Беларускі інстытут у Празе () — незалежная чэшская некамерцыйная навуковая арганізацыя са штаб-кватэрай у Празе, заснаваная ў 2022 годзе. Інстытут спецыялізуецца на даследаваннях гісторыі Беларусі, Усходняй Еўропы, мовазнаўства, літаратуразнаўства, гісторыі культуры і гуманітарных навук, а таксама на рэалізацыі міжнародных навуковых праектаў і развіцці акадэмічнага супрацоўніцтва.

Гісторыя Рашэнне аб стварэнні Беларускага інстытута ў Празе было прынята падчас арганізацыйнай сустрэчы 20 студзеня 2022 года ў Доме нацыянальных меншасцей у Празе. 8 сакавіка 2022 года арганізацыя была афіцыйна зарэгістравана ў Чэшскай Рэспубліцы як zapsaný spolek (зарэгістраванае аб’яднанне). На момант завяршэння першага года дзейнасці Інстытут аб’ядноўваў сем членаў.

Першапачаткова дзейнасць Інстытута была скіравана на стварэнне адкрытай платформы для беларускіх даследчыкаў, развіццё акадэмічных кантактаў з навуковымі цэнтрамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, арганізацыю адкрытых лекцый і навуковых дыскусій. У 2024—2025 гадах дзейнасць арганізацыі ўсё больш канцэнтравалася на рэалізацыі міжнародных даследчых праектаў, выдавецкай дзейнасці і развіцці доўгатэрміновых акадэмічных партнёрстваў.

У 2025 годзе ў складзе Інстытута былі габілітаваны доктар, кандыдаты навук і магістры, у тым ліку Ніна Скеп’ян, Міраслаў Янковяк, Іна Каліта, Максім Каралёў.

У 2025 годзе арганізацыя перайшла ад этапу інстытуцыянальнага фарміравання да этапу кансалідацыі навуковых вынікаў.

Мэты і асноўныя напрамкі дзейнасці Мэтай Інстытута з’яўляецца развіццё беларускіх гуманітарных даследаванняў у міжнародным акадэмічным асяроддзі. Для яе дасягнення Інстытут:

праводзіць даследаванні па гісторыі Беларусі, Вялікага Княства Літоўскага, гісторыі Царквы, мовазнаўстве, літаратуры і культуры; арганізуе міжнародныя навуковыя канферэнцыі, сімпозіумы, адкрытыя лекцыі і семінары; ажыццяўляе падрыхтоўку і выданне навуковых манаграфій, крыніцазнаўчых выданняў, матэрыялаў канферэнцый і аналітычных даследаванняў; развівае міжнароднае супрацоўніцтва з універсітэтамі, архівамі, бібліятэкамі і навуковымі арганізацыямі; падтрымлівае выкарыстанне сучасных лічбавых метадаў у гуманітарных даследаваннях.

Семінар Вялікага Княства Літоўскага З верасня 2022 года пры Інстытуце дзейнічае Міжнародны навуковы гістарычны семінар Вялікага Княства Літоўскага, які хутка ператварыўся ў пастаянную пляцоўку для абмеркавання актуальных пытанняў і вынікаў новых даследаванняў. Семінар праводзіцца рэгулярна на працягу акадэмічнага года, звычайна адзін раз на два тыдні. У яго працы ўдзельнічаюць даследчыкі з Беларусі, Польшчы, Літвы, Украіны, Чэхіі, Швецыі і іншых краін.

З 2025 года семінар арганізуецца ў супрацоўніцтве з Групай літуаністычных даследаванняў (польск. Zespół Badań Lituanistycznych) Інстытута гісторыі імя Тадэвуша Мантэйфеля Польскай акадэміі навук у Варшаве і праводзіцца пад назвай Seminarium Lituanistyczne.

Навуковыя праекты Сярод асноўных даследчых праектаў Інстытута:

Fontes Historiae Collegii Polocensis Societatis Iesu — міжнародны праект па падрыхтоўцы археаграфічнага выдання лацінскіх крыніц па гісторыі Полацкага езуіцкага калегіума. Праект уключаў архіўныя даследаванні, падрыхтоўку навуковага апарату і пераклад крыніц на беларускую мову. Рэалізаваны пры фінансавай падтрымцы праграмы EU4Belarus (SALT). Гісторыя хрысціянства Беларусі па матэрыялах Ватыканскіх архіваў — даследчы праект, прысвечаны гісторыі хрысціянства на беларускіх землях, які распрацоўваецца на падставе дакументаў Ватыканскага апостальскага архіва. Праект рэалізуецца пры падтрымцы фонду Renovabis.

