Іван Канстанцінавіч Пятніцкі (; , Вахціна, Яраслаўская губерня — ) — праваслаўны даследчык, гісторык царквы, публіцыст, выкладчык Магілёўскай духоўнай семінарыі.

Біяграфія Нарадзіўся 25 лістапада 1856 года ў сяле Вахціна Данілаўскага павета Яраслаўскай губерні. Паходзіў з духоўнага саслоўя.

У 1884 годзе скончыў Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію і быў прызначаны выкладчыкам царкоўнай гісторыі Магілёўскай духоўнай семінарыі. На гэтай пасадзе ён праслужыў 18 гадоў. Даследаваў гістарычныя дакументы Магілёўскай епархіі часоў Брэсцкай царкоўнай уніі, многія з якіх упершыню ўвёў у навуковы зварот.

З'яўляўся рэдактарам неафіцыйнай часткі выдання «Могилёвские епархиальные ведомости». Разам са сваім сучаснікам Еўдакімам Раманавым займаўся даследаваннем гісторыі праваслаўя на беларускіх землях. У 1889 годзе апублікаваў грунтоўны артыкул «Тупичевский Свято-Духов монастырь» і шэраг іншых прац пра выбітных іерархаў Магілёўшчыны і святыні Беларусі.

Прыняў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы новага выдання твораў свяціцеля Георгія (Каніскага), арганізаванага рэдакцыяй епархіяльных ведамасцей. Ён правёў тэксталагічную працу з рукапісным зборнікам пропаведзяў XVIII стагоддзя і выданнем пачатку XIX стагоддзя протаіерэя Іаана Грыгаровіча. У выніку ў 1892 годзе ў Магілёве выйшла кніга «Слова и речи Георгия Конисского, архиепископа Могилевского», дзе Пятніцкі выступіў навуковым рэдактарам, а таксама ўкладальнікам прадмовы і заўваг.

У пачатку XX стагоддзя цяжка захварэў і ў 1902 годзе быў вымушаны выйсці ў адстаўку. Нягледзячы на хваробу і прыкаванасць да інваліднага крэсла, працягваў працаваць на пасадзе рэдактара епархіяльных ведамасцей. У гэты перыяд ён перапрацаваў сваё даўняе сачыненне «Секта странников и ее значение в расколе», якое было двойчы выдадзена ў Сергіевым Пасадзе.

Памёр 11 лістапада 1912 года. Чын пахавання здзейсніў былы рэктар Магілёўскай семінарыі, епіскап мінскі і тураўскі Мітрафан (Краснапольскі) ў саслужэнні 12 клірыкаў. Быў пахаваны на могілках Магілёўскага кафедральнага сабора (знішчаны ў савецкі час).

Меў сына, Барыса Пятніцкага (1886—1957), які стаў вядомым юрыстам і грамадска-палітычным дзеячам.

У пачатку 1990-х гадоў звесткі пра І. К. Пятніцкага з'явіліся ў энцыклапедычных даведніках «Мысліцелі і асветнікі Беларусі» (1995) і «Рэлігія і царква на Беларусі» (2001).

Бібліяграфія Пятницкий И. К. Тупичевский Свято-Духов монастырь // Могилевские епархиальные ведомости. — 1889. Слова и речи Георгия Конисского, архиепископа Могилевского / сост. предисл. и примеч. И. К. Пятницкого. — Могилев, 1892. Пятницкий И. К. Секта странников и ее значение в расколе. — Сергиев Посад.

Крыніцы

Катэгорыя:Нарадзіліся 25 лістапада Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1856 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Яраслаўскай губерні Катэгорыя:Нарадзіліся ў Данілаўскім павеце Катэгорыя:Памерлі 11 лістапада Катэгорыя:Памерлі ў 1912 годзе Катэгорыя:Памерлі ў Магілёве Катэгорыя:Пахаваныя ў Магілёве Катэгорыя:Гісторыкі Расійскай імперыі Катэгорыя:Рэдактары Расійскай імперыі Катэгорыя:Публіцысты Расійскай імперыі Катэгорыя:Выпускнікі Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі Катэгорыя:Выкладчыкі Магілёўскай духоўнай семінарыі