Суча́сная белару́ская літарату́рная мо́ва — адна з формаў беларускай нацыянальнай мовы, якая на дадзеным этапе абслугоўвае культурныя запатрабаванні грамадства і выконвае камунікатыўную функцыю ў мастацкай літаратуры, навуцы і адукацыі, сродках масавай інфармацыі, дзяржаўных установах і інш.
Гісторыя фарміравання Тэрмін «сучасная» ў дачыненні да беларускай літаратурнай мовы пакуль канчаткова не акрэслены. Спроба вызначыць храналагічныя межы сучаснай беларускай літаратурнай мовы ад часу з’яўлення першых арыгінальных (аўтарскіх) беларускіх твораў у XIX стагоддзі супярэчыць адной з найважнейшых прымет літаратурнай мовы — наяўнасці аднастайных (адзіных) нормаў яе ўжывання ў грамадстве. У беларускай літаратурнай мове XIX стагоддзя не існавала ўстойлівых графічных, арфаграфічных, граматычных і лексічных нормаў. На беларускай мове не ствараліся падручнікі, не вялося навучанне, яна не дапускалася ў сферу справаводства.
Пачатковай мяжой сучаснай беларускай літаратурнай мовы з’яўляецца так званы «нашаніўскі перыяд» (пачатак XX стагоддзя, час выдання газеты «Наша ніва» ў 1906—1915 гадах). Для яго характэрна станаўленне лексічнага складу, нацыянальных нормаў, функцыянальных стыляў і іншых спецыфічных асаблівасцей беларускай мовы. На старонках газеты былі надрукаваны творы новага пакалення беларускіх пісьменнікаў (Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, Цёткі, М. Гарэцкага, З. Бядулі, Ц. Гартнага, К. Каганца, Ядвігіна Ш. і інш.). На «Нашу ніву» пачалі арыентавацца і іншыя тагачасныя беларускія перыядычныя выданні.
Асноўныя нормы сучаснай беларускай літаратурнай мовы ўпершыню на навуковай аснове былі сфармуляваны ў «Беларускай граматыцы для школ» Б. Тарашкевіча (1918), а яе асноўныя прынцыпы выкарыстаны ў шэрагу вучэбных дапаможнікаў 1920-х гг.
Паступова нормы беларускай мовы стабілізаваліся і кадыфікаваліся ў граматыках і слоўніках. Беларуская мова пачала паўнавартасна функцыянаваць у вуснай і пісьмовай формах у розных сферах грамадска-культурнага жыцця, стала агульнанацыянальным сродкам зносін, найважнейшым складнікам нацыянальнай культуры.
Дыялектная аснова Фарміраванне новай беларускай літаратурнай мовы навукоўцы адносяць да пачатку XIX стагоддзя. У гэты час пачалі з’яўляцца першыя мастацкія творы на літаратурнай мове. Аднак характэрнай асаблівасцю пачатковага этапу станаўлення беларускай літаратурнай мовы з’яўлялася адсутнасць у ёй адзінай дыялектнай асновы. Мастацкія творы гэтага перыяду мелі відавочныя прыметы той гаворкі, якая была роднай для іх аўтараў (ананімныя творы XVIII — пачатку XIX стагоддзя, творы В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, А. Гурыновіча, А. Абуховіча і інш.). Пры ўсёй дыялектнай стракатасці тагачаснай мовы беларускай мастацкай літаратуры і публіцыстыкі найбольш актыўна працэс утварэння літаратурнай мовы адбываўся ў цэнтры Беларусі (зона паміж Вільняй і Мінскам).
Гукавы склад, граматыка і слоўнік цэнтральных беларускіх гаворак пакладзены ў аснову літаратурнай мовы і вызначаюць своеасаблівае нацыянальнае аблічча і самабытнасць беларускай мовы.
