Ры́жскі белару́скі наро́дны тэа́тр — аматарскі тэатральны калектыў беларускай нацыянальнай меншасці ў міжваеннай Латвіі, які дзейнічаў пры Таварыстве беларускага тэатра ў Латвіі у Рызе ў 1928—1936 гадах. Тэатр з’яўляўся адной з найбольш прыкметных форм нацыянальна-культурнай актыўнасці дыяспары.

Гісторыя стварэння Спробы арганізацыі беларускага тэатральнага жыцця ў Рызе рабіліся яшчэ з сярэдзіны 1920-х гадоў. У 1925 годзе пры культурна-асветным таварыстве «Беларуская хата» пачалі ставіцца кароткія спектаклі, аднак праз недахоп сродкаў і ўласнага памяшкання гэтая ініцыятыва неўзабаве згасла. У кастрычніку 1926 года група беларускіх актывістаў (у тым ліку Кастусь Езавітаў, Уладзімір Пігулеўскі, Парфіры Жэрдзі, Мікалай Дзямідаў, Пятро Масальскі) звярнулася да грамадскасці з заклікам стварыць асобнае тэатральнае таварыства, каб атрымаць магчымасць прэтэндаваць на дзяржаўныя субсідыі.

25 сакавіка 1927 года Рыжскі акруговы суд афіцыйна зацвердзіў статут Таварыства беларускага тэатра ў Латвіі (ТБТЛ)Latvijas Valsts vēstures arhīvs (LVVA). F. 1747, ap. 1, l. 18, lp. 9.. 31 сакавіка 1927 года адбыўся ўстаноўчы сход, на якім было прынята рашэнне аб стварэнні пастаяннага народнага тэатра ў Рызе, а таксама вандроўнага тэатра і драматычных курсаўLVVA. F. 1747, ap. 1, l. 19, lp. 7-10.. Старшынёй арганізацыі была абрана Вольга Бароўская-Пігулеўская, якая, будучы выхаванкай Маскоўскай кансерваторыі, з’яўлялася адзінай у калектыве асобай з прафесійнай тэатральнай і музычнай падрыхтоўкай.

Сваю афіцыйную працу Рыжскі беларускі народны тэатр распачаў 24 сакавіка 1928 года ў памяшканні на Чырвонай Дзвіне (Сымонаўская вуліца, 14/16)LVVA. F. 1747, ap. 1, l. 19, lp. 40.. У гэты дзень пры вялікай колькасці гледачоў адбылася прэм’ера спектакля паводле п’есы Янкі Купалы «Паўлінка». Актыўную падтрымку калектыву аказвала таварыства «Беларуская хата», якое бясплатна прадстаўляла трупе сваё памяшканне са сцэнай і захоўвала тэатральны гардэроб.

Склад трупы і ўмовы працы Калектыў рыжскай трупы першапачаткова налічваў 22 удзельнікі. У асноўным гэта былі былыя навучэнцы Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі, якія пераехалі ў сталіцу і працавалі настаўнікамі, а таксама слухачы беларускіх настаўніцкіх курсаў і студэнты. Сярод найбольш актыўных артыстаў вылучаліся Барыс Іваноў, Юзэфа Васілеўская, Аркадзь Рытаў, Антон Лейтан, Павел Хруцкі, Рыгор Крэйц, Міхась Калінін, Антон Доўгі, Вера Хлебнікава, Вольга Аляксеева, Марыя Мадзялеўская, Мікола Нікізін, Міхась Краўчанка, Мечыслаў Слосман і іншыяLVVA. F. 1747, ap. 1, l. 19, lp. 142.. Вядомымі выканаўцамі галоўных роляў у «Паўлінцы» былі Надзея Мікалаева-Комісар, Мікола Трубецкі (у ролі Пранцыся) і Параскева Раманоўская (Альжбета). Пазней ролю Паўлінкі таксама выконвала Анастасія Крэйц (пад дзявочым прозвішчам Вашкевіч). Хор пры тэатры ўзначальваў Мікола Грыўскі.

