Зміцер Шапавалаў, поўнае імя Дзмітрый Юр’евіч Шапавалаў () — беларускі мастак-графік. Сябра Беларускага саюза мастакоў.

Біяграфія Нарадзіўся ў 1985 годзе. Скончыў аддзяленне графікі і магістратуру Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Творчасць

Стварае ў станковай графіцы, сярод асноўных тэхнік — афорт, лінагравюра, ксілаграфія і рысунак.

Асноўная тэма творчасці — вайсковая гісторыя Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай XIV—XVII стагоддзяў. У творах паказвае вопратку і ўзбраенне ваяроў, батальныя сцэны і гістарычных постацей. Сярод значных тэм — бітвы пад Оршай і пад Палонкай. Трымаецца прынцыпу гістарычнай дакладнасці, супрацоўнічаў з доктарам гістарычных навук Юрыем Боханам як кансультантам па гісторыі ўзбраення.

Важныя серыі і творы: «Армія Вялікага Княства Літоўскага» — самая шматлікая серыя, сярод іншага выяўлены сярэднявечныя артылерысты, крылатыя гусары, лісоўчыкі. «Quo vadis? — Куды ідзеш?» — філасофская серыя з пяці лінагравюр і эскіза, прысвечаная пытанням паходжання матэрыі і творчага пачатку ў чалавеку. «Грунвальд» — ранняя лінагравюра (зроблена да супрацоўніцтва з Юрыем Боханам або іншымі гісторыкамі, мае рысы мастацкай фантазіі). Лінарыт «Крылаты гусар».

Арыенцірамі ў мастацтве Шапавалаў называе Яна Матэйку, Альбрэхта Дзюрэра і майстроў эпохі Адраджэння. Творчая мара мастака — выданне грандыёзнага вайсковага альбома з сотнямі рэпрадукцый, які б стаў «візітоўкай» Беларусі.

З 2004 года пачаў актыўную выставачную дзейнасць, удзельнічаючы ў рэспубліканскіх і міжнародных праектах. Рэгулярны ўдзельнік зборных мастацкіх выстаў.

У студзені 2023 года творы мастака прадстаўлены на «спантанным фестывалі беларускай культуры» ў Кракаве (Польшча) у палацы Віла Дэц’юша.

Персанальныя выставы 18 верасня — 8 лістапада 2019 года выстаўка «Нарысы з мінулага» праходзіла ў музеі Дом Ваньковічаў у Мінску. У лістападзе 2019 года выстаўка «Папяровае люстэрка» адкрылася ў Лошыцкай сядзібе; у экспазіцыі было каля 50 твораў у тэхніках афорта, лінагравюры і ксілаграфіі. У сакавіку 2023 года ў Нью-Ёрку (ЗША) у грамадскай залі царквы Св. Кірылы Тураўскага адкрылася выстаўка рэпрадукцый мастака «Пад знакам Пагоні». У верасні 2023 года ў Брукліне (Нью-Ёрк, ЗША) прайшла другая выстаўка графікі мастака, прысвечаная Дню беларускай вайсковай славы.

Грамадская дзейнасць

Актыўна папулярызуе графічнае мастацтва і гістарычную памяць. На выставах праводзіць адукацыйныя праграмы і майстар-класы. У лютым 2020 года на фестывалі візуальнага мастацтва «Art is…» у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі дэманстраваў працэс стварэння афорта і лінагравюры.

Удзельнічае ў праекце imago.by па стварэнні факсімільных карт і гравюр, які ініцыяваў яго калега Ілля Андрэеў. Таксама супрацоўнічаў з брэндам патрыятычнага адзення LSTR Adziennie, стварыў прынт з выявай крылатага гусара.

Узнагароды Лаўрэат шэрага міжнародных конкурсаў. Прэмія імя Вацлава Ластоўскага (2015) — за мастацкае ўвасабленне вайсковай гісторыі ВКЛ XIII—XVII стагоддзяў (уручана 11 лютага 2016 года Мінскім гарадскім таварыствам аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага).

Крыніцы

Катэгорыя:Графікі Беларусі