Літо́ўская мо́ва — гістарычны экзалінгвонім (знешняя назва), а ў асобных выпадках і эндалінгвонім (унутраная назва), які выкарыстоўваўся ў еўрапейскай, расійскай і ўсходнеславянскай навуковай, літаратурнай і лексікаграфічнай практыцы ў XVI — першай палове XIX стагоддзя для абазначэння старабеларускай кніжнай мовы, а таксама жывых беларускіх народных гаворак.
Узнікненне і пашырэнне гэтага тэрміна ў дачыненні да славянскай мовы тлумачыцца дзяржаўна-палітычнымі фактарамі: пераносам назвы дзяржавы (Вялікае Княства Літоўскае) на мову яе асноўнага насельніцтва паводле прынцыпу часткі і цэлага (totum pro parte). Гэтая з’ява цесна звязана з гістарычным выкарыстаннем палітоніма і этноніма «літвін» у дачыненні да продкаў сучасных беларусаў.
У заходнееўрапейскай навуцы і ўсходнеславянскай пісьмовай традыцыі назва «літоўская мова» ў дачыненні да беларускай існавала паралельна з такімі гістарычнымі тэрмінамі, як «руская», «русінская» ці «крывіцкая». У першай трэці XIX стагоддзя ў працэсе станаўлення навуковага мовазнаўства, удакладнення геаграфічных і этнічных меж, а таксама неабходнасці размежавання балцкіх і славянскіх моў, гэты тэрмін паступова трансфармаваўся ў складаныя пераходныя лінгвонімы («літоўска-руская», «руска-літоўская»), пакуль у другой палове XIX стагоддзя не быў канчаткова выцеснены тэрмінам «беларуская мова».
Перадумовы ўзнікнення лінгвоніма Фарміраванне лінгвоніма «літоўская мова» ў дачыненні да славянскага маўлення было абумоўлена спецыфікай утварэння і развіцця Вялікага Княства Літоўскага. Паколькі дзяржава мела шматэтнічны характар, у яе межах адбывалася інтэнсіўнае ўзаемадзеянне балцкага і славянскага насельніцтва. Уключэнне ў склад княства былых тэрыторый Кіеўскай Русі прывяло да таго, што славянамоўныя жыхары складалі значную частку насельніцтва, а іх пісьмовая мова (старабеларуская ці заходнеруская) набыла статус афіцыйнай мовы дзяржаўнага справаводстваStang C. Die westrussische Kanzleisprache des Grossfurstentums Litauen. Oslo, 1935..
З цягам часу этнонім «літвіны» набыў характар палітоніма, якім сталі называць усіх жыхароў дзяржавы незалежна ад іх этнічнага паходжання і роднай мовы. Адпаведна, і мова, на якой ствараліся дзяржаўныя дакументы, летапісы і рэлігійныя тэксты, у вачах суседніх народаў і іншаземцаў пачала асацыявацца з назвай самой дзяржавы і яе палітонімам. Такі перанос назвы з’яўляецца нармальнай гістарычнай практыкай, калі знешнія назіральнікі не ўдаюцца ў дэталі ўнутранай этналінгвістычнай стратыфікацыі, а называюць мову паводле дзяржаўнай прыналежнасці яе носьбітаў. Ужо ў другой палове XVI стагоддзя польскі храніст Мацей Стрыйкоўскі выкарыстоўваў камбінаваны тэрмін «Bielorussacy Litewcy» для абазначэння жыхароў Полацка і прылеглых тэрыторыйStryjkowski M. Kronika polska, litewska, żmódzka i wszystkiej Rusi. T. 1. Warszawa: Nakład Gustawa Leona Glucksberga, Księgarza, 1846. S. 111..
Згодна з даследаваннямі гісторыка Георгія Галенчанкі, у XIV—XVI стагоддзях паняцці «літвін» і «літовец» былі шматзначнымі і мелі ў гістарычных крыніцах прынамсі шэсць розных значэнняў. Сярод іх найбольш пашыранымі былі: па-першае, абазначэнне дзяржаўнай (абывацельскай) прыналежнасці ўсіх жыхароў ВКЛ (беларусаў, літоўцаў, украінцаў і інш.) незалежна ад іх этнічнага аблічча, і, па-другое, абазначэнне выхадцаў з ВКЛ (у тым ліку ўсходнеславянскага паходжання) у Маскоўскай дзяржаве, дзе «літвінамі» маглі называць любых дыпламатычных ці гандлёвых прадстаўнікоў суседняй дзяржавы. Менавіта такое шырокае, палітычна-дзяржаўнае разуменне этноніма і прывяло да таго, што суседнія народы, асабліва ў Масковіі, пачалі называць мову славянамоўных грамадзян ВКЛ «літоўскай».