Пэўнай праблемай для тэатра была адсутнасць прафесійных беларускіх рэжысёраў. Таму першапачаткова кіраўніцтва запрашала да супрацоўніцтва прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей. З рыжскай трупай працавалі акцёр Латвійскага нацыянальнага тэатра Ян Шаберт (вучань Канстанціна Станіслаўскага), акцёр Рускага драматычнага тэатра Юрый дэ Бур і Уладзімір КаценеўLVVA. F. 1747, ap. 1, l. 19, lp. 27.. Неўзабаве пасаду рэжысёра заняў беларус Язэп Камаржынскі, а з пачатку 1930-х гадоў спектаклі ставіў і Уладзімір Пігулеўскі.

Аплата працы насіла сімвалічны характар: артыст атрымліваў 1 лат за рэпетыцыю, а харысты і музыкі — па 50 сантымаў. За выступ у спектаклі акцёрам плацілі ад 1 да 20 латаў у залежнасці ад складанасці ролі. За неапраўданае спазненне ці няяўку на рэпетыцыю прадугледжваліся штрафы і нават зняцце з ролі.

Рэпертуар і гастролі Рэпертуар тэатра складаўся пераважна з твораў беларускіх класікаў. Акрамя «Паўлінкі», артысты ставілі такія п’есы, як «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы, «На Антокалі» і «Шчаслівы муж» Францішка Аляхновіча, «Апошняе спатканне» і «Пінская шляхта» Уладзіслава Галубка, «Блудны сын» Рудольфа Блаўманіса, «Змагары за ідэю» І. Тагабочнага і іншыя.

Трупа ладзіла свае выступы не толькі ў Рызе, але і актыўна выязджала на гастролі ў латгальскую правінцыю, каб абслугоўваць беларускае сялянства. Спектаклі праходзілі ў Краслаўцы, Пустыні, Рунданах, Старой Слабадзе, Люцыне, Прыдруі і Зілупэ.

Фінансаванне і заняпад Асноўнай крыніцай утрымання тэатра з’яўляліся дзяржаўныя датацыі, якія вылучаліся Культурным фондам Латвіі і Міністэрствам асветы. Напрыклад, у сезоне 1930/1931 гадоў урад выдзеліў на патрэбы тэатра 5 тысяч латаў. Дадатковыя сродкі паступалі ад продажу квіткоў, сяброўскіх складак і прыватных ахвяраванняў.

Аднак пасля дзяржаўнага перавароту 15 мая 1934 года, здзейсненага Карлісам Улманісам, умовы працы рэзка пагоршыліся. Аўтарытарны рэжым пачаў ліквідацыю аўтаноміі нацыянальных меншасцей. Фінансаванне было спынена, а на кожны выступ патрабаваўся спецыяльны дазвол палітычнай паліцыі. 26 кастрычніка 1935 года Вольга Бароўская-Пігулеўская склала з сябе паўнамоцтвы старшыні таварыства, і кіраўніцтва перайшло да лаяльнага ўладам Мікалая ДзямідаваLVVA. F. 1747, ap. 1, l. 20, lp. 125..

Да снежня 1935 года рыжская трупа скарацілася ўсяго да 14 асоб. 25 студзеня 1936 года Таварыства беларускага тэатра ў Латвіі было канчаткова ліквідавана дзяржаўнымі органамі па абвінавачванні ў наяўнасці ў яго шэрагах «нядобранадзейных асоб»LVVA. F. 3235, ap. 5, l. 255, lp. 3..

У 1939—1940 гадах адбыліся кароткачасовыя спробы адраджэння тэатральнай дзейнасці сіламі Таварыства беларусаў у Латвіі, калі пад кіраўніцтвам Язэпа Камаржынскага былі пастаўлены п’есы «Паўлінка» і «Міхалка». Аднак з пачаткам савецкай акупацыі Латвіі летам 1940 года любая незалежная нацыянальна-культурная актыўнасць беларусаў была цалкам спынена.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Тэатры Латвіі Катэгорыя:Тэатры Рыгі Катэгорыя:Беларусы ў Латвіі Катэгорыя:Беларускі тэатр Катэгорыя:Зніклі ў 1936 годзе