Арыя з курантам () — тэнаровая арыя з трэцяга акта оперы «Страшны двор» Станіслава Манюшкі на лібрэта Яна Хэнцінскага, таксама вядомая як Арыя Стэфана па імені персанажа (аднаго з двух братоў-гусараў, закаханых у дачок гаспадара дому), які яе выконвае ў кульмінацыйны момант сюжэта. Нядобразычліўцы братоў загадзя аб’явілі іх баязліўцамі, якія не вынесуць сустрэчы са зданямі даўніх уладальніц маёнтка, якія з’яўляюцца штораз, як зламаны гадіннік цудоўным чынам вызвоньвае мелодыю курантаў.

Рэчытатыў, які ўводзіць гэтую арыю, пачынаецца словамі «Цішыня вакол, светлая ноч, яснае неба…». Стэфан, маючы на ўвазе бягучую сітуацыю (любоўныя перажыванні), таксама ўспамінае сваё дзяцінства, малюючы ідылічную карціну сармацкай Рэчы Паспалітай. У арыі гучыць заклік да нябожчыцы-маці (якая ўвасабляе страчаную радзіму) і паланэз (які вызвоньваюць куранты старога гадзінніка, зламанага ўжо шмат гадоў). «Gazeta Muzyczna i Teatralna» ад 13 кастрычніка 1865 года пісала на гэтую тэму:

«У трэцім акце гучыць той знакаміты карыльён, які так спадабаўся публіцы. Гэта паланэз усяго з васьмі тактаў, напісаны ў вельмі старамодным стылі, які нагадвае, сама меней, Агінскага».

А «Варшаўская газета» ад 30 верасня 1865 года гэтую сцэну оперы пракаментавала наступным чынам:

«Але галоўная перавага гэтага акта […] — гэта сцэна Стэфана з курантам. Сама ідэя спалучэння некалькіх інструментаў, такіх як флейта, арфа, фартэпіяна і званочак [а таксама фісгармоніі], каб імітаваць гучанне старасвецкага куранта, — гэта ўдалая і арыгінальная ідэя, тым больш што звон гадзінніка пазней паўтараецца рэхам, якое ствараюць струнныя інструменты. Тая ж мелодыя, якая, здавалася б, зыходзіць з гадзінніка, служыць прэлюдыяй да прыгожай арыі».

Арыя з перазвонам лічыцца многімі аматарамі музыкі адной з найлепшых тэнаровых арый усіх часоў, параўнальнай з французскімі ці італьянскімі арыяміSłownik muzyki pod redakcją Wojciecha Marchwicy, Wydawnictwo Zielona Sowa, Kraków 2006; ISBN 83-7435-239-6; ISBN 978-83-7435-239-0Józef Kański, Przewodnik operowy, Polskie Wydawnictwo Muzyczne S. A., Kraków 2008.. Трагічныя ноткі, якія гучаць у ёй, істотна змяняюць успрыняцце ўсёй оперы, якая без гэтага нумару магла б лічыцца камічнай. Лічыцца, што менавіта праз гэтую арыю расійская цэнзура змагла распазнаць прыхаваны патрыятычны пасыл «Страшнага двара» і забараніла далейшыя пастаноўкі оперы пасля прэм’еры.

У культурным кантэксце

Беларускія музыказнаўцы (Віктар Скарабагатаў, Зміцер Сасноўскі) настойваюць, што прататыпам «Страшнага двара» Мечніка ў аднайменнай оперы паслужыў Смілавіцкі маёнтак роду Манюшкаў. Нібыта ў дзяцінстве, наведваючы родных у Смілавічах, Станіслаў Манюшка пачуў паданне пра старадаўнія куранты гэтага замка: стагоддзямі ніхто не заводзіў той гадзіннік, але раз-пораз ён цудоўным чынам пасля спеву пеўня пачынаў граць сам. Гэтай жа версіі прытрымліваўся і Адам Мальдзіс. Гэтая легенда (ці сямейнае паданне) прыводзілася як крыніца арыі з курантамі яшчэ першым біёграфам Манюшкі Аляксандрам Валіцкім, музыказнаўцам Янам Карловічам, Антоніем Урбаньскім і іншымі культуролагамі яшчэ ў XIX ст.

Таксама імаверна, што курант старога гадзінніка ў оперы — прыхаваная адсылка да пачатку паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Калі малады герой паэмы вяртаецца ў дом дзяцінства, ён

Курантавы гадзiннiк — друга год дзiцячых —

У шафе каля нiшы з радасцю убачыў

I зараз жа ўхапiўся за шнурочак з кiсцю,

Каб марш Дамброўскага пачуць, як i калiсьцi.

(пераклад Пятра Бітэля)

Такім чынам, дасведчаныя слухачы оперы адчытвалі тут намёк на марш (або мазурку) Дамброўскага, забаронены ў Расіі паўстанцкі гімн, з 1926 году — нацыянальны гімн Польшчы.

Aria z kurantem — назва паэтычнага зборніка Яна Леханя, а таксама заглаўнага верша ў ім (Нью-Ёрк, 1945).

Гл. таксама

Крыніцы

Знешнія спасылкі

ШІМ на арыю (пасля «Gazeta Muzyczna i Teatralna» і «Dziennik Warszawski»). Ноты арыі ў бібліятэцы Палона

Катэгорыя:Оперы Станіслава Манюшкі