Алякса́ндр Пятро́віч Э́нгельгарт (; — , Санкт-Пецярбург) — рускі ваенны дзеяч, вучоны-артылерыст. Ганаровы член Міхайлаўскай артылерыйскай акадэміі (1900). Генерал-лейтэнант (1891). Вынайшаў прыбор для бяспечнай разрадкі снарадаў.
Біяграфія Нарадзіўся 15 (27) красавіка 1836 года.
На службе знаходзіўся з 8 жніўня 1850 года. У 1855 годзе скончыў Міхайлаўскае артылерыйскае вучылішча, атрымаў чын прапаршчыка, затым — падпаручніка з перайменаваннем у прапаршчыкі гвардзейскай артылерыі. У 1860 годзе атрымаў чын падпаручніка гвардыі. Удзельнічаў у Крымскай вайне. У 1861 годзе атрымаў чын паручніка гвардыі.
Скончыў Міхайлаўскую артылерыйскую акадэмію і Мікалаеўскую акадэмію Генеральнага штаба па 1-м разрадзе.
З 5 верасня 1865 года з'яўляўся афіцэрам для асаблівых даручэнняў пры Галоўным артылерыйскім упраўленні. Увесну 1867 года атрымаў чын штабс-капітана гвардыі, а ўжо ў канцы лета — капітана гвардыі; з 30 жніўня 1870 года — палкоўнік. Застаючыся ў Галоўным артылерыйскім упраўленні, з 1879 года быў членам камісіі Галоўнага інтэнданцкага ўпраўлення; з 30 жніўня 1881 года — генерал-маёр.
У пачатку 1886 года атрымаў прызначэнне інспектарам артылерыйскіх прыёмкаў; з 30 жніўня 1891 года — генерал-лейтэнант. З 4 студзеня 1900 года — ганаровы член Міхайлаўскай артылерыйскай акадэміі і Артылерыйскага камітэта Галоўнага артылерыйскага ўпраўлення.
Памёр 5 (18) жніўня 1907 года ў Пецярбургу.
Сям'я Быў жанаты з Клаўдзіяй Карлаўнай Шэйдэман. Іх дзеці: Барыс (1877—1962) — старшыня ваеннай камісіі Часовага камітэта Дзяржаўнай думы; Георгій (нар. снежань 1886); Лізавета.
У мастацтве У 1889 годзе мастаком Баляславам Жаброўскім быў напісаны партрэт Аляксандра Энгельгарта. Першапачаткова ён захоўваўся ў сямейным маёнтку Пячорская Буда, а ў 1924 годзе праз музей у Мсціславе трапіў у зборы Беларускага дзяржаўнага музея ў Мінску. Падчас Вялікай Айчыннай вайны палатно было вывезена ў Германію, а пасля вяртання ў СССР з-за блытаніны памылкова трапіла ў маскоўскія фонды і цяпер захоўваецца ў Дзяржаўным музейна-выставачным цэнтры «РОСИЗО». Доўгі час карціна лічылася выявай «невядомага генерала», пакуль у 2013—2014 гадах расійскія даследчыкі не ідэнтыфікавалі на ёй асобу Энгельгарта і не ўстанавілі сапраўднае аўтарства.
Узнагароды Расійскія: Ордэн Святога Станіслава 3-й ступені (1866); ордэн Святога Станіслава 2-й ступені (1868; імператарская карона да ордэна — 1870); ордэн Святога Уладзіміра 4-й ступені (1872); ордэн Святой Ганны 2-й ступені (1874); ордэн Святога Уладзіміра 3-й ступені (1878); ордэн Святога Станіслава 1-й ступені (1881); ордэн Святой Ганны 1-й ступені (1889); ордэн Святога Уладзіміра 2-й ступені (1888); ордэн Белага арла (1894); ордэн Святога Аляксандра Неўскага (1905).
Замежныя: аўстрыйскі ордэн Франца Іосіфа, камандорскі крыж з зоркай (1873); французскі ордэн Ганаровага легіёна, камандорскі крыж (1879); знак ордэна Акадэмічных пальмаў (1884).
Крыніцы
Літаратура
Энгельгардт Александр Петрович // Список генералам по старшинству. Составлен по 1-е сентября 1905 года. — СПб.: Военная типография, 1905. — С. 166. Пономарёв В. П., Шабанов В. М. Кавалеры Императорского ордена Святого Александра Невского, 1725—1917: биобиблиографический словарь в трёх томах. Т. 2. — М., 2009. — С. 315—316. — ISBN 978-5-89577-145-7.
Катэгорыя:Генерал-лейтэнанты (Расійская імперыя) Катэгорыя:Выпускнікі Міхайлаўскага артылерыйскага вучылішча Катэгорыя:Выпускнікі Міхайлаўскай ваеннай артылерыйскай акадэміі Катэгорыя:Выпускнікі Мікалаеўскай ваеннай акадэміі Катэгорыя:Удзельнікі Крымскай вайны Аляксандр Катэгорыя:Артылерысты Расійскай імперыі Катэгорыя:Нарадзіліся 27 красавіка Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1836 годзе Катэгорыя:Памерлі 18 жніўня Катэгорыя:Памерлі ў 1907 годзе Катэгорыя:Памерлі ў Санкт-Пецярбургу