Андрэй Валяр’янавіч Пратасевіч () — ваенны хірург, педагог, палкоўнік медыцынскай службы.

Біяграфія Нарадзіўся 3 снежня 1891 года ў засценку Мяжонкі Пагосцкай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні. Бацька — Валяр’ян Ігнатавіч Пратасевіч, дваранін «рымскага веравызнання», маці Пульхерыя Пятроўна — праваслаўная. Паводле тагачасных законаў, ахрышчаны праваслаўным абрадам у Падзевіцкай царкве Ігуменскага павета.

У 1901—1910 гадах навучаўся ў Магілёўскай гімназіі, атрымаў атэстат 8 чэрвеня 1910 года, ужо 15 чэрвеня падаў прашэнне пра залічэнні на медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. У прашэнні пазначаны адрас Пратасевіча ў Магілёве — Выганная вуліца, за Быхаўскай брамай, дом Мурашкі.

Скончыў медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, ступень урача атрымаў 8 ліпеня 1918 года. У 1918 годзе паступіў на службу ў Чырвоную Армію. Удзельнік Грамадзянскай вайны. Пасля — на лячэбнай і выкладчыцкай рабоце ў Петраградзе-Ленінградзе.

Са студзеня 1929 года быў навуковым сакратаром Навуковага таварыства па вывучэнні Беларусі пры Беларускім студэнцкім зямляцтве ў Ленінградзе.

Удзельнік баёў на Халхін-Голе. У савецка-фінляндскую вайну — армейскі хірург.

З ліпеня 1941 да красавіка 1942 года служыў армейскім хірургам 13-й арміі ў складзе Заходняга (да верасня 1941) і Рэзервовага франтоў. Кіраваў хірургамі арміі ў Смаленскай бітве, Маскоўскай бітве і пры выкананні войскамі іншых задач. Затым, да канца Другой сусветнай вайны быў выкладчыкам Ваенна-медыцынскай акадэміі, дацэнт.

Звольнены з Узброеных сіл СССР 12 лістапада 1945 года ў званні палкоўніка медыцынскай службы. Памёр 23 снежня 1945 года.

Аўтар больш за 30 навуковых прац.

Узнагароды

Ордэн Чырвонага Сцягу (3.11.1944)

Ордэн Леніна (21.2.1945)

некалькі медалёў.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі