Тарас Тарналіцкі, сапраўднае імя Тарас Аляксеевіч КруцкіхПасведчанне Беларускага саюза кінематаграфістаў () — беларускі журналіст, кінакрытык і культурны каментатар.

Біяграфія Нарадзіўся 8 жніўня 1989 года ў ваенным гарадку Стоўбцы-2 Стаўбцоўскага раёна.

У 2006 годзе паступіў на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, скончыў яго па спецыяльнасці «Гісторык-архівіст».

У 2010 годзе ўпершыню ўдзельнічаў у грамадска-палітычных падзеях, быў на акцыях пратэсту на плошчы Незалежнасці ў Мінску. У 2011 годзе ўдзельнічаў у «маўклівых маршах», у 2017 годзе — у пратэстах супраць дэкрэта пра «дармаедаў».

Працаваў па размеркаванні два гады архівістам у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, у гэты самы перыяд 6 месяцаў праходзіў тэрміновую службу ва Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь.

У 2013—2014 гадах шэсць месяцаў працаваў у аддзеле продажу рэкламы на партале TUT.BY, пасля вырашыў перайсці ў журналістыку. Каб атрымаць базавыя прафесійныя веды навучаўся на курсах, арганізаваных Беларускай асацыяцыяй журналістаў (БАЖ), а таксама у першым наборы ў Еўрапейскім каледжы ліберальных мастацтваў у Беларусі (канцэнтрацыя «Масавая культура і медыя») у 2014—2015 гадах. На пачатку 2015 года працаваў па праграме журналісцкіх абменаў ва украінскім бізнес-выданні Delo.ua.

Пасля стажыроўкі вярнуўся ў Мінск, на пачатку 2015 года ўладкаваўся рэдактарам раздзела культуры і турызму газеты «Беларусы і рынак», пісаў матэрыялы на тэмы ад эканоміка да спраў беларускага кіно.

У 2016 годзе працаваў у Нацыянальным цэнтры маркетынгу і кан’юнктуры цэн, займаўся выданнем часопісаў і прасоўваннем беларускіх прадпрыемстваў на замежных рынках; на працы сутыкаўся з дысцыплінарнымі заўвагамі за публікацыі ў сацыяльнай сетцы Facebook (у прыватнасці, датычных «справы БелТА і TUT.by»), а пасля ў 2017 годзе паўгода супрацоўнічаў з краўдфандынгавай платформай ulej.by, тэстуючы супрацу з медыя падчас запуску прадуктавага кірунку платформы. Найбольшым поспехам адзначылася супраца з дызайнерскай студыяй Hutkasmachnaa (свяцільнікі ў выглядзе вагонаў мінскага метро) і брэндам Zhart, які за паўтара месяца сабраў болей за дзесяць тысяч долараў на друк цішотак з антрапаморфнымі дзікімі жывёламі.

Супрацоўнічаў з дзяржаўнай газетай «Культура», дзе рыхтаваў рэцэнзіі, аднак спыніў працу там праз канфлікты з рэдактарам наконт цэнзуравання тэкстаў пад патрабаванні Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

У ліпені — жніўні 2017 года супрацоўнічаў з расійскім дзяржаўным інфармацыйным агенцтвам «Sputnik Беларусь».

Летам 2017 года стаў Ганаровым донарам крыві ў Беларусі.

У маі 2020 года далучыўся да перадвыбарчай каманды Віктара Бабарыкі, хаця лічыў яго спойлерам Аляксандра Лукашэнкі, займаўся зборам подпісаў у мінскім мікрараёне Сухарава (на вуліцах Сухарава і Семянякі).

Падчас пратэстаў 2020 года прыняў удзел у 12 нядзельных маршах, стаяў у ланцугу салідарнасці ад Акрэсціна да Курапатаў у Мінску. Падчас Марша памяці Рамана Бандарэнкі 15 лістапада 2020 года затрыманы каля чыгуначнага моста на Арлоўскай у Мінску. Асуджаны на 25 сутак адміністрацыйнага арышту па артыкулах 23.34 (удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве) і 23.4 (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі) КоАП. Тэрмін адбываў у ЦІП на Акрэсціна ў Мінску і ў СІЗА ў Баранавічах. Падзеі 2020 года ў Беларусі характарызуе як «беларускі біблейскі пеплум», праводзячы аналогію з маштабнымі гістарычнымі кінастужкамі і біблейскім сюжэтам выхаду яўрэяў з Егіпта.

З лета 2019 да канца лета 2022 года працаваў рэдактарам спецпраектаў у аўтакласіфайдзе av.by, вясной 2021 года быў сведкам вобыску супрацоўнікамі ДФР, які праводзілі у межах палітычна матываванай справы супраць кампаніі TUT.by з абвінавачванне ў нясплаце падаткаў.

У жніўні 2021 года выкліканы як сведка ў ГУБАЗіК, але адпушчаны пад падпіску пра неразгалошванне.

Восенню 2021 года зведаў нападкі з боку прапагандыста «СБ. Беларусь сёння» Андрэя Мукавозчыка за крытыку кінафестываля «Лістапад», які тым часам Міністэрства культуры пазбавіла дырэкцыі і перадала ўпраўленне дзяржстудыі «Беларусьфільм».

У 2021 годзе запісаўся ў ініцыятыву па стварэнні партыі Віктара Бабарыкі. Да восені 2022 года праз палітычны пераслед і праблемы на рынку працы ў Беларусі вымушана эміграваў у Польшчу.

Жыве і працуе ў Варшаве з верасня 2022 года.

Прафесійная дзейнасць Журналісцкую і кінакрытычную дзейнасць пачаў у газеце «Віртуальныя радасці», для яе з лютага 2008 года пісаў агляды фільмаў. Першай рэдактаркай была Марына Бірукова, трагічна загінулая восенню 2023 года ў Варшаве. Станам на 2025 год, меў больш за 15 гадоў досведу працы ў медыясферы, супрацоўнічаў з больш як 40 выданнямі ў Беларусі, краінах Еўрапейскага Саюза, Расіі і Украіне. Сярод іх: Еўрапейскае радыё для Беларусі (euroradio.fm), часопіс аўтакласіфайда av.by, партал Tut.by (праекты "Афіша" і "Ледзі"), The Village Belarus, расійскі партал film.ru, расійскі анлайн-часопіс "25-ты кадр", IGN Russia, газета "Віртуальныя радасці", часопіс Сitydog, расійскае навінавая агенцыя Sputnik.by, сайт Probusiness, сайт выдання "Наша Ніва", партал пра беларускую культуру "Будзьма беларусамі", экалагічны партал Greenbelarus.info, часопіс Relax.by, аналітычны анлайн-часопіс "Беларусский журнал", сайт арганізацыі "Цэнтр новых ідэй", сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў, выданне "Брэсцкая газета", студэнцкі часопіс ECLAB "Енот", выданне GPress, выданне Zerkalo, анлайн-часопіс "Сойка", сайт тэлеканала "Белсат", часопіс "Большой", газета "Новы час", анлайн-часопіс 34Mag.net, выданне Dev.by, выданне 2doc.by, праект Dom.by, партал Onliner, бізнес-выданне "Ежедневник", часопіс "Дырэктар", газета "Беларусы і рынак", украінскае бізнес-выданне Delo.ua, будаўнічы партал Stroyka.by, выданне kyky.org, анлайн-часопіс "Культпрасвет", дзяржгазета "Культура", выданне Mediakritika.by, часопіс аўтамабільнага сэрвіса Dealerhall.by, экспертны партал Fashionbank.by, часопіс анлайн-сэрвіса Bycard.by, сайт Reform.news, выданне "Эканамічная газета" ды інш.

Станам на ліпень 2026 года, працуе карэспандэнтам для «Еўрарадыё» і партала «Будзьма беларусамі».

Заснавальнік і аўтар тэлеграм-канала «Holy Belawood» (раней — «Священный Белавуд»), прысвечанага навінам беларускага кінематографа і дзейнасці кінастудыі «Беларусьфільм». Сам канал у пачатку 2025 года быў даданы ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Суаўтар падкасту «Кінатэатр Беларусь». Вёў аўтарскую рубрыку «У кіно з Белсатам» на тэлеканале «Белсат» летам 2025 года.

Здымаўся ў аматарскім ігравым кіно: у кароткаметражным трылеры «Сапраўднае» (2012) выступіў як сцэнарыст і акцёр, у драме «Ты, пачвара» (2014) з’явіўся у невялікім камэа, у навагодняй трэш-камедыі «Твае вочы» сыграў другародную ролю і іншае.

Запрашаўся на дзяржаўныя (АНТ, Беларусь-1) і незалежныя тэлеканалы і медыя ("Белсат", Еўрарадыё) для абмеркавання пытанняў культуры і кіно.

Супрацоўнічаў з шэрагам беларускіх кінафестываляў, у тым ліку кінафорумам мабільнага кіно Velcom Smartfilm (пасля перайменаванага ў Voka Smartfilm). Спачатку як старшыня народнага журы ў 2018 годзе, а потым як сябра асноўнага журы ў 2019 і 2020 гадах. У 2019 годзе праводзіў дыскусіі на фестывалі Watch Docs у Мінску, а таксама ў 2023 годзе ў Варшаве на фестывалі «Бульбамуві». У 2022 і 2023 запрашаўся ў склад журы фестывалю "Нефільтраванае кіно".

Вясной 2020 года, падчас эпідэміі каронавірусу, правёў сумесна з выданнем kyky.org беларускую анлайн-прэм'еру стужкі "Як мы захочам" беларускага і расійскага пісьменніка і андэрграўднага рэжысёра Уладзіміра Казлова.

У 2020 годзе ініцыяваў разгляд Камісіяй па этыцы БАЖ справы пра парушэнне журналісцкіх стандартаў тэлеграм-каналамі «Мотолько помоги» і «Беларусь головного мозга» праз публікацыю пірацкай версіі фільма «Купала»; скаргу задаволілі.

У 2021 годзе ўдзельнічаў відэапраекце «Словы мацней», сумеснай кампаніі «Будзьма беларусамі!», Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра. У ім сучасныя дзеячы культуры, якія пацярпелі ад пераследу і ціску пасля 9 жніўня 2020 года, чыталі творы сваіх папярэднікаў, асуджаных у сталінскія часы. Тарналіцкі зачытаў ўрывак з «Зацемак аб характары беларусаў» пісьменніка Станіслава Грынкевіча.

У 2021 годзе разам з трыма іншымі кінакрытыкамі (сярод іх Дар'я Амяльковіч, Максім Карпіцкі, Ірэна Кацяловіч) заснаваў Беларускую прэмію кінакрытыкаў «Чырвоны верас» (Red Heather Award), якая адзначае дасягненні незалежнага беларускага кіно, створанага без удзелу дзяржаўнага бюджэту Беларусі або Расіі. Першы конкурс падвёў вынікі ў 2022 годзе і прайшоў без цырымоніі ўзнагароджвання, а два наступныя цырымоніі ўжо мелі: у 2024 годзе — у Берліне, у межах Берлінскага кінафестывалю і Еўрапейскага міжнароднага кінарынку, і ў 2026 годзе — у Варшаве, у кінатэатры "Luna". Вясной 2026 года выйшаў са складу арганізатараў прэміі.

У 2021 годзе працаваў нацыянальным каардынатарам ад Беларусі ў прэміі Adami Media Prize, якая падтрымлівае журналістаў, рэжысёраў і кінематаграфістаў з краін Усходняга партнёрства (у тым ліку Беларусі).