Важнае значэнне мела лексічная сістэма (слоўнікавы склад) жывой народнай мовы цэнтральнай тэрыторыі ў распрацоўцы беларускай навуковай тэрміналогіі, у прыватнасці прыродазнаўчай і сельскагаспадарчай (назвы жывёльнага і расліннага свету ў беларусаў, найменні традыцыйных сродкаў вытворчасці, звязаных з рамёствамі і заняткамі мясцовага насельніцтва і інш.).
На фанетычныя асаблівасці дыялектнай мовы насельніцтва цэнтральных раёнаў арыентуюцца ў сучасным літаратурным вымаўленні тэатр, радыё і тэлебачанне. На іх абапіраліся навукоўцы пры распрацоўцы арфаэпічных нормаў беларускай мовы.
Адначасова з узнікненнем і развіццём на беларускай мове арыгінальнай мастацкай літаратуры і публіцыстыкі актывізавалася праца па збіранні фальклорных твораў (П. Баброўскі, А. Багдановіч, Я. Баршчэўскі, П. Бяссонаў, У. Дабравольскі, А. Кіркор, І. Насовіч, М. Нікіфароўскі, А. Сержпутоўскі, І. Шыдлоўскі, М. Янчук і інш). Сабраныя фальклорныя матэрыялы дазвалялі шырокаму колу зацікаўленых людзей бліжэй пазнаёміцца са слоўнікам і фразеалогіяй жывой народнай мовы, стваралі неабходныя ўмовы для глыбокага і дэталёвага вывучэння яе асаблівасцей.
Адначасова з фальклорнымі публікацыямі з’явіліся навуковыя даследаванні беларускай дыялектнай мовы, былі падрыхтаваны першыя слоўнікі (К. Апель, У. Дабравольскі, Я. Карскі, М. Коласаў, І. Насовіч, І. Нядзёшаў, Е. Раманаў, І. Сербаў, А. Сержпутоўскі і інш.).
Усё гэта мела велізарнае значэнне ў складаным працэсе фарміравання сучаснай беларускай літаратурнай мовы, у станаўленні яе нацыянальнай спецыфікі, у адборы найбольш характэрных і адначасова самых пашыраных сродкаў для агульнанародных зносін з ліку назапашаных за стагоддзі скарбаў моўнай творчасці.
Асаблівасці сучаснай беларускай літаратурнай мовы сфарміраваліся з 3 асноўных крыніц: агульнабеларускія рысы, асаблівасці паўночна-ўсходняга дыялекту, асаблівасці паўднёва-заходняга дыялекту.
Агульнабеларускія рысы Абапіраючыся ў сваім станаўленні і развіцці на беларускую дыялектную мову, літаратурная мова ўспрыняла і засвоіла шэраг яе агульнабеларускіх рыс: дзеканне, цеканне; аканне, яканне; пераход е ў о: мёд, возера; цвёрдае вымаўленне шыпячых і [ц]: жыта, чысты, цэп; наяўнасць спалучэнняў [шч], [ž]: шчупак, дажджы; пераход [в] і [л] пры пэўных умовах у [ў]: праўда, здароў, пайшоў, шоўк; наяўнасць чаргаванняў ро — ры, ло — лы: гром — грымець; глотка — глытаць; цвёрдае вымаўленне губных на канцы слова і перад [й]: сем, сып, б’ю, п’ю, сям’я; невыбухны (фрыкатыўны) характар гука [ү]: глеба, паслуга; цвёрдае вымаўленне гука [р] у пераважнай большасці беларускіх гаворак: грыбы, дрэва; мяккасць зычных перад галоснымі пярэдняга рада: вяселле, зіма; наяўнасць прыстаўных галосных на пачатку слова перад спалучэннем плаўнага з зычным: іржа, ільняны, аржаны; наяўнасць клічнай формы: браце, дружа, сябра; пераход [ү], [к], [х] у [з], [ц], [с] у склонавых формах назоўнікаў: нага — назе; страха — страсе; малако — на малацэ; мяккасць т (ць) у формах 3-й асобы адзіночнага і множнага ліку дзеясловаў (гаворыць — гавораць) і інш.