У межах гэтых праектаў Інстытут правёў архіўныя даследаванні, арганізаваў міжнародныя канферэнцыі і падрыхтаваў навуковыя публікацыі.

З 2022 г. пад эгідай Інстытута працягнуў выданне навуковы штогоднік «Латыши и белорусы: вместе сквозь века» (ISSN 2312—2188, выдаецца з 2012 года).

Канферэнцыі Да найбольш значных навуковых мерапрыемстваў належаць:

міжнародны сімпозіум «Instituce v exilu: Sto let od příchodu exilové vlády Běloruské lidové republiky do Prahy / Урад на выгнанні: сто гадоў з часу прыбыцця ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі на выгнанні ў Прагу» (Прага, 2023), арганізаваны сумесна са Славянскай бібліятэкай Нацыянальнай бібліятэкі Чэхіі; Воркшоп «Беларуска-латвійскія даследаванні: сучасны стан і перспектывы» (Рыга, Музей акупацыі Латвіі, 9 лістапада 2024 г.) міжнародная канферэнцыя «Źródła i konteksty: Nowe perspektywy badań nad historią religii i Kościoła na ziemiach Rzeczypospolitej / Крыніцы і кантэксты: новыя перспектывы даследаванняў гісторыі рэлігіі і Касцёла на землях Рэчы Паспалітай» (Варшава, 2025), якая стала галоўным навуковым мерапрыемствам праекта Fontes Historiae Collegii Polocensis Societatis Iesu; удзел у арганізацыі канферэнцыі «Вялікае Княства Літоўскае: адзінства ў разнастайнасці» (Вільня, 2025); арганізацыя тэматычнай панэлі «Выданне гістарычных крыніц: сучасны стан і перспектывы» на Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі (Берлін, 2025), прысвечанай выкарыстанню лічбавых тэхналогій, OCR і штучнага інтэлекту пры падрыхтоўцы публікацыі гістарычных крыніц

Навукова-асветніцкая і папулярызатарская дзейнасць З 2023 года Інстытут вядзе ўласны YouTube-канал, на якім публікуюцца запісы лекцый, навуковых дыскусій і семінараў. Інстытут таксама арганізоўвае адкрытыя лекцыі, кніжныя прэзентацыі, культурныя мерапрыемствы і літаратурныя сустрэчы. У 2022—2023 гадах адбылося 17 адкрытых лекцый, 7 кніжных прэзентацый і некалькі культурных праектаў.

Міжнароднае супрацоўніцтва Беларускі інстытут у Празе супрацоўнічае з універсітэтамі, бібліятэкамі, архівамі і даследчымі цэнтрамі Чэхіі, Польшчы, Літвы і іншых краін. Сярод яго партнёраў — Нацыянальная бібліятэка Чэшскай Рэспублікі (Славянская бібліятэка), Інстытут гісторыі Польскай акадэміі навук, Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт і іншыя навуковыя ўстановы.

Выданні

Instituce v exilu: sto let od příchodu exilové vlády Běloruské lidové republiky do Prahy. Прага: Běloruský institut v Praze; Národní knihovna ČR — Slovanská knihovna, 2025. ISBN 978-80-7050-826-8. Fontes Historiae Collegii Polocensis Societatis Iesu 1579—1611 = Крыніцы па гісторыі Полацкага калегіума Таварыства Езуса 1579—1611 / навук. рэд. А. Скеп’ян, Н. Скеп’ян, Г. Паўлоўская, І. Каліта, А. Адамовіч, Д. Мінкевіч. Warszawa: Wydawnictwo Campidoglio, 2025. 566 с. ISBN 978-83-68202-51-9.

Спасылкі

Серыя штогоднікаў «Латыши и белорусы: вместе сквозь века» Facebook Беларускага інстытута ў Празе Youtube-канал Беларускага інстытута ў Празе

Крыніцы

Літаратура

Kalita I. Běloruský institut v Praze. Opera Slavica. 2024. Vol. 34, No. 2. P. 199—208. Каліта І., Скеп’ян Н. Беларускі інстытут у Празе. International Journal of Belarusian Glottodidactics. 2024. № 8. С. 75-77.

Катэгорыя:Арганізацыі беларусаў Чэхіі Катэгорыя:Арганізацыі Прагі Катэгорыя:Арганізацыі, заснаваныя ў 2022 годзе Катэгорыя:Гісторыкі Катэгорыя:Мовазнаўцы Катэгорыя:Гісторыя Беларусі Катэгорыя:Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага