Абрад «Стрылка» — гэта ўнікальны элемент старажытнаславянскай культуры, які захоўваецца ў традыцыях беларускага народа. Ён сімвалізуе заканчэнне Вялікага посту, пачатак веснавых сельскагаспадарчых работ і радасныя народныя гулянні ў гонар Вялікадня. Гэты абрад прызнаны нематэрыяльнай культурнай каштоўнасцю Беларусі, што падкрэслівае яго значнасць у нацыянальнай спадчыне.

Структура абраду ўключае некалькі ключавых кампанентаў, якія ствараюць яго ўнікальную атмасферу. Цэнтральнае месца займае хрэсны ход — урачыстае шэсце з малітвамі і благаслаўленнем,Вялікдзень якое яднае ўдзельнікаў у адным духоўным парыве. Абрад таксама суправаджаецца народнымі забавамі і гульнямі, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне: перацягванне каната, арэлі, карагоды і кіданне стрэл. Неад’емнай часткай з’яўляюцца выступленні народных калектываў — яркія канцэртныя нумары ў выкананні фальклорных ансамбляў Драгічынскага раёна, якія ствараюць святочны настрой. Абрадавыя рытуалы знаёмяць са старадаўнімі традыцыямі і ўключаюць сімвалічныя дзеянні, накіраваныя на багаты ўраджай і дабрабыт. Завяршаецца свята пачастункамі, дзе ўдзельнікі маюць магчымасць паспрабаваць традыцыйныя велікодныя стравы, выпечку і напоі.

Апісанне Ваджэнне вясновага абрадавага карагода «Стрылка» адбываецца штогод у першы дзень Вялікадня пасля велікоднай вячэрняй службы ў царкве. Гэтая служба па-мясцоваму называецца «Нешпар» і доўжыцца 40—60 хвілін. Пасля яе жыхары вёсак Бездзежскага сельскага савета збіраюцца для ажыццяўлення абраду на вясковай плошчы (па-мясцоваму — «місці») перад царквой ля крыжа, які знаходзіцца на скрыжаванні пяці дарог. «Місто» з’яўляецца важным элементам культурнага ландшафту, звязанага з бытаваннем абраду. Традыцыйная планіроўка вуліц і мясцовая архітэктура выступаюць чыннікам захавання ва ўсіх складовых элементаў абраду. Перад пачаткам карагода святар акрапляе прысутных святой вадой. Для ўдзелу ў абрадзе мясцовыя жыхары старанна рыхтуюцца і апранаюцца ў мясцовы строй. Функцыю «завадатара» некалькі гадоў выконвае адзін і той жа чалавек — звычайна самая старэйшая і паважаная жанчына, якая знаходзіцца ў шлюбе, мае дзяцей і добра ведае, як завесці карагод. Яна ставіць «зырнятак» (маленькіх дзетак) у выглядзе трохкутніка. Дзеці ў сваіх групках стояць на адным месцы, а астатнія ўдзельнікі карагода злучаюць рукі і рухаюцца па сонцу, агінаючы «зырнятак» у выглядзе падковы. Падчас руху яны спяваюць карагодную песню ў спакойным, працяжным тэмпе. Абрад захоўвае выкананне рэдкага спеву карагоднай песні «Ты лыты, лыты стрылка». Пасля непасрэднага ваджэння карагода яго ўдзельнікі гуляюць у традыцыйныя гульні: «В бытушкы», «Чые яйцэ далый закотыца», «Кулікало», а таксама танчаць мясцовыя танцы «Карапэт», «Ночку», «Коханочку».

Абрад уяўляе сабой зварот да вышэйшых сіл з просьбай аб новым багатым ураджаі, засцярогу вяскоўцаў ад магчымых катаклізмаў і негатыўных звычак, каб не страціць «дзявоцкую, парабоцкую, жаноцкую, мужыцкую красу».

«Стрылка» з’яўляецца вельмі ўстойлівым элементам мясцовай культуры, які спрыяе выхаванню ў новых пакаленняў паважлівых адносін да звычаяў продкаў і захаванню сваёй культурнай адметнасці.

Захаванне і наданне статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці Дакладны час узнікнення абраду невядомы, але ў памяці носьбітаў традыцыі захаваліся веды аб тым, як ён праводзіўся раней. Абрад «Стрылка» выконваў сімвалічна-знакавую функцыю дазволу на забавы ўсёй вясковай супольнасці — спяваць пачыналі пасля вячэрняй службы на першы дзень Вялікадня. Практыка здзяйснення абраду не перапынялася з даўніх часоў, і мясцовая супольнасць лічыць яго вялікай каштоўнасцю, вартай захавання і перадачы.

Перадача абраду адбываецца некалькімі шляхамі: праз непасрэдны ўдзел у ім усёй вясковай супольнасці, праз школы народнай творчасці раёна і фальклорныя гурткі. Дзякуючы гэтаму традыцыя захоўвае жывучасць і перадаецца новым пакаленням.

22 студзеня 2014 года на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь было прынята рашэнне надаць абраду «Стрылка» статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

Крыніцы

Катэгорыя:Культура Драгічынскага раёна Катэгорыя:Беларускія абрады і звычаі