Язэ́п Аляксе́евіч Мамо́нька (28 студзеня 1889, в. Залессе, Слуцкі павет, Мінская губерня — 10 верасня 1937, ст. Мядзвеж’я Гара, Сандармох, Карэльская АССР) — беларускі палітычны дзеяч, публіцыст. Адзін з заснавальнікаў Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, дэлегат Першага Усебеларускага з’езда, сябра Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, дзеяч Беларускай Народнай Рэспублікі.
Біяграфія
Раннія гады. Пачатак палітычнай дзейнасці Нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў вёсцы Залессе Слуцкага павета Мінскай губерні 28 студзеня 1889 года. Адукацыю атрымаў у мясцовым гарадскім вучылішчы, паводле прафесіі быў тэлеграфістам.
У 1903 годзе быў прызваны на вайсковую службу ў інжынерную роту ў Ковенскую крэпасць. Там ён далучыўся да магутнай арганізацыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў), якая служыла перавалачным пунктам для расійскіх эсэраў, што ўцякалі за мяжу, і займалася забеспячэннем зброяй і літаратурай. Паводле даных польскай палітычнай паліцыі, Мамонька належаў да тэрарыстычнай фракцыі партыі і карыстаўся вялікай павагай сярод лідараў за «рэвалюцыйны тэмперамент, асабістую мужнасць і хітрасць». У 1906 годзе, пасля заканчэння вайсковай службы, вярнуўся на Случчыну, дзе на працягу некалькіх гадоў стварыў мясцовую эсэраўскую арганізацыю, якая праіснавала да Першай сусветнай вайны.
У 1907—1917 гадах двойчы арыштоўваўся, правёў у турме 2 гады і 10 месяцаў. Аднак сучасныя даследчыкі (напрыклад, Алег Латышонак) ставяць пад сумнеў яго знаходжанне ў сібірскай высылцы, указваючы на яго бесперапынную дзейнасць на тэрыторыі Беларусі ў гэты перыяд.
У часе Першай сусветнай вайны зноў мабілізаваны ў царскае войска ў інжынерныя войскі, служыў малодшым унтэр-афіцэрам 24-й асобнай тэлеграфнай роты 12-й арміі. Лютаўская рэвалюцыя заспела яго на Паўночна-Заходнім фронце, дзе ён далучыўся да Беларускай сацыялістычнай грамады і актыўна займаўся агітацыяй за стварэнне аб’яднанага беларускага корпуса. Стварыў у Рызе ў траўні 1917 года першае беларускае вайсковае аб’яднанне.
Дзейнасць у Цэнтральнай беларускай вайсковай радзе
Дэлегат ад 12-й арміі ІІІ з’езда Беларуская сацыялістычнай грамады (кастрычнік 1917), на якім абраны ў ЦК. 18—24 кастрычніка ўдзельнічаў у З’ездзе беларусаў-вайскоўцаў Заходняга фронту ў Мінску. 24 кастрычніка з’езд утварыў Цэнтральную беларускую вайсковую раду (ЦБВР), тады ж быў абраны яе Часовы выканаўчы камітэт. Старшынёй стаў прапаршчык Сымон Рак-Міхайлоўскі, намеснікамі старшыні — паручнік Кастусь Езавітаў і малодшы унтэр-афіцэр Язэп Мамонька. Цэнтральная беларуская вайсковая рада была аўтаномнай часткай Вялікай беларускай рады (ВБР), якая ўтварылася ў той самы час і складалася напалову з цывільных і вайсковых дзеячаў. Выканаўчы камітэт ЦБВР увайшоў у склад выканаўчага камітэта ВБР, старшынёй якога быў вайсковы дзеяч капітан Вячаслаў Адамовіч. 4—5 снежня адбылася другая пленарная сесія ЦБВР, на якой пасаду намесніка замест Язэпа Мамонькі заняў Тамаш Грыб.
Калі бальшавіцкія ўлады пачалі чыніць перашкоды ў фарміраванні 1-га Беларускага пяхотнага палка ў Мінску, Мамонька быў прызначаны камісарам гэтага падраздзялення з даручэннем правесці перагаворы з галоўнакамандуючым Заходнім фронтам Аляксандрам Мясніковым. Перагаворы аказаліся безвыніковымі.
Адзін з арганізатараў і дэлегатаў Першага Усебеларускага з’езда (18 (5) — 31 (18) снежня 1917). Ненадоўга арыштоўваўся бальшавікамі па разгоне з’езда. 1 лютага 1918 года разам з іншымі дзеячамі ЦБВР арыштаваны бальшавікамі, пасаджаны на гаўптвахту.
Арышт дзеячаў ЦБВР выклікаў канфлікт паміж беларускімі вайскоўцамі і бальшавікамі, у Віцебску адбыліся ўзброеныя сутыкненні паміж вайскоўцамі Беларускай вайсковай рады Паўночнага фронту і бальшавікамі, на кароткі час улада ў Віцебску перайшла ў рукі Рады.
18 лютага 1918 года войскі Германскай імперыі і Аўстра-Венгрыі пачалі наступ на ўсход супраць бальшавікоў. Бальшавіцкае кіраўніцтва Заходняй вобласці і фронту вырашыла эвакуявацца з Менску. Апоўдні 19 лютага Язэп Мамонька і яшчэ пяць сяброў ЦБВР збеглі з гаўптвахты і праз гадзіну распачалі надзвычайнае пасяджэнне выканаўчага камітэта ЦБВР у доме Антона Лявіцкага. Беларускія вайскоўцы вырашылі ўзяць на сябе ахову парадку ў горадзе і перадаць яе ў рукі Рады I Усебеларускага з’езда, камендантам горада стаў Кастусь Езавітаў.
