Жоўткі, таксама Міткевічы-Жоўткі () — шляхецкі род герба «Ястрабец», вядомы з другой паловы XVI стагоддзя ў Рэчыцкім павеце Вялікага Княства Літоўскага. У канцы XVIII — пачатку XX стагоддзя галіны роду жылі таксама ў Мінскім, Ігуменскім, Барысаўскім, Бабруйскім і Рагачоўскім паветах і былі прызнаны ў дваранстве Расійскай імперыіГлінскі Я. Жоўткі, Міткевічы-Жоўткі (Żołtek, Mitkiewicz-Żołtek) герба «Ястрабец» // Гербоўнік беларускай шляхты. Т. 6: Е, Ё, Ж / Я. С. Глінскі (кіраўнік), Д. Ч. Матвейчык, Ю. М. Снапкоўскі; навук. рэд. А. Рахуба. — Мінск: Беларусь, 2020. — С. 255—261..
Гісторыя
У Вялікім Княстве Літоўскім Радавод пачынаецца ад Даніэля, які 18 снежня 1568 года атрымаў ад караля і вялікага князя Жыгімонта II Аўгуста пусташы Лянавічы і Сыкава пры вёсцы Сенажаткі Рэчыцкага павета. Яго сын Савасцьян 16 ліпеня 1595 года за ваенную службу атрымаў ад Жыгімонта III Вазы землі Назаркаўшчына і Белавусаўшчына ў тым жа павеце. Звесткі пра раннія пакаленні роду вядомыя пераважна з пераказаў дакументаў у дваранскіх справах XIX стагоддзя.
У 1648 годзе ўнукі Савасцьяна — Багдан, Іван, Кузьма і Юрка — разам з Фёдарам Закрэўскім і іншымі асобамі атрымалі дэкрэт Задворнага асэсарскага суда па справе супраць рэчыцкага харужага Мікалая Юдыцкага аб землях у вёсках Сенажаткі і Слабада, што засталіся пасля Даніэля Мацковіча. У 1748 годзе Ян і Казімір Жоўткі атрымалі пацвярджальны прывілей караля Аўгуста III на маёнтак у ваколіцы Сенажаткі.
Ужо ў пачатку XVIII стагоддзя частка роду жыла ў Мінскім павеце: у 1708 годзе браты Базыль, Стэфан і Мікалай атрымалі ад сваякоў з Рэчыцкага павета пасведчанне аб супольным паходжанні, а ў 1731 годзе — пасведчанне чыноўнікаў і шляхты Рэчыцкага павета аб іх шляхецтве.
У Расійскай імперыі Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай прадстаўнікі роду даказвалі сваё паходжанне ў губернскіх дваранскіх дэпутацкіх сходах. Нашчадкі рэчыцкай лініі выводзіліся ў Магілёўскім дэпутацкім сходзе ў 1808 і 1835 гадах; іх дваранства было зацверджана ўказамі Сената ад 10 студзеня 1828 і 21 кастрычніка 1842 года з унясеннем у 6-ю частку радаводнай кнігі Магілёўскай губерні.
Мінская галіна правяла асобны вывад у Мінскім дэпутацкім сходзе 7 снежня 1803 года з унясеннем у 1-ю частку радаводнай кнігі Мінскай губерні. Дадатковай пастановай 1829 года да яе была далучана галіна з Бабруйскага павета, якая выводзіла сябе ад Гераніма (нарадзіўся каля 1760 года): пры далучэнні яго атаясамлівалі з Рыгорам з мінскай галіны і называлі «Геранімам-Рыгорам», што даследчыкі лічаць штучным, хаця супольнае паходжанне абедзвюх галін ацэньваецца як вельмі верагоднае. У 1835 і 1857 гадах гэтыя галіны былі судалучаны Магілёўскім дэпутацкім сходам да роду, прызнанага ў 1808 годзе; іх дваранства канчаткова зацверджана ўказам Сената ад 28 красавіка 1858 года.
Частка дакументаў XVII—XVIII стагоддзяў, пададзеных падчас вывадаў (тастаменты, інтрамісіі, прадажныя правы), ацэньваецца даследчыкамі як сумнеўная, а адзін з тастаментаў, датаваны 1773 годам, — як сфальсіфікаваны, таму генеалагічныя сувязі паміж асобнымі галінамі роду нельга лічыць цалкам даказанымі.
Не ўсе прадстаўнікі роду захавалі саслоўны статус. Пастановы Мінскага дэпутацкага сходу 1865, 1872 і 1874 гадоў аб далучэнні да роду сыноў Ігната з барысаўскай галіны не былі зацверджаны Сенатам, і з 1869 года гэтыя сем'і знаходзіліся ў складзе сялян і мяшчан.
Уладанні Жоўткі належалі да дробнай засцянковай шляхты. У XIX стагоддзі іх сядзібы знаходзіліся пераважна ў Ігуменскім павеце — ва ўрочышчах Барсукова Града, Баравая Слабада, Гіжгайлава і Жабіхава, у фальварках Наваполле і Курадава, а таксама ў засценках Бадзенкі, Жаліна, Уцешын і іншых. Зямельныя ўладанні асобных сем'яў складалі ад 25 да 110 дзесяцін, а некаторыя прадстаўнікі зямлі не мелі.
Вядомыя прадстаўнікі Аляксандр (ахрышчаны ў 1746) — у 1793—1798 гадах заключаў кантракты на арэнду зямлі з брыгадзірам Якубам Есьманам, у 1803 годзе правёў вывад шляхецтва мінскай галіны роду. Пётр — наглядчык пошты ў мястэчку Смалявічы Барысаўскага павета (1827—1829). Антоні (ахрышчаны ў 1823) — калежскі рэгістратар. Апалінары (ахрышчаны ў 1834) — удзельнік паўстання 1863—1864 гадоў, памёр пасля 1872 годаМатвейчык Д. Ч. Удзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў: біяграфічны слоўнік (паводле матэрыялаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі). — Мінск: Беларусь, 2016. — С. 220.. Караль (нарадзіўся ў 1871) — запасны старшы ўнтэр-афіцэр лейб-гвардыі Егерскага палка, жыў у Санкт-Пецярбургу (1904).
Герб Род карыстаўся гербам «Ястрабец»: у блакітным полі залатая падкова, звернутая канцамі ўгору, з кавалерскім крыжам пасярэдзіне, у клейнодзе — ястраб з падковай. Выява герба Жоўткаў апублікавана на ўклейцы шостага тома «Гербоўніка беларускай шляхты» (мал. 49).
Літаратура Глінскі, Я. Жоўткі, Міткевічы-Жоўткі (Żołtek, Mitkiewicz-Żołtek) герба «Ястрабец» // Гербоўнік беларускай шляхты. Т. 6: Е, Ё, Ж / Я. С. Глінскі (кіраўнік), Д. Ч. Матвейчык, Ю. М. Снапкоўскі; навук. рэд. А. Рахуба. — Мінск: Беларусь, 2020. — С. 255—261. Матвейчык, Д. Ч. Удзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў: біяграфічны слоўнік (паводле матэрыялаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі). — Мінск: Беларусь, 2016. — С. 220.
Катэгорыя:Шляхецкія роды Катэгорыя:Вялікалітоўская арыстакратыя Катэгорыя:Дваранскія роды Расійскай імперыі