Вясной 2021 года падпісаў адкрыты ліст прадстаўнікоў медыясектара да ўладаў з заклікам «Спыніць „паляванне на ведзьмаў!“».

Супрацоўнічаў з дзяржаўнай установай «Нацыянальны цэнтр сучаснага мастацтва». Летам 2020 года у межах выставы «Алфавіт вайны» праводзіў паказ і абмеркаванне «Сыны ідуць у бой» Віктара Турава, а вясной 2021 года у межах праекта «Чарнобыль. Эфект спячага» паказ і абмеркаванне фільмаў «Чорны бусел» Віктара Турава, «Чарнобыль. Попел» Сяргея Лук’янчыкава і «Невядомы рай» Дар’і Юркевіч.

Летам 2021 годзе працаваў запрошаным кінакрытыкам бара «Нара» на Зыбіцкай вуліцы ў праекце «Кіно/Віно».

У сакавіку 2022 года, пасля пачатку ўварвання Расіі ва Украіну, падпісаў адкрыты ліст беларускіх кінематаграфістаў супраць расійскай агрэсіі і з патрабаваннем спынення вайны, а таксама запісаў відэа для Беларускай рады культуры ў падтрымку Украіны.

Летам 2024 года ўдзельнічаў у варкшопе «GoCritic» у славацкім фестывалі анімацыйнага кіно «Fest Anča», вынікам якога сталі публікацыі на партале еўрапейскага кіно Cineuropa і ў незалежным часопісе пра еўрапейскую анімацыю Zippy Frames.

Восенню 2024 года напісаў сцэнар для адукацыйнага праекта «Васьміног», эпізод праз 10 стужак распавядае пра асноўныя гістарычныя вехі ў беларускім кіно.

У снежні 2024 года ўдзельнічаў як запрошаны эксперт у апытанні, якое ладзіла Беларуская незалежная кінаакадэмія да 100-годдзя беларускага кінематографа. Вынікам была публікацыя спіса 50 лепшых беларускіх фільмаў за мінулае стагоддзе. Публікацыя змяшчае аўтарскі спіс лепшых 10 стужак па версіі Тарналіцкага.

Вясной 2025 года на зацемку Тарналіцкага "На ABBA падалі ў польскую пракуратуру", прысвечаную судовым разборкам арганізацыі беларускага бізнеса ABBBA з кампаніяй Łódka Productions, у Раду па медыяэтыцы паскардзілася віцэ-прэзідэнтка ABBA Марына Гірын. Рада вырашыла, што рэдакцыя не парушыла прафесійных стандартаў і адхіліла скаргу.

Летам 2025 года напісаў у суаўтарстве тэкст «Андрэй Стрыжак і няпрошанныя дыкпікі» пра анлайн-флірт кіраўніка фонду BySol Андрэя Стрыжака з беларускімі актывісткамі, які справакаваў змену кіраўніцтва фонду BySol, вялікі медыйны скандал і грамадскую дыскусію пра межы дазволенага публічным асобам. На тэкст паскардзіліся ў Рада па медыяэтыцы пры Беларускай асацыяцыі журналістаў, што ён не адпавядае журналісцкім стандартам, але члены Рады вырашылі, што тэкст не парушае журналісцкай этыкі і падрыхтаваны ў адпаведнасці ім.

Праз еўрапейскія праграмы мабільнасці наведаў як акрэдытаваны журналіст Берлінскі і Венецыянскі кінафестываля ў 2024 годзе, кінафестываль у Сан-Себасціяне ў 2025 годзе. Таксама двойчы па прафесійных пытаннях прысутнічаў на цырымоніі ўзнагароджання прэміі Еўрапейскай кінаакадэміі у 2023 і 2024 гадах, а вясной 2026 года наведаў Lux Audience Award — сумесную кінапрэмію Еўрапарламента і Еўрапейскай кінаакадэміі, якая праводзіцца ў памяшканні Еўрапарламенту.