Капліца Езуса са Сніпішак, таксама вядомая як Сніпішская капліца або Горка Пана Езуса (, , ) — гістарычная каталіцкая капліца ў Вільні, якая размяшчалася ў прадмесці Сніпішкі, на скрыжаванні Вілкамірскай і Кальварыйскай вуліц, каля Зялёнага моста і касцёла Святога Рафаіла.
На працягу некалькіх стагоддзяў яна з’яўлялася адной з самых шанаваных святынь горада і служыла пачатковым пунктам для паломнікаў, якія накіроўваліся ў Віленскую Кальварыю. У 1950 годзе капліца разам з гістарычным узгоркам была цалкам знішчана савецкімі ўладамі. Для гісторыі Беларусі помнік адметны тым, што выява гэтай капліцы знаходзілася на асабістым медальёне Кастуся Каліноўскага.
Гісторыя
Узнікненне і паданні Паводле гістарычных даных, яшчэ ў XIV стагоддзі на ўзгорку каля пераправы праз Вілію стаяў невялікі абарончы замак, на вежы якога пазней быў усталяваны каталіцкі крыж. З цягам часу на гэтым месцы з’явіўся вялікі драўляны крыж, а ў XVII стагоддзі — фігура Святога Яна Непамуцкага. Як адзначае даследчыца Ліліяна Нарковіч, у народзе гэтае месца атрымала трывалую назву «Горка Пана Езуса».
Традыцыйная гістарыяграфія звязвае ўзнікненне капліцы з эпідэміяй чумы падчас Паўночнай вайны (1708—1710 гады), якая забрала жыцці амаль паловы насельніцтва горада. Падчас эпідэміі вялікую самаахвярнасць праявілі манахі-рохіты (ордэна Святога Роха), якія засталіся ў горадзе, збіралі на вуліцах і хавалі целы памерлых, ратуючы жывых ад заражэння. Усе віленскія браты-рохіты заразіліся і памерлі. У памяць пра іх подзвіг, а таксама над брацкімі магіламі ахвяр чумы, езуіты ў 1710 годзе пабудавалі мураваную капліцу.
Аднак існуе і іншая гіпотэза. Літоўскі даследчык Кястуціс Гірдзіяўскас у сваёй кнізе «Таямніца капліцы» (2020) выказаў меркаванне, што гісторыя пра ахвяр чумы магла быць пазнейшай легендай, створанай у XIX стагоддзі для абароны капліцы ад расійскіх улад. На яго думку, узгорак мог быць месцам пахавання абаронцаў Вільні, якія загінулі 8 жніўня 1655 года падчас бітвы войскаў вялікага гетмана літоўскага Януша Радзівіла з маскоўскімі і казацкімі захопнікамі за пераправу цераз Вілію. На карысць гэтай версіі сведчыць знойдзеная пазней у пахаваннях пад узгоркам манета часоў караля Яна Казіміра (кіраваў у 1648—1668 гадах).
Цудадзейная статуя У 1720 годзе ў капліцы была змешчана драўляная фігура Езуса Хрыста, які нясе крыж. Паводле народнага падання, віленскаму разьбяру Яну ў сне з’явіўся Хрыстос, які загадаў выразаць гэтую статую, паабяцаўшы, што майстра і яго сям’ю абміне чума. Майстар выканаў наказ, перажыў эпідэмію і перадаў скульптуру езуітам.
Паводле звестак гісторыка і краязнаўца Адама Кіркора, пасля разбурэння папярэдняга помніка Святому Яну Непамуцкаму, настаяцель суседняга езуіцкага кляштара ксёндз Птак у 1719 годзе заказаў новую статую Збавіцеля. Яна была ўрачыста асвечана 9 мая 1720 года і вельмі хутка праславілася цудамі. Статуя «Сніпішскага Хрыста» () стала аб’ектам масавага паломніцтва. Амаль кожны, хто праходзіў міма, здымаў шапку або станавіўся на калені. Капліца знаходзілася на пачатку доўгага шляху (сучаснай Кальварыйскай вуліцы), па якім працэсіі ішлі ў Віленскую Кальварыю.
Дадатковы сімвалізм святыні надаваў і гістарычны кантэкст усяго паломніцкага шляху. Віленская Кальварыя была заснавана ў другой палове XVII стагоддзя ў знак падзякі за выратаванне горада ад маскоўскіх войскаў і за «выкараненне ерасі», пад якой разумелася праваслаўе. Акрамя таго, пасля паўстання 1830—1831 гадоў суседні касцёл Святога Рафаіла быў перададзены расійскай арміі і выкарыстоўваўся як зброевы склад. Такім чынам, паломнікі, якія ішлі да Кальварыі, праходзілі міма капліцы, бачачы побач з ёй каталіцкую святыню, пераўтвораную ў ваенны аб’ект расійскіх улад.
Вядомасць святыні была настолькі вялікай, што копіі скульптуры распаўсюдзіліся па ўсёй Літве, а яе выявы друкаваліся на літаграфіях Яна Казіміра Вільчынскага, фотаздымках Юзафа Чаховіча і Яна Булгака, а таксама на шматлікіх медальёнах. Святыні прысвяціў верш польска-беларускі паэт Уладзіслаў Сыракомля. У канцы XIX — пачатку XX стагоддзя Вінцэнты Балзукевіч, бацька вядомага скульптара Баляслава Балзукевіча, зрабіў драўляную копію статуі, якая і сёння знаходзіцца ў правым нефе суседняга касцёла Святога Рафаіла.
Цэнтр патрыятычных маніфестацый Як і Вострая брама, у 1861—1862 гадах капліца на Сніпішках стала адным з цэнтраў «маніфестацыйнага руху» — серыі патрыятычных і рэлігійных сходаў, якія папярэднічалі паўстанню 1863—1864 гадоў. Тут праводзіліся антыўрадавыя сходы і спяваліся патрыятычныя гімны.
Так, 4 жніўня 1862 года шматтысячны натоўп з патрыятычнымі спевамі прайшоў ад Вострай брамы праз увесь горад да капліцы на Сніпішках, дзе, як паведамлялася ў афіцыйным дакуменце, маніфестацыя перайшла ў дыскусіі «аб аднаўленні Польшчы, усяляк лаючы і ганячы рускі ўрад».
Віленскі варыянт гімна «Boże, coś Polskę» («Божа, што Польшчу»), які спяваўся ў той перыяд, завяршаўся зваротам непасрэдна да Езуса, які нясе крыж, што напрамую адсылала да Сніпішскай статуі:
Медальён Кастуся Каліноўскага Асаблівае значэнне выява Сніпішскай капліцы мае для гісторыі Беларусі. У 2017 годзе падчас археалагічных раскопак, выкліканых апоўзнем, на Замкавай гары былі знойдзены парэшткі паўстанцаў 1863—1864 гадоў, у тым ліку іх кіраўніка Кастуся Каліноўскага. Разам з яго парэшткамі быў знойдзены срэбны двухбаковы складаны медальён. На яго ўнутраных баках былі выявы распяцця і Святога Казіміра, на адным з вонкавых бакоў — абраз Маці Божай Вастрабрамскