоках ракі Прыпяці і на збудаваных каналах былі створаны 13 вадамерных пастоў.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Меліярацыя ў Беларусі Катэгорыя:Гісторыя Беларусі (1795—1918) Катэгорыя:Навука ў Расійскай імперыі Катэгорыя:Палессе Катэгорыя:З’явіліся ў 1873 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1902 годзе