Удзяку Акіта () — японскі драматург, пісьменнік і грамадскі дзеяч.
Біяграфія Нарадзіўся 30 студзеня 1883 года ў беднай сям’і ў пасёлку Кураісі прэфектуры Аомары атрымаўшы пры нараджэнні імя Такудзо Акіта. Скончыў аддзяленне англійскай мовы і літаратуры Універсітэта Васэда ў Токіа. Цікавіўся сацыялістычнымі ідэямі. Яго таксама прываблівала руская культура. У п’есе «Першая зара», накіраванай супраць руска-японскай вайны, Акіта з вялікай сімпатыяй адлюстраваў рускіх.
Пачаў друкавацца з 1907 года. У 1915 годзе, дзякуючы сустрэчы са сляпым эсперантыстам Васілём Ерашэнкам, ён пазнаёміўся з мовай эсперанта. У 1914—1919 гадах захапляўся індыйскай філасофіяй. Стварыў некалькі драм містычнага характару, у прыватнасці, у 1920 годзе напісаў драму «Буда і смерць дзіцяці». Удзяку Акіта з’яўляўся адным з заснавальнікаў тэатра «Сэнку-дза», у якім была пастаўлена яго п’еса «Граната» (1923). Напісаў таксама п’есы: «Пахаваная вясна» (1913), «Тры душы» (1918), «Ноч на мяжы» (1921) і іншыя, якія ўвайшлі ў аднайменныя зборнікі.
У 1927—1928 гадах Удзяку Акіта наведаў СССР да дзесятай гадавіны рэвалюцыі, сустракаўся ў беларускімі пісьменнікамі і журналістамі-эсперантыстамі. Пасля наведвання апублікаваў нарысы, прысвечаныя будаўніцтву сацыялізму ў СССР («Маладая Савецкая Расія», 1929).
Шмат пісаў для дзяцей. У 1931 годзе арганізаваў «Японскі пралетарскі эсперантысцкі саюз», які пазней быў зачынены паліцыяй, перакладаў сачыненні Васіля Ярашэнкі на японскую мову і напісаў падручнік эсперанта.
Уздым правага мілітарысцкага руху ў Японіі прынёс цяжкасці для Акіты, які сімпатызаваў сацыялізму: восенню 1933 года яго некалькі тыдняў пратрымалі пад вартай, прымусіўшы пісьмова даць справаздачу аб сваіх дзеяннях. Тым не менш, ён працягнуў працаваць і ў наступным годзе заснаваў часопіс «Teatoro» («тэатр» на эсперанта). Ён уступіў у «Новую сумесную тэатральную трупу», аднак дзейнасць яе была абмежавана, бо п’есы на палітычныя тэмы ставіць было небяспечна.
Пасля Другой сусветнай вайны Акіта ўзначаліў Інстытут сцэнічнага мастацтва ў Токіа. З 1947 года быў членам Камуністычнай партыі Японіі.
На працягу ўсяго жыцця Удзяку Акіта цікавіўся рускай культурай. Так у 1931 годзе ён узначальваў Таварыства сяброў Савецкага Саюза, а ў 1957 годзе ў Токіа былі апублікаваны яго пераклады рускіх народных казак.
Памёр 12 мая 1962 года ў Токіа.
Ушанаванне памяці У 1979 годзе у родным горадзе пісьменніка адкрыўся прысвечаны яму музей.
Крыніцы
Літаратура Краткая литературная энциклопедия. М., 1962. Т. 1. С. 117. Театральная энциклопедия. М., 1961. Т. 1. С. 110.
Спасылкі
Катэгорыя:Камуністы Японіі Катэгорыя:Эсперантысты Катэгорыя:Асобы, вядомыя пад літаратурнымі псеўданімамі