Сэрвіту́т або сервіту́т, у множным ліку сэрвіту́ты або сервіту́ты ( — «павіннасць, падначаленасць») — права карыстання зямлёй, якое забяспечвае іншаму землекарыстальніку магчымасць карыстання ёю з пэўнымі абмежаваннямі, устаноўленымі законам або дагаворам.
Таксама звычаёва ці законам устаноўленае права карыстацца (часткова або сумесна) чужой маёмасцю. Можа быць устаноўлена датычна зямельнага ўчастка, іншых прыродных рэсурсаў (зямельны сэрвітут) або іншай нерухомай маёмасці для задавальнення патрэб іншых асоб, якія не могуць быць задаволены іншым спосабам. Сэрвітут можа належаць уласніку (уладальніку) суседняга зямельнага ўчастка, а таксама іншай, канкрэтна вызначанай асобе (асабісты сэрвітут).
Інстытут сэрвітутаў склаўся ў рымскім праве з мэтай прававога рэгулявання супрацьлеглых інтарэсаў прыватных уласнікаў. У эпоху феадалізму сэрвітуты існавалі ў тых краінах, дзе дзейнічала рымскае права. У пазнейшым капіталістычным грамадстве інстытут сэрвітутаў быў захаваны і рэгламентаваны.
Сэрвітуты на Беларусі Найбольш пашыранымі былі зямельныя сэрвітуты (права праезду, прагону і выпасу жывёлы, рыбнай лоўлі на чужой тэрыторыі, карыстанне сенажацямі, ляснымі ўгоддзямі і інш.). Імкненне памешчыкаў зрабіць сэрвітуты крыніцай дадатковых даходаў была адной з прычын сялянскіх хваляванняў. У выніку сялянскай рэформы 1861 года ў Расійскай імперыі зямельныя сэрвітуты заставаліся ўласнасцю памешчыкаў. За сялянамі захавалася права карыстання гэтымі ўгоддзямі, але «Мясцовыя палажэнні» агаворвалі яго невыразна і недакладна. Ва ўстаўных граматах зямельныя сэрвітуты не называліся, што давала магчымасць памешчыкам пазбаўляць сялян права карыстання імі.
Па задушэнні паўстання 1863—1864 гадоў расійскія ўлады ўзяліся за пытанне сэрвітутаў, гэта быў адзін з метадаў рэпрэсій шляхты за ўдзел у паўстанні і падвышэнне лаяльнасці сялян. Віленскі генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў загадаў пры складанні выкупных актаў часова захаваць за сялянамі права карыстання пашавымі і ляснымі сэрвітутамі да адвядзення ім часткі такіх угоддзяў. Але сэрвітутныя правы сялян вызначаліся няпэўна, што давала магчымасць памешчыкам для злоўжывання. Да пачатку 1870-х гадоў сяляне атрымалі права за вызначаную плату карыстацца палівам з панскіх лясоў. У Заходняй і Цэнтральнай Беларусі ў 1860-я гады сэрвітутамі карысталіся 56 % сялянскіх двароў, надзеленых зямлёй, на пачатку XX стагоддзя — каля траціны былых панскіх сялян. Другая Устаўная грамата Беларускай Народнай Рэспублікай абвяшчала лясы, азёры і нутро зямлі ўласнасцю Беларускай Народнай Рэспублікі, што значыла прынамсі частковую ліквідацыю сэрвітутаў. У Савецкай Беларусі сэрвітуты былі ліквідаваны бальшавіцкай уладай, у Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы сэрвітуты захоўваліся да 1939 года.
У незалежнай Беларусі інстытут зямельных сэрвітутаў быў вернуты, яго статус вызначаецца ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб зямлі:
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Зямельнае права