Латві́йскае тава́рыства белару́скай культу́ры «Світа́нак» () — грамадская культурна-асветніцкая арганізацыя, якая дзейнічае ў Латвіі. З'яўляецца найстарэйшай арганізацыяй нацыянальных меншасцей Латвіі і першай дэмакратычнай суполкай беларускай дыяспары ў краіне пасляваеннага часу. Цэнтр таварыства знаходзіцца ў Рызе.
Гісторыя Таварыства «Світанак» было заснавана на хвалі нацыянальнага Адраджэння (Атмоды) у Латвіі ў канцы 1980-х гадоў, калі пачаўся працэс барацьбы за аднаўленне незалежнасці краіны.
Ідэя стварэння беларускай арганізацыі ўзнікла ўвосень 1988 года ў адказ на спробы аб'яднаць рускіх, украінцаў і беларусаў Латвіі ў адзінае «Балта-славянскае культурнае таварыства». Частка беларускай інтэлігенцыі, у прыватнасці, мастак Вячка Целеш, не пагадзілася ўваходзіць у рускацэнтрычную арганізацыю і вырашыла стварыць уласнае нацыянальнае аб'яднанне. Ініцыятыву падтрымаў беларускі паэт Сяргей Панізнік, які наведаў Рыгу, а таксама адзін з лідараў Народнага фронту Латвіі Яніс Пэтэрс.
13 лістапада 1988 года ў Доме культуры прафсаюзаў у Рызе адбыўся арганізацыйны сход, на якім была абрана ініцыятыўная група. 20 лістапада група на чале са Сяргеем Кузняцовым, Вячкам Целешам і Уладзімірам Усікам напісала статут. Назву «Світанак» абралі ў гонар вядомай аднайменнай песні кампазітара Ігара Лучанка (на словы Уладзіміра Някляева), якая ў першыя гады існавання была неафіцыйным гімнам арганізацыі.
Устаноўчы сход Латвійскага таварыства беларускай культуры (ЛТБК) «Світанак» адбыўся 27 лістапада 1988 года. У таварыства адразу ўступіла больш за 100 чалавек. Першым старшынёй быў абраны малады навуковец-медык Сяржук Кузняцоў, яго намеснікам — мастак Вячка Целеш. У лік першых сяброў арганізацыі ўвайшла вядомая латышская філолаг і перакладчыца Мірдза Абала.
Таварыства «Світанак» стала адным з заснавальнікаў Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч (АНКТЛ).
Дзейнасць Галоўнымі мэтамі таварыства былі абвешчаны захаванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, мовы, культуры і гістарычнай спадчыны, а таксама іх папулярызацыя ў Латвіі.
Найбольш плённымі для арганізацыі сталі 1989—1994 гады. За гэты час пры «Світанку» былі створаны: Беларуская мастацкая студыя «Вясёлка»; Аб’яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар» (1991); Беларуская нядзельная школа; Рыжская Беларуская асноўная школа (1994), дырэктарам якой стала Ганна Іванэ; Беларуская радыёпраграма «Світанак» на Латвійскім радыё (выходзіць з 1991 года, нязменная вядучая — Таццяна Касуха); Вакальны ансамбль «Світанак».
У 1989 годзе таварыства аднавіла выданне газеты «Голас Беларуса» (рэдактар Вадзім Паўловіч), якая раней выдавалася ў Латвіі Кастусём Езавітавым у 1920-я гады. У 1993 годзе з дапамогай міністэрстваў Беларусі і беларускай дыяспары Канады пачалося выданне часопіса «Світанак». Сучасная інфармацыйная дзейнасць таварыства вядзецца праз уласны інтэрнэт-сайт (svitanak.eu).
ЛТБК «Світанак» падтрымлівае цесныя сувязі са Згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына», удзельнічае ў З'ездах беларусаў свету, а таксама супрацоўнічае са шматлікімі беларускімі суполкамі Латвіі, Літвы і Эстоніі.
Арганізацыя рэгулярна ладзіць Дні беларускай культуры ў Латвіі, літаратурна-музычныя вечарыны, мастацкія выставы і адзначае традыцыйныя беларускія святы (Каляды, Громніцы, Дзень Волі). Сярод гасцей мерапрыемстваў «Світанка» ў розныя гады былі беларускія пісьменнікі, музыкі і грамадскія дзеячы: Рыгор Барадулін, Уладзімір Караткевіч, Алег Лойка, Адам Мальдзіс, Віктар Шалкевіч, Алесь Бяляцкі і іншыя.
Старшыні За час існавання таварыства яго ўзначальвалі: Сяржук Кузняцоў (1988—1993) Мікалай (Мікола) Ярчак Васіль Малышчыц Таццяна Казак Алена Капыціч (Ціхамірава) Ірына Кузьміч (з 2013 года)
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі Афіцыйны сайт ЛТБК «Світанак»
Катэгорыя:Беларусы ў Латвіі Катэгорыя:Арганізацыі беларусаў Латвіі Катэгорыя:З’явіліся ў 1988 годзе Катэгорыя:Арганізацыі Рыгі Катэгорыя:1988 год у Латвіі