Раберта Уільямс (; нар. ) — амерыканская гейм-дызайнерка і пісьменніца. Cтваральніца першай прыгодніцкай відэагульні з графікай, Mystery House («Загадкавы дом», 1980). Таксама вядомая праз прыгодніцкія гульні серыі King's Quest і хорар-гульню Phantasmagoria. Лічыцца адной з найбольш уплывовых фігур у гісторыі камп’ютарных гульняў.

Біяграфія Нарадзілася ў 1953 г. у Лос-Анджэлесе, імя пры нараджэнні — Раберта Лін Хоер (Roberta Lynn Heuer). У дзяцінстве часта прыдумляла і распавядала фантастычныя гісторыі сваім бацькам, малодшаму брату і сябрам.

У 1970 г. пазнаёмілася з Кенам Уільямсам, калі абодва вучыліся ў старэйшай школе. У 1972 г. Раберта і Кен ажаніліся, у 1973 г. у іх нарадзілася першае дзіця. У 1979 г. Кен, які працаваў праграмістам, набыў для сям’і першы дамашні камп’ютар, Apple II. Праз яго Раберта пазнаёмілася з тэкставай прыгодніцкай гульнёй Colossal Cave Adventure («Прыгоды ў Каласальнай пячоры»), дзякуючы якой яна зацікавілася камп’ютарнымі гульнямі.

Кар’ера

У 1979 г., натхніўшыся тэкставай гульнёй Colossal Cave Adventure, Раберта вырашыла стварыць уласную прыгодніцкую гульню і пераканала мужа Кена прыняць удзел у працэсе распрацоўкі. У тым жа годзе Уільямсы заснавалі студыю відэагульняў Sierra On-Line (пазней Sierra Entertainment). Першым праектам студыі стала прыгодніцкая гульня Mystery House («Загадкавы дом»), для якой Раберта стварыла сцэнар, правілы і графіку, а Кен напісаў праграмны код. Акрамя вышэйназванай Colossal Cave Adventure, гульня была натхнёная творчасцю Агаты Крысці і настольнай гульнёй Clue (Cluedo). У адрозненне ад папярэдніх прыгодніцкіх гульняў, якія складаліся выключна з тэкставых апісанняў падзей, у Mystery House упершыню выкарыстовывался графіка. Mystery House выйшаў у 1980 г. і моцна паўплываў на далейшае фармаванне жанру.

На працягу 80-х і ў першай палове 90-х гадоў Sierra On-Line вырасла ў маштабах і стала вядомай праз свае паспяховыя серыі прыгодніцкіх відэагульняў: King's Quest, Space Quest, Leisure Suit Larry, Quest for Glory і іншыя. У прыватнасці, Уільямс працавала над гульнямі ў серыі King's Quest, а таксама іншымі праектамі: The Dark Crystal (1983), The Colonel's Bequest (1989), Phantasmagoria (1995) і іншымі.

У 1999 Раберта Уільямс, якая на той момант была дызайнеркай больш за 20 гульняў, абвясціла аб сканчэнні сваёй кар’еры ў індустрыі гульняў. Але ў 2023 г. разам з Кенам яна выпусціла рымейк класічнай тэкставай прыгодніцкай гульні Colossal Cave Adventure, у акім дадаецца 3D-графіка і магчымасць гуляць у віртуальнай рэальнасці.

Уільямс займаецца таксама пісьменніцкай дзейнасцю: у 2021 г. выйшаў раман «Развітанне з Тара» (Farewell to Tara), прысвечаны Вялікаму голаду ў Ірландыі у 1845—1852 гг.

Крыніцы