У дыпламатычнай і канцылярскай практыцы мяжы XV—XVI стагоддзяў паняцці «русінская» і «літоўская» мовы часта перапляталіся або ўжываліся як сінонімы. Напрыклад, у 1501 годзе пасол вялікага князя Аляксандра Эразм Цёлак падчас аўдыенцыі ў Ватыкане адзначаў, што літвіны маюць сваю мову, але звычайна карыстаюцца «русінскай» (старабеларускай), паколькі яна больш зграбная і зручная для ўжытку. Пры гэтым сакратар дзяржаўнай канцылярыі ВКЛ Івашка Сапега ў адных папскіх булах называўся «сакратаром русінскім» (secretarius Ruthenicus), а ў іншых граматах вялікага князя — «сакратаром літоўскім» (secretarius noster Litvanus), што сведчыць пра практычную тоеснасць гэтых лінгвонімаў пры апісанні афіцыйнай пісьмовай мовы дзяржавы.
У ХІХ стагоддзі інтэлігенцыя, якая паходзіла з беларускіх земляў, таксама часта самаідэнтыфікавала сябе як літвінаў, а мясцовую славянскую гаворку ўскосна ці прама называла «літоўскай». Як адзначаў даследчык Адам Мальдзіс, у мемуарнай і падарожнай літаратуры ХІХ стагоддзя гістарычная і геаграфічная назва «Літва» працягвала ўжывацца ў дачыненні да Беларусі, а прыметнік «літоўскі» выкарыстоўваўся ў значэнні «беларускі» (напрыклад, у выразах «наш літоўскі народ», «літоўскі патрыятызм», «літоўска-руская грамада»). У гэты ж час пачалі фіксавацца і складаныя назвы з кампанентам «літоўскі» — «літоўска-руская» або «славяна-літоўская» мова.
Фіксацыя тэрміна ў літаратуры і навуцы XVI—XVIII стагоддзяў Практыка называць славянамоўных жыхароў Вялікага Княства Літоўскага «літоўцамі», а іх мову «літоўскай» пачала замацоўвацца ў еўрапейскай літаратуры з XVI стагоддзя. Гэта было характэрна як для іншаземных падарожнікаў, так і для першых філолагаў. З ліку найбольш ранніх сведчанняў падобнага роду з'яўляецца меркаванне Гераніма Пражскага, які ў канцы XIV стагоддзя быў місіянерам у Літве: ён сцвярджаў, што літоўцы гавораць на славянскай мове і з'яўляюцца славянскім народам.
Тэрміналагічнае размежаванне «літоўскай» (як славянскай) і ўласна балцкай мовы прасочваецца ўжо ў лацінамоўных царкоўных актах пачатку XV стагоддзя. Напрыклад, пры заснаванні Медніцкай каталіцкай епархіі ў Жамойці ў 1417 годзе віленскі пробашч Мацей, прызначаны туды біскупам, характарызаваўся ў дакументах Канстанцкага сабору як «літвін паводле паходжання» (origine Lytwanum), які пры гэтым выдатна валодае асобнай «жамойцкай гаворкай» (sciensque gentis Samaitice ydioma). З гэтага вынікае, што «літоўская мова» каталіцкага духавенства і знаці ВКЛ выразна адрознівалася тагачаснымі храністамі ад балцкага маўлення жамойтаў.
Пазней аўстрыйскі дыпламат Сігізмунд фон Герберштэйн у сваёй працы «Запіскі аб Масковіі» (1549), сутыкаючыся з камбінаванымі назвамі накшталт «літвін-беларусец», часта блытаўся ў этнічнай стратыфікацыі і называў славянскую мову насельніцтва рускай часткі Вялікага Княства Літоўскага «літоўскай»Герберштейн С. Записки о Московии: в 2 т. М., 2008. Т. 1. С. 31, 207. (хаця ў іншым месцы ён выразна пісаў пра славянскую мову, якая супадала з рускай і маскавіцкай).
Яшчэ адным яскравым сведчаннем таго, што пад «літоўскай мовай» разумелася беларуская, з'яўляецца прывілей (грамата) вялікага князя Аляксандра, выдадзены ў верасні 1501 года віленскаму каталіцкаму біскупу Альберту Табару. Дакумент канстатаваў праблему: мясцовыя святары не ведаюць «літоўскай гаворкі» і таму не могуць належным чынам навучаць сваіх парафіян слову Божаму (набажэнствы тады вяліся па-лацінску). Каб выправіць сітуацыю, біскуп атрымаў права прызначаць ксяндзоў, якія валодалі б гэтай «літоўскай гаворкай», у 28 парафій Віленскай епархіі. Сярод цэнтраў, дзе патрабавалася веданне гэтай мовы, былі пералічаны Ліда, Слонім, Валожын, Маладзечна, Радашковічы, Койданава і шэраг іншых паселішчаў. Улічваючы выключна беларускі этнічны характар гэтых гарадоў і мястэчак, даследчыкі робяць адназначную выснову, што «літоўскай гаворкай» у дакуменце называлася менавіта жывая беларуская мова.
