Гру́шаўскі парк з ду́бам «Дэва́йціс» — батанічны помнік прыроды мясцовага значэння ў Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці Беларусі. Знаходзіцца пад кіраваннем Гарадзецкага сельскага выканаўчага камітэта.

Гісторыя Аб’ект быў абвешчаны батанічным помнікам прыроды мясцовага значэння на падставе рашэння Кобрынскага раённага выканаўчага камітэта № 1312 ад 31 ліпеня 2023 года. Рашэнне аб стварэнні помніка прыроды набыло законную сілу 15 верасня 2023 года.

Апісанне Аб’ект знаходзіцца ў паўднёва-заходняй частцы вёскі Грушава Гарадзецкага сельсавета Кобрынскага раёна. Агульная плошча батанічнага помніка прыроды складае 9,95 гектара. Тэрыторыя прыродаахоўнага аб’екта ўваходзіць у склад зямель Гарадзецкага сельскага выканаўчага камітэта і аддзела па адукацыі Кобрынскага раённага выканаўчага камітэта.

У склад зямель помніка прыроды ўключаны масівы драўняна-хмызняковай расліннасці гістарычнага парку. Пры гэтым у яго плошчу не ўваходзяць зямельны ўчастак пад існуючай аўтамабільнай дарогай і ўчастак, прадастаўлены для размяшчэння будынка спартыўнай залы, якія тэрытарыяльна знаходзяцца ў межах парку.

Адлюстраванне ў культуры

Старадаўні дуб, які расце на тэрыторыі Грушаўскага парку, з’яўляецца рэальным прататыпам аднайменнага дрэва з пазітывісцкага рамана «Дэвайціс» (1889) польскай пісьменніцы Марыі Радзевічоўны, якой належаў гістарычны маёнтак у Грушаве. Сама назва дрэва паходзіць ад літоўскага слова ( — аб’ект пакланення, ідал; боства ў паганскіх вераваннях балтаў).

У творы М. Радзевічоўны старажытны дуб Дэвайціс выступае цэнтральным сімвалам трываласці, стойкасці, незнішчальнасці і вернасці традыцыям продкаў. Ён з’яўляецца сімвалічнай апорай і натхненнем для галоўнага героя рамана, Марка Чэртвана, у яго цяжкай штодзённай працы, барацьбе з жыццёвымі абставінамі і імкненні захаваць родную зямлю і сямейную спадчыну.

Крыніцы

Катэгорыя:Батанічныя помнікі прыроды мясцовага значэння Брэсцкай вобласці Катэгорыя:Ахоўныя прыродныя тэрыторыі Кобрынскага раёна Катэгорыя:Паркі Брэсцкай вобласці Катэгорыя:З’явіліся ў 2023 годзе Катэгорыя:2023 год у Брэсцкай вобласці Катэгорыя:Дрэвы-помнікі Катэгорыя:Грушава (Кобрынскі раён)