Пералічаныя вышэй агульнадыялектныя рысы мелі выключна важнае значэнне ў фарміраванні сучаснай беларускай літаратурнай мовы і яе далейшым развіцці.
Рысы паўднёва-заходняга дыялекту З ліку шырока распаўсюджаных асаблівасцей паўднёва-заходняга дыялекту ў літаратурнай мове прадстаўлены: недысімілятыўнае аканне, гэта значыць вымаўленне гука [а] на месцы галосных няверхняга пад’ёму [а], [о], [э] пасля цвёрдых і зацвярдзелых зычных у першым складзе перад націскам незалежна ад якасці націскнога галоснага, характару суседніх зычных і склада: трава́, вада́, каса́, кава́ль, цана́, травы́, траво́й, траву́, вады́, вадзе́, вадо́й і іншыя; недысімілятыўнае яканне, гэта значыць вымаўленне гука [а] пасля мяккіх зычных у першым складзе перад націскам незалежна ад якасці націскнога галоснага і характару суседніх зычных: [з’амл’а́], [в’асна́], [ с’астра́], [з’амл’і́], [в’асны́], [с’астры́], [з’амл’у́], [в’асну́], [с’астру́], [үл’аžу́], [в’ас’о́лы], [н’ав’э́стка] і г.д.; цвёрдае вымаўленне гука [р], уласцівае большасці беларускіх гаворак: [тры], [рабы́], [б’аро́за], [үры́п], [рэ́чка], [з’в’эр], [ц’ап’э́р] і г.д.; наяўнасць канчатка -ы (-і) у назоўным склоне адзіночнага ліку прыметнікаў, неасабовых займеннікаў і парадкавых лічэбнікаў у мужчынскім родзе: бе́лы, сі́ні, пя́ты, гэ́ты; ужыванне займеннікаў гэ́ты, гэ́такі; адсутнасць фіналі -ць у формах 3-й асобы адзіночнага ліку дзеясловаў I спражэння (нясе́, вязе́, зна́е) і наяўнасць гэтай фіналі ў дзеясловах II спражэння (ко́сіць, но́сіць, ляжы́ць); паслядоўнае і дакладнае размежаванне формаў 3-й асобы множнага ліку дзеясловаў I спражэння на -уць (-юць): бяру́ць, чыта́юць і II спражэння на -аць (-яць): ко́сяць, глядзя́ць; ужыванне націскной фіналі -це ў форме 2-й асобы множнага ліку дзеясловаў абвеснага ладу: несяце́, бераце́; выкарыстанне формаў дзесловаў 1-й асобы множнага ліку загаднага ладу на -ем, -ма: нясе́м, жнем, гля́ньма, ся́дзьма; выкарыстанне дзеепрыслоўяў на -учы (-ючы), -ачы (-ячы), уласцівае большасці беларускіх гаворак: спява́ючы, ко́сячы, несучы́; ужыванне сінтаксічных канструкцый з дзеясловам-выказнікам: ён пайшо́ў; ужыванне прыназоўніка да пры дзеясловах у канструкцыях тыпу пайшо́ў да ле́су, да рэ́чкі, да во́зера; выкарыстанне безасабова-прэдыкатыўных канструкцый са словамі трэ́ба, патрэ́бна, няма; ужыванне традыцыйнай народнай лексікі: гаспада́р, гаспады́ня, гаспада́рка, хло́пец, ка́чка, абру́с, бру́чка, сенажа́ць, мянта́шка і г.д.
