«Хопіць баяцца!» — фракцыя Каардынацыйнай рады Беларусі, звязаная з аднайменнай ініцыятывай Таццяны Мартынавай. Упершыню прайшла ў Каардынацыйную раду на выбарах 2024 года, атрымаўшы 3 мандаты. На выбарах 2026 года спіс палепшыў вынік і атрымаў 5 мандатаў.
Фракцыя выступае за захаванне і ўзмацненне ціску на ўлады Беларусі і падтрымку Украіны.
Гісторыя
Паходжанне Назва «Хопіць баяцца!» паходзіць ад суполкі з расійскамоўнай назвай «Хватит бояться», якую Таццяна Мартынава стварыла ў Facebook у 2020 годзе. Пазней ініцыятыва перарасла ў сетку каналаў і медыйных пляцовак. Мартынава, якая да 2020 года працавала радыёвядоўцай, пакінула Беларусь яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года праз пагрозу зняволення. У медыйнай прасторы яна стала вядомай рэзкім стылем выказванняў, іранічнай падачай і ўвагай да тэмаў вайны Расіі супраць Украіны.
Каардынацыйная рада 3-га склікання На выбарах у Каардынацыйную раду III склікання ў 2024 годзе спіс пераадолеў прахадны бар’ер і атрымаў 226 галасоў (3,36 %), што дало яму 3 мандаты. У склад фракцыі ўваходзілі Таццяна Мартынава, Міхаіл Рубін і Яўген Анкудзінаў.
З фракцыяй у III скліканні быў звязаны публічны канфлікт вакол былой дэлегаткі Вольгі Карпушонак. Яна абвінаваціла Паўла Латушку ў харасменце, але не адказвала на пытанні паплечнікаў. Аб’яднаны пераходны кабінет выказваў падазрэнне, што яе заявы маглі рабіцца пад ціскам або пад уплывам спецслужбаў. У 2026 годзе Карпушонак ужо не балатавалася ад «Хопіць баяцца!».
Каардынацыйная рада 4-га склікання У 2026 годзе «Хопіць баяцца!» зноў удзельнічаў у выбарах. Лідаркай спісу засталася Таццяна Мартынава. У першую пяцёрку таксама ўваходзілі Міхаіл Рубін, Наталля Галаўчук, Аляксандр Ракіцкі і Яўген Анкудзінаў. Усяго ў спісе было 13 кандыдатаў.
Падчас прэзентацыі спісаў Мартынава тлумачыла ўдзел у выбарах тым, што права «легітымнага голасу» ў дэмакратычных структурах дае менавіта выбарчая працэдура.
На выбарах 2026 года спіс атрымаў 134 галасы (6,34 %) і 5 мандатаў. У раду прайшлі Таццяна Мартынава, Міхаіл Рубін, Наталля Галаўчук, Аляксандр Ракіцкі і Яўген Анкудзінаў.
Праграма і пазіцыі У праграме 2026 года «Хопіць баяцца!» сцвярджаў, што Беларусь ужо ўцягнутая ў вайну Расіі супраць Украіны, а таксама што без перамогі Украіны не будзе вольнай Беларусі. Спіс выступаў за санкцыі супраць беларускіх уладаў, супастаўныя з санкцыямі супраць Расіі, і за прадухіленне іх абыходу.
Асобнымі кірункамі праграмы былі падтрымка беларусаў унутры краіны, дапамога беларусам за мяжой, пытанні легалізацыі, падтрымка праекта новага нацыянальнага пашпарта Беларусі і ўмацаванне сувязяў з Украінай. Фракцыя заяўляла, што яе мэта на найбліжэйшыя два гады — «выстаяць», захаваць сябе як палітычную сілу і ў будучыні вярнуць Беларусь.
Сярод прынцыпаў таксама былі пазначаныя працяг супраціву і ціску на рэжым, дапамога беларусам у Беларусі і за мяжой, умацаванне сувязяў з Украінай і стратэгічная мэта вяртання дадому.
У перадвыбарчай праграме спіс не абяцаў хуткай перамогі. Ягоная лінія апісвалася як больш абаронча-палітычная: не дапусціць нармалізацыі адносін з уладамі Беларусі без зменаў унутры краіны, падтрымліваць Украіну і беларусаў, а таксама захоўваць палітычную прысутнасць да моманту, калі з’явіцца магчымасць вяртання.
Пераслед з боку беларускіх уладаў 16 красавіка 2026 года Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі прызнаў «Хопіць баяцца!» адным з «экстрэмісцкіх фарміраванняў».
Электаральная гісторыя Каардынацыйная радаВыбарыЛідарГаласоў%Колькасць мандатаўСтатус2024Таццяна Мартынава2263,36 20261346,34
Крыніцы
Катэгорыя:Фракцыі Каардынацыйнай рады