Падзорная труба — аптычная прылада для назірання далёкіх прадметаў адным вокам. Вядома з канца 16 — пачатку 17 ст. У 1609 годзе падзорную трубу 32-кратнага павелічэння пабудаваў і выкарыстаў для астранамічных даследаванняў Галілеа Галілей. Іншы тып падзорнай трубы прапанаваў у 1610—11 гадах Іаган Кеплер (пабудавана каля 1630).

Асноўныя элементы падзорнай трубы — аб’ектыў і акуляр. Аб’ектыў — збіральная сістэма; дае сапраўдны, паменшаны і перавернуты відарыс аддаленага прадмета паблізу факальнай плоскасці. У схеме Галілея акуляр — рассейвальная лінза, размешчаная паміж аб’ектывам і яго факальнай плоскасцю, дае прамы відарыс. У схеме Кеплера акуляр — збіральная лінза, у якую відарыс, атрыманы пасля аб’ектыва, разглядаецца, як у лупу (відарыс застаецца перавернутым); для атрымання прамога відарыса паміж аб’ектывам і акулярам змяшчаюць абарачальную сістэму. Сучасныя падзорныя трубы маюць поле зроку 90—100° і павелічэнне ў дзясяткі разоў. Літаратура

Катэгорыя:Аптычныя прыборы