Падобны падыход сустракаецца і ў першых еўрапейскіх лінгвістычных працах. Так, аўтар адной з першых лацінамоўных граматык польскай мовы «Polonicae grammatices institutio» (1568) Пётр Статорыюс-Стоенскі пісаў пра існаванне мазавецкага, рускага і «літоўскага» дыялектаў побач з польскай мовай, прычым пад літоўскім дыялектам мелася на ўвазе менавіта беларуская моваЗволінський П. Погляди європейських граматистів ХV-XIX ст. на українську та білоруську мови // Мовознавство. 1969. № 4. С. 58-59.. Швейцарскі вучоны-энцыклапедыст Конрад Геснер, які ў сваім фундаментальным шматмоўным даведніку «Мітрыдат» (1555) сабраў звесткі пра ўсе вядомыя на той час мовы, таксама сцвярджаў, што «іншыя аўтары пішуць, што літоўцы проста гавораць па-ілірыйску» (), адносячы такім чынам іх мову да славянскай групыGessner K. Mithridates. De differentiis linguarum tum veterum tum quae hodie apud diversas nationes in toto orbe terrarum in usu sunt … observationes. Zürich: Ch. Froschauer, 1555. f. 60.. Гэтая традыцыя працягвалася і пазней: у пачатку XVIII стагоддзя славацкі падарожнік Даніэль Крман падчас свайго падарожжа таксама называў беларускую мову «літоўскай», зыходзячы выключна з дзяржаўнай прыналежнасці жыхароў рэгіёна, праз які ён праязджаў.
Экзалінгвонім «літоўская мова» (ці «па-літоўску») актыўна выкарыстоўваўся і ў самой усходнеславянскай лексікаграфічнай традыцыі мяжы XVI—XVII стагоддзяў, у прыватнасці, пры перакладзе і вытлумачэнні царкоўнаславянскіх тэкстаў. Вядомы асветнік і мовазнавец Лаўрэнцій Зізаній у назве свайго «Катэхізіса», выдадзенага ў Маскве ў 1627 годзе, выкарыстаў выраз «па-літоўску» для абазначэння беларускай мовы: слова «катихизис» ён растлумачыў «па-літоўску» як «оглашеніе»Зізаній Л. Катэхізіс. Масква, 1627.. Паводле меркаванняў даследчыкаў, у тым ліку Яўхіма Карскага, такое азначэнне магло належаць не самому Л. Зізанію, а маскоўскім выдаўцам, для якіх перанос назвы дзяржавы (Літва) на пануючую ў ёй пісьмовую мову быў цалкам натуральным і часта выкарыстоўваўся ў маскоўскім справаводстве.
Аналагічная з’ява назіраецца і ў славутым слоўніку Памвы Бярынды «Лексікон славенароскі», выдадзеным у Кіеве ў 1627 годзе, дзе для тлумачэння некаторых слоў выкарыстоўвалася памета «литовски» (літоўскі), што таксама азначала старабеларускую кніжную мовуБярында П. Лексікон славенароскі. Кіеў, 1627.. Такім чынам, у свядомасці як замежных, так і расійскіх і ўкраінскіх кніжнікаў таго часу мова жыхароў Вялікага Княства Літоўскага трывала асацыявалася з палітонімам «Літва», што і спарадзіла ўстойлівы лінгвонім, які існаваў у навуцы на працягу некалькіх стагоддзяў і ствараў пэўныя цяжкасці для навукоўцаў пазнейшага перыяду пры класіфікацыі ўсходнееўрапейскіх моў.
У XVIII стагоддзі выраз «літоўская мова» ў дачыненні да беларускай зрэдку выкарыстоўвалі і аўтахтонныя жыхары Вялікага Княства Літоўскага. Напрыклад, дзяржаўны дзеяч і пісьменнік Удальрык Радзівіл выступаў з заклікам да рэформы «літоўскай» граматыкі на фанетычнай аснове, маючы на ўвазе менавіта беларускую мову.
Еўрапейская гістарычная картаграфія таксама дэманструе прыклады падобнай тэрміналагічнай і моўнай неадназначнасці. Напрыклад, на карце «Літва» (Lithuania), падрыхтаванай і выдадзенай у Венецыі ў 1696 годзе італьянскім картографам Вінчэнца Марыя Каранелі, прыводзіліся назвы Вільні на розных мовах. Сярод іх усходнеславянская форма Wilenski была суаднесена менавіта з літоўскай мовай. Гэты гістарычны факт нават у сучасных заходніх даследчыкаў выклікае неабходнасць дадатковага ўдакладнення таго, што пад «літоўскай» на карце ў дадзеным выпадку мелася на ўвазе старабеларуская мова.
«Літоўская мова» ў еўрапейскім мовазнаўстве пачатку XIX стагоддзя У пачатку XIX стагоддзя, калі параўнальна-гістарычнае мовазнаўства рабіла толькі першыя крокі, еўрапейскія навукоўцы ўсё яшчэ сутыкаліся са значнымі цяжкасцямі пры класіфікацыі ўсходнееўрапейскіх моў і дыялектаў. З-за недахопу правераных палявых дадзеных і моцнага ўплыву старых гістарычных трактатаў у заходнееўрапейскай навуцы працягвала існаваць блытаніна паміж балцкімі і славянскімі мовамі. У выніку беларуская мова ў фундаментальных еўрапейскіх даведніках часта хавалася пад этнонімам «літоўцы» і лінгвонімам «літоўская мова» (ці яе «дыялектамі»).