Белару́скія кава́ныя крыжы́ — традыцыйны элемент манументальна-дэкаратыўнага і мемарыяльнага аздаблення, адна з найбольш яскравых праяў беларускага народнага мастацкага кавальства. Ажурнымі каванымі крыжамі традыцыйна ўвенчвалі купалы сельскіх цэркваў, шпілі касцёлаў, вільчакі капліц і званіц, а таксама вароты царкоўных і касцёльных агароджаў, шырока выкарыстоўвалі іх у якасці надмагільных помнікаў. Як від народнага мастацтва, выраб каваных крыжоў дасягнуў найвышэйшага ўзроўню і распаўсюджвання ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя, зберагаючы старажытныя тэхналагічныя і светапоглядныя традыцыі.

Гісторыя і пашырэнне Аздабленне культавых будынкаў каванымі крыжамі мае глыбокія гістарычныя карані. Яшчэ ў XVIII стагоддзі, калі пад уплывам стылю барока царкоўныя галовы і завяршэнні ратуш набылі складаны сілуэт і ператварыліся ў ярусныя вежкі, храмы пачалі завяршаць надзвычай ажурнымі па малюнку каванымі крыжамі. Росквіт гэтага віду народнага мастацкага кавальства прыпадае на другую палову XIX — пачатак XX стагоддзя, а на тэрыторыі былой Заходняй Беларусі традыцыя актыўна захоўвалася ажно да 1939 года.

Узорамі для сельскіх кавалёў часцей за ўсё служылі больш раннія і складаныя вырабы, што знаходзіліся на местачковых і гарадскіх храмах. Сярод такіх прататыпаў вылучаюцца арыгінальныя крыжы на Уваскрасенскай царкве у Давыд-Гарадку і на царкве Святога Мікалая ў Кажан-Гарадку, размешчаных у Столінскім і Лунінецкім раёнах адпаведна, а таксама ў Мазыры, на касцёлах у Будславе і Іўі.

Вытворчасцю крыжоў займаліся пераважна вясковыя майстры. Да нашага часу дайшлі імёны толькі некаторых з іх. Напрыклад, вядома, што І. Грыгаровіч у 1935 годзе адкаваў адмысловыя крыжы для брамы касцёла ў Старых Васілішках Шчучынскага раёна, а каваль І. Харлан з вёскі Дубрава Маладзечанскага раёна стварыў крыж, які ўвенчвае шпіль касцёла ў вёсцы Краснае (усталяваны ў 1920-я гады).

Дэкаратыўна адкаваныя крыжы сустракаліся па ўсёй Беларусі, аднак асабліва шмат іх захавалася ў заходніх рэгіёнах — на Панямонні, Заходнім Палессі і на захадзе Паазер’я. Самыя значныя арэалы іх пашырэння зафіксаваныя на Брэстчыне (Пінскі, Столінскі, Брэсцкі раёны), Гродзеншчыне (Іўеўскі, Шчучынскі раёны), а таксама на захадзе Міншчыны і Віцебшчыны (Вілейскі, Глыбоцкі раёны). Беларускія каваныя крыжы выяўляюць амаль поўнае падабенства з аналагічнымі вырабамі Літвы (асабліва Жмудзі), Польшчы, а таксама заходняй Украіны (Закарпацця). Гэта сведчыць пра шчыльныя міжэтнічныя кантакты, культурныя ўзаемаўплывы і існаванне адзінага арэала пашырэння гэтага мастацтва.

Характарыстыка і тэхналогія вырабу

Беларускія каваныя крыжы падзяляюцца на дзве асноўныя групы: архітэктурныя (накупальныя і шпілевыя) і мемарыяльныя (надмагільныя). Найбольшай мастацкай каштоўнасцю і складанасцю вызначаюцца архітэктурныя крыжы. Вырабляючы іх, мясцовыя майстры абапіраліся на традыцыі і непасрэднае наваколле, аднак у кожны твор уносілі сваё індывідуальнае разуменне і густ, дзякуючы чаму дасягалася вялікая разнастайнасць форм.

