Светлагорскі гісторыка-краязнаўчы музей — музей у горадзе Светлагорску Гомельскай вобласці Беларусі.
Гісторыя Музей гісторыі горада Светлагорска быў заснаваны 30 снежня 1978 года як грамадскі музей.
У 1979 годзе музей атрымаў статус дзяржаўнай установы «Музей гісторыі горада» (рашэнне Гомельскага аблвыканкама № 629 ад 05.11.1979).
1 лютага 2010 года музей перайменаваны ў дзяржаўную ўстанову культуры «Светлагорскі гісторыка-краязнаўчы музей».
У 2015 годзе была адкрыта экспазіцыя «Аперацыя Баграціён», якая знаёміць з дакументамі, экспанатамі часоў Вялікай Айчыннай вайны.
Дзейнасць
На першым паверсе музея ў экспазіцыйных залах можна пазнаёміцца з прыродай і экалогіяй, археалогіяй і этнаграфіяй Светлагорскага раёна, прадстаўлены тэмы Вялікай Айчыннай вайны. На другім паверсе экспазіцыя знаёміць аб развіцці прамысловасці Светлагоршчыны, раскрывае тэму воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Місія Светлагорскага гісторыка-краязнаўчага музея: збіраць і вывучаць, захоўваць прыродную і гісторыка-культурную спадчыну Светлагорскага раёна. У фондах музея захоўваюцца ўзоры жаночага і мужчынскага адзення (канца XIX—пачатку XX ст.): кашулі, камізэлькі, фартухі, галаўныя ўборы, абутак, таксама ёсць калекцыя паясоў канца XIX стагоддзя з вёскі Карпавічы Светлагорскага раёна і калекцыя прадметаў побыту і этнаграфіі.
У фондах музея маюцца друкаваныя выданні, сярод якіх унікальным з’яўляецца Энцыклапедычны слоўнік пад рэдакцыяй прафесара І. Я. Андрыеўскага. У музейным зборы ёсць фотадакументы па гісторыі Парыцкага жаночага вучылішча духоўнага ведамства і сапраўдны альбом жаночага вучылішча (1910 года).
На тэрыторыі музея размешчаны Каралеваслабодскі камень з крыжам.
Філіялы Карцінная галерэя «Традыцыя» імя Г. М. Пранішнікава ў Светлагорску. Музей баявой і працоўнай славы імя А. К. Пішчалава ў аграгарадку Чыркавічы. Філіял музея "Мемарыяльны комплекс «Ала». Урочышча Ала Чыркавіцкага сельсавета. Комплекс вайсковай славы ў гонар аперацыі «Баграціён» (каля вёскі Раковічы Мікалаеўскага сельсавета, 71-ы кіламетр рэспубліканскай трасы Р-31 «Бабруйск — Мазыр»). Музейны комплекс прадстаўлены ўзорамі ваеннай тэхнікі і ўзбраення, усталяваны савецкі танк ІС-3 і дывізіённая гармата Д-44 (85 мм).
Экспазіцыі «На ўлонні прыроды» — зала аформлена фотапраекцыямі пор года; ў экспазіцыі прадстаўлены чучалы жывёл, птушак, гербарыі. «Вытокі культуры» — матэрыялы раскопак археалагічных помнікаў Светлагорскага раёна (в. Красноўка, неаліт, бронзавы век; в. Прудок, жалезны век Х-ХІІІ стст.; в. Каралеўская Слабада — на месцы сярэднявечнага г. Казімір, XVII ст; Шацілінскі востраў, VI—XVII стст.). Рэканструкцыя вертыкальнага ткацкага станка VI—IХ стст., рэканструкцыя адзення гараджанкі ХI-ХII стст. «Этнаграфічны партрэт Светлагорскага краю» — зала аформлена як вясковая вуліца з фрагментам беларускай хаты, прадметамі сялянскага побыту. Калекцыяй фотадакументаў прадстаўлены тэмы сям’і Пушчына і першага расійскага амбасадара ў Японіі Іосіфа Антонавіча Гашкевіча. «На пераломе эпох» прадметы інтэр’еру канца XIX — 30-х гг. XX ст; фотадакументы рэвалюцыйных падзей, перыяду калектывізацыі, палітычных рэпрэсій. Прадстаўлены калекцыі нумізматыкі, баністыкі. «Ваеннае ліхалецце» — экспануецца ваенны рыштунак і атрыбутыка, зброя і боепрыпасы, ваенная форма, парэшткі баявых караблёў, франтавыя лісты, асабістыя рэчы П. І. Батава, фотадакументы, дакументы, калекцыя фалерыстыкі. «Шацілкаўская суднаверф» — фотадакументы і дакументы працы Шацілкаўскай суднаверфі канца 1940-х — 1950-х гадоў. «Афганістан» фотадакументы і дакументы воінаў-інтэрнацыяналістаў, ваенная амуніцыя салдат Савецкай Арміі, фалерыстыка, ваенны рыштунак і атрыбутыка. «Ганаровыя грамадзяне г. Светлагорска» — узнагароды, фотадакументы і дакументы ганаровых грамадзян г. Светлагорска, кіраўнікоў горада і раёна, калекцыя вексілалогіі. Прамысловыя прадпрыемствы горада Светлагорска — Васілевіцкая ДРЭС, ААТ «Будаўнічы трэст № 20», ААТ «Светлагорскі ДСК», ААТ «Светлагорскхімвалакно», прадпрыемства «Беларуснафта», ААТ «Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат». Прадстаўлены калекцыі вексілалогіі, фотадакументы і дакументы па гісторыі будаўніцтва і развіцця прамысловых прадпрыемстваў, узоры прадукцыі горадаўтваральных прадпрыемстваў, сцягі і вымпелы савецкай эпохі, мэбля і канцылярскія прыналежнасці 1950-1960-х гадоў.
Крыніцы
Спасылкі
Светлагорскі гісторыка-краязнаўчы музей
Катэгорыя:Музеі Гомельскай вобласці Катэгорыя:Культура Светлагорска