Прыда́так — азначэнне, выражанае назоўнікам ці субстантываванай часцінай мовы ў той жа склонавай форме, што і азначаемае імі слова. Выражае прыкмету прадмета праз адносіны да другога прадмета (лес-гусляр, вочы-зоркі).
Класіфікацыя З паяснёным словам прыдатак можа звязвацца: непасрэдна: Дзвіна-рака; пры дапамозе паясняльных злучнікаў: Яны, беларусы-перасяленцы, ці самаходы, як іх называлі, абжывалі тайгу… (Я. Сіпакоў); пры дапамозе злучнікавых слоў: Антон, па-вясковаму Тонік, павольна ішоў палявой сцежкай праз жыта, накінуўшы на плячо рэмень эцюдніка (А. Варановіч).
Паводле структуры прыдаткі бываюць: адзіночныя (простыя) — выражаны адным словам: Пералівам флейты-крыніцы / Альшанік пяе без устанку (П. Пестрак); развітыя (складаныя) — выражаны словазлучэннем: Падняліся яшчэ на адзін пагорак, і перад намі Кушляны — радзіма Францішка Багушэвіча (С. Александровіч).
Прыдаткі могуць абазначаць: прафесію, род заняткаў: дойлід Іаан; нацыянальнасць, сацыяльную прыналежнасць: настаўнік-беларус, пані Глафіра; відавую прыкмету пры яе родавай назве: грыб-баравік; уласныя назвы: часопіс «Полымя»; сваяцкія адносіны, узрост, пол і інш.: брат Алесь, бабка Марыя.
Крыніцы
Катэгорыя:Члены сказа