Прасцейшыя крыжы выкоўвалі з двух ці трох злучаных , палос, прутоў. Іх канцы раскоўвалі ў выглядзе ліста альбо разразалі і адгіналі ў процілеглыя бакі, часта закручвалі ў выглядзе завіткоў. Ускладненне іх формы ішло за кошт дабаўлення розных дэталей і накладак мастацкага характару. Часцей за ўсё ад цэнтра крыжа адыходзілі хвалістыя прамяні, а цэнтр (месца іх сыходжання) закрываўся рэльефна выкаваным дыскамСахута Я. М. Фарбы роднай замлі: Нарысы пра нар. мастацтва Беларусі. Кн. для вучняў. — Мн.: Нар. асвета, 1985. — 191 с. іл.. Такія крыжы нагадвалі адлюстраванне сонца (недарэмна ў Літве, дзе такая творы вельмі пашыраныя, іх называюць сонейкамі). Нярэдка кампазіцыя гэтых твораў была настолькі адмысловая, што нават гублялася першапачатковая форма крыжа і ён нагадваў нейкую незвычайную кветку. Асабліва цікавыя і разнастайныя ўзоры каваных фігурных крыжоў можна бачыць на цэркавах Брэсцкага Палесся.

Архітэктурныя крыжы

Па манеры выканання і характары малюнка архітэктурныя крыжы надзвычай разнастайныя. Самыя простыя ўзоры, якія часцей сустракаліся на прыдарожных каплічках і малых збудаваннях, уяўлялі сабой два крыжападобна злучаныя стрыжні, змацаваныя накрыж заклёпкай. Далейшае ўскладненне формы адбывалася за кошт дадатковай апрацоўкі канцоў: да іх прымацоўвалі кароткія перакладзінкі, што ўтварала маленькія крыжыкі на канцах асноўнага крыжа. Канцы таксама маглі раскоўвацца ў выглядзе завіткоў, трыліснікаў, цюльпанаў, лісточкаў і іншых фігур геаметрычнага і стылізаванага расліннага характару.

Больш дэкаратыўную кампазіцыю маюць купальныя крыжы буйных храмаў. У іх аснове рэдка сустракаюцца простыя адзінарныя стрыжні. Звычайна перакладзіны крыжа ўтвараюцца са здвоеных стрыжняў, паміж якімі змяшчаецца звілістая дэталь, так званая «змейка» — зігзагападобна выгнуты тонкі адкаваны пруток, які выходзіць з цэнтра крыжа да яго канцоў. Гэтыя «змейкі» запаўняюць прастору і паміж перакладзінамі, утвараючы адзінарныя, двайныя ці трайныя прамяні. У спалучэнні з круглым дыскам на скрыжаванні такая канструкцыя стварае выразны сілуэт сонца з прамянямі.

Яшчэ ў пачатку XX стагоддзя даследчыкі звярталі ўвагу на відавочныя канструкцыйныя і мастацкія адрозненні архітэктурных крыжоў Паўночна-Заходняга краю ад традыцый рускай Поўначы. Як адзначалася ў выданні «Полоцко-Витебская старина» (1911), тыповыя заходнерускія (беларускія) крыжы былі праразныя, рабіліся з тонкіх жалезных пласцін, скляпаных вялікімі цвікамі. Звычайна яны былі чатырохканцовымі і абавязкова мелі «ззянне» (прамяні). У адрозненне ад тыпова рускага стылю, дзе крыж злучаўся з купалам праз шар, у беларускіх храмах ён мацаваўся пры дапамозе доўгага і складанага жалезнага стрыжня, а шар ля падножжа не быў абавязковай прыналежнасцю. У пазнейшы час, часта пад уплывам каталіцтва, над франтонамі і вежамі з’яўляліся манаграмы Спасіцеля ў крузе, акружаным прамянямі.

Выключнай мастацкай прапрацоўкай вылучаюцца крыжы з расліннымі матывамі, якія можна ўбачыць на цэрквах у вёсцы Крупцы (Добрушскі раён), Беражным Столінскага раёна і ў Мазыры. Сапраўдным шэдэўрам лічыцца крыж на касцёле ў Ліпнішках Іўеўскага раёна, дзе ажурная дэкаратыўная канструкцыя нагадвае дзівосную кветку са змейкамі, расліннымі парасткамі з лістамі і цюльпанападобнымі матывамі па канцах.

Мемарыяльныя крыжы

Надмагільныя крыжы, нягледзячы на сваё масавае бытаванне, уяўляюць меншую цікавасць з мастацкага боку. Часта яны выконваліся з фасоннага пракату, тоўстага дроту або накладак з бляхі, што рабіла іх больш тыповымі і пазбаўляла той цеплыні і рукатворнасці, якая ўласціва ўнікальным архітэктурным крыжам.

Тым не менш, у асобных выпадках сустракаюцца даволі выразныя і самабытныя ўзоры мемарыяльнай пластыкі. Напрыклад, гіганцкімі памерамі і масіўнымі формамі ўражваюць адкаваныя з шырокіх палос надмагільныя вырабы каля Юр’еўскай царквы ў Давыд-Гарадку. На могілках у Дзмітровічах Камянецкага раёна захаваліся цікавыя крыжы з бляшанымі зоркамі на канцах змеепадобных прамянёў. У вёсках Порса і Цынцавічы Вілейскага раёна для вырабу крыжоў ужыты тоўсты дрот, бляшаныя накладкі і нават штампаваныя дэталі. Выдатныя ўзоры надмагільных агароджаў і крыжоў пакінуў пасля сябе вядомы каваль П. Багрым у Крошыне (Баранавіцкі раён).

Сімволіка і семантыка

Мастацкая адметнасць беларускіх каваных крыжоў заключаецца ў тым, што яны ўвабралі ў сябе матывы, якія практычна нічога агульнага не мелі з афіцыйнай рэлігійнай сімволікай. Як сцвярджае даследчык беларускага драўлянага дойлідства Ю. А. Якімовіч: «Фактычна яны нічога агульнага не мелі з афіцыйнай рэлігійнай сімволікай, бо ў іх аздабленні найбольш распаўсюджанымі матывамі былі элементы мясцовай флоры і салярныя знакі».

Адной з самых характэрных дэталей з’яўляецца сілуэт паўмесяца, размешчаны ў ніжняй частцы крыжа. Афіцыйная хрысціянская царква тлумачыла гэты элемент як сімвал перамогі хрысціянства над язычніцтвам (або ісламам). Аднак у свядомасці народных майстроў і сялянства гэтыя сімвалы мірна суіснавалі. Паўмесяц разам з дыскам і прамянямі (сонцам) адлюстроўваў старажытныя касмаганічныя ўяўленні і земляробчыя культы старажытных славян.

Змейкападобныя элементы, якімі густа запаўнялася прастора крыжа, таксама з’яўляюцца прамым водгукам дахрысціянскіх вераванняў і пакланення сілам прыроды. Такім чынам, каваныя крыжы, нягледзячы на сваё прамое культавае прызначэнне, заставаліся глыбока народнымі творамі, у якіх афіцыйны кананічны матыў пераплятаўся з язычніцкай сімволікай і мясцовай эстэтыкай.

Знішчэнне З 1990-х гадоў у сувязі з актывізацыяй рэлігійнага жыцця пачаліся шматлікія перабудовы помнікаў сакральнай архітэктуры, якія знаходзяцца ў валоданні Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату. Падчас гэтых прац унікальныя беларускія чатырохканцовыя каваныя крыжы з салярнай і расліннай сімволікай часта знішчаюцца і замяняюцца на стандартызаваныя залатыя васьміканцовыя («маскоўскія») крыжы.

Такія дзеянні выклікаюць пратэсты з боку гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў і абаронцаў помнікаў, у прыватнасці, Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, бо яны парушаюць Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны». Яскравым прыкладамі падобнага знішчэння аўтэнтыкі з’яўляецца Свята-Ільінская царква ў Велямічах Столінскага раёна, гісторыка-культурныя каштоўнасці 2-й катэгорыі, дзе гістарычныя каваныя чатырохканцовыя крыжы і барокавыя купалы былі заменены на васьміканцовыя на залатых цыбулінах. Падобная з’ява прыводзіць да незваротнай страты аўтэнтычных помнікаў беларускага мастацкага кавальства.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Мастацкае кавальства Катэгорыя:Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі Катэгорыя:Культавая архітэктура Катэгорыя:Крыжы