Дзейнасць па абвяшчэнні БНР
Пасля заняцця бальшыні тэрыторыі Беларусі нямецкімі войскамі, Язэп Мамонька працягнуў дзейнасць у беларускім нацыянальным руху. Па абвяшчэнні незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі працаваў у яе структурах. Пасля расколу Беларускай сацыялістычнай грамады ўлетку 1918 года і ўтварэння Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) абраны ў склад кіраўніцтва партыі. У снежні 1918 года, па заняцці горада бальшавікамі пакінуў горад Менск, вярнуўся ў жніўні 1919 года па заняцці горада польскім войскам. 19 верасня 1919 года Язэп Мамонька ў складзе Канвента сеньёраў БНР сустрэўся ў Шляхецкім доме ў Менску з Юзафам Пілсудскім. Канвент сеньёраў звярнуўся да Пілсудскага з просьбай прызнаць БНР і яе цэласнасць і тым самым аднавіць працу яе органаў на тэрыторыі Беларусі, занятай Войскам Польскім, а таксама даць крэдыт. Дэлегацыя не атрымала ніякіх абяцанняў ад Пілсудскага.
Увосень 1919 года, разам з іншым дзеячамі БПС-Р, падпісаў у Смаленску пагадненне з бальшавікамі, згодна з якім БПС-Р абавязвалася весці барацьбу супраць усіх ворагаў Саветаў і арганізаваць паўстанне ў тыле польскіх войскаў. Гэтая дамова мусіла гарантаваць удзел ва ўладзе БПС-Р пры перамозе бальшавікоў. Мамонька быў галоўным каардынатарам перавароту ў Радзе БНР: 13 снежня 1919 года ён прыняў удзел у пасяджэнні Рады БНР, на якім выступіў супраць прапольскай палітыкі прэм’ер-міністра Антона Луцкевіча. Адбыўся раскол Рады, Мамонька стаў сябрам прэзідыума Рады БНР (у літаратуры таксама Народная Рада БНР), у той час як урад Луцкевіча стварыў Найвышэйшую Раду БНР.
Разам з іншымі эсэрамі (Палутай Бадуновай, Тамашом Грыбам, Яўсеем Трафімавым) Мамонька стварыў Беларускі паўстанцкі камітэт для падрыхтоўкі антыпольскага паўстання ў Беларусі. Пасля выкрыцця арганізацыі ў канцы 1919 года ён быў арыштаваны польскімі ўладамі і пасля вызвалення высланы ў Коўну (Літва), дзе аднавіў дзейнасць як сакратар прэзідыума Рады БНР. У лютым 1921 года ў Коўне разам з Палутай Бадуновай і Тамашом Грыбам стварыў Бюро ЦК БПС-Р, якое імкнулася аб’яднаць раздзеленыя нацыянальныя сілы.
У пачатку 1921 года па даручэнні Вацлава Ластоўскага, Аляксандра Цвікевіча і Аляксандра Галавінскага прыехаў у Менск дзеля каардынацыі падпольнай барацьбы ў анексаванай Польшчай Заходняй Беларусі. Арыштаваны савецкімі ўладамі ў сакавіку 1921 года, прывезены ў Маскву. У красавіку 1921 года высланы ў Казань, адкуль уцёк у Коўну.
Эміграцыя
Удзельнік Першай Усебеларускай канферэнцыі 1921 года ў Празе, на якой востра крытыкаваў палітыку ўрада Савецкай Беларусі. У канцы 1922 года пераехаў у Чэхаславакію. У кастрычніку 1923 года разам з Палутай Бадуновай пратэставаў супраць стварэння ў Коўне ўрада БНР на чале з Аляксандрам Цвікевічам і лічыў яго незаконным. У 1925 годзе скончыў 3 курсы камерцыйнага інстытута ў Празе. У часе Другой Усебеларускай канферэнцыі 1925 года ў Берліне выступіў супраць роспуску ўрада БНР і пакінуў канферэнцыю. Пераехаў у Коўну, потым у Вільню. У 1928 годзе жыў у Рызе.
Беларуская ССР. Гібель На хвалі беларусізацыі вырашыў пераехаць у БССР. У верасні 1928 года атрымаў візу для прыезду ў СССР, дзе адразу ж 11 верасня 1928 года быў арыштаваны ДПУ БССР на станцыі Бігосава, адпраўлены ў Маскву. 3 студзеня 1929 года пастановай калегіі АДПУ прыгавораны да 10 гадоў лагераў. 2 верасня 1937 года пастановай «тройкі» НКУС Карэльскай АССРВозвращенные имена прыгавораны да расстрэлу. Расстраляны на ст. Мядзведжая Гара (Сандармох) Карэла-Фінскай АССР (цяпер Мядзвеж’ягорскі раён, Карэлія, Расія). Рэабілітаваны пракурорам Карэліі 12 красавіка 1989 года, Генеральнай пракуратурай Расіі 25 сакавіка 1993 годаЛ. Маракоў (2003).
У культуры Герой п’есы Янкі Купалы «Тутэйшыя» Мікіта Зносак, дэманструючы сваё знаёмства з беларускай літаратурай, цытуе наступны верш:
Зноскі
Літаратура
Гесь А., Клімовіч М., Міхнюк У. Мамонька //
Спасылкі
Катэгорыя:Члены Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Катэгорыя:Нарадзіліся ў Салігорскім раёне Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай Катэгорыя:Расстраляныя ў СССР Катэгорыя:Удзельнікі Першага Усебеларускага з’езда Катэгорыя:Удзельнікі Першай сусветнай вайны (Расійская імперыя)