Канстанці́н Валянці́навіч «Кузьма УО» Рабіно́ў (20 кастрычніка 1964, Омск, СССР — 16 сакавіка 2020, Санкт-Пецярбург, Расія) — савецкі і расійскі музыкант-авангардыст, паэт, мастак-калажыст. Вядомы як адзін з заснавальнікаў гурта «Гражданская оборона», паплечнік і ўдзельнік многіх праектаў Ягора Летава.

Біяграфія У 1979 годзе пачаў музычную дзейнасць, граючы на гітары ў гурце «Иван Морг и Мертвяки». У 1984 годзе пазнаёміўся з Ягорам Летавым, разам яны стварылі праект «Западъ», які праз некаторы час распаўся. 8 лістапада 1984 года разам з Летавым заснаваў гурт «Гражданская оборона». У канцы 1985 года нягледзячы на сур'ёзныя праблемы з сэрцам быў прызваны ў войска. Пасля дэмабілізацыі працягнуў творчую дзейнасць, прыняўшы ўдзел у рэстаўрацыі і перазапісе матэрыялу ранніх альбомаў «Гражданской обороны» («Поганая молодёжь» і «Оптимизм») у студзені 1988 года, а таксама далучыўшыся да сумеснага праекта Летава і Алега «Манагера» Судакова «Коммунизм». У 1989 годзе пачаў удзельнічаць у канцэртным складзе «Гражданской обороны». Пры запісе альбомаў граў на вялізнай колькасці інструментаў, а на канцэртах выступаў у якасці басіста (1989—1990) і сола-гітарыста (1994—1995, 1997—1999). У 1996 годзе ўтварыў уласны праект «Кузьма & ВиртУОзы». З 1999 года канчаткова спыніў свой удзел у «Гражданской обороне», пераехаў у Санкт-Пецярбург і заняўся сольнай творчасцю. Апошнія канцэрты ў складзе «Гражданской обороны» сыграў у 2004 годзе на 20-годдзі гурта ў Маскве і Пецярбургу. Нягледзячы на выхад з гурта да апошніх дзён захаваў сяброўскія адносіны з Летавым. У Санкт-Пецярбургу супрацоўнічаў з гуртом «Жопа новый год», перыядычна даваў сольныя канцэрты ў невялікіх клубах. З 2008 года супрацоўнічаў у розных складах з Сяргеем Летавым. У 2010—2018 гадах — у канцэртным складзе гурта «Коммунизм».

Крыніцы

Спасылкі Афіцыйны сайт

Катэгорыя:Рок-музыканты Расіі Катэгорыя:Рок-музыканты СССР