Рысы паўночна-ўсходняга дыялекту З ліку рэгіянальных асаблівасцей паўночна-ўсходняга дыялекту літаратурная мова засвоіла наступныя: фанемны склад галосных гукаў [а], [о], [у], [ы], [і], [э] (у супрацьвагу гаворкам паўднёва-заходняга дыялекту, дзе ёсць закрытыя галосныя [о], [э]); наяўнасць падоўжаных зычных на месцы старажытнага спалучэння «мяккі зычны + ьй» у пазіцыі перад галосным: зе́лле, кало́ссе, каме́нне, ружжо́, су́чча, суддзя́, пало́ззе, куцця́, заці́шша; аглушэнне звонкіх зычных на канцы слова і ў сярэдзіне слова перад глухімі: [сат], [z’эт], [но́шка], [ка́ска] і азванчэнне глухіх зычных у сярэдзіне слова перад звонкімі: [каз’ба́], [про́з’ба]; гэтая фанетычная асаблівасць характэрная таксама і шэрагу гаворак паўднёва-заходняга дыялекту; формы назоўнікаў мужчынскага і ніякага роду на -ы (-і) у назоўным склоне множнага ліку: дамы́, гарады́, сёлы, вёдры, во́кны, палі́, бало́ты; поўныя нясцягнутыя формы прыметнікаў жаночага і ніякага роду у назоўным і вінавальным склонах адзіночнага ліку: но́вая ха́та, но́вае сяло́, но́вую ха́ту; форма меснага склону адзіночнага ліку прыметнікаў, займеннікаў і парадкавых лічэбнікаў мужчынскага і ніякага роду на -ым (-ім): аб бе́лым, аб сі́нім, аб гэ́тым, аб пя́тым; форма давальнага склону множнага ліку назоўнікаў мужчынскага і ніякага роду з канчаткам -ам (-ям): ляса́м, нажа́м, паля́м; форма меснага склону множнага ліку назоўнікаў мужчынскага і ніякага роду з канчаткам -ах (-ях): у дама́х, у гарада́х, у паля́х; ужыванне дзеяслова ёсць; формы дзеясловаў 1-й асобы множнага ліку з націскам на канчатку -ом (-ём): вязём, ідзём, бяро́м; формы дзеясловаў 2-й асобы множнага ліку загаднага ладу на -ыце (-іце): бяры́це, нясі́це, вязі́це; формы будучага складанага часу з дзеясловам буду: бу́ду рабі́ць, бу́ду хадзі́ць, бу́ду чыта́ць; супадзенне формаў роднага і вінавальнага склонаў у назоўніках, якія абазначаюць назвы жывых істот: пагна́ць каро́ў, лаві́ць мышэ́й; супадзенне формаў назоўнага і роднага склонаў у словах, што абазначаюць неадушаўлёныя прадметы: зрабі́ў стол, знайшо́ў грыб; ужыванне традыцыйнай народнай лексікі: пу́ня, кут, ляме́ш, ла́пік, бу́льба, дзірва́н і інш.
Фарміраванне нормаў літаратурнай мовы Такім чынам, сучасная беларуская літаратурная мова ў пачатковы перыяд свайго фарміравання цалкам абапіралася на структуру тых народных гаворак, у якіх аб’ядналіся найбольш агульныя і пашыраныя рысы найбуйнейшых дыялектычных адзінак — паўднёва-заходняга і паўночна-ўсходняга дыялектаў. Гэта абумовіла дваісты характар нормаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы і ў пэўнай ступені тлумачыць шматлікія ваганні пры выбары яе асобных нормаў.
Літаратурная мова ўспрыняла ў якасці нормаў тыя рэгіянальныя асаблівасці цэнтральных гаворак, якія характэрны для большасці астатніх беларускіх гаворак або для аднаго з дыялектаў. Па-за нормамі літаратурнай мовы засталіся ў асноўным тыя дыялектныя рысы, што з’яўляюцца вузкарэгіянальнымі або невядомыя цэнтральным беларускім гаворкам.
Моўныя нормы Норма — адна з істотных уласцівасцей літаратурнай мовы, што забяспечвае яе паўнавартаснае функцыянаванне. Норма абавязкова захоўвае маўленчыя традыцыі і задавальняе паўсядзённыя патрэбы грамадства. Паняцце нормы літаратурнай мовы распаўсюджваецца на ўсе яе ўзроўні. У адпаведнасці з гэтым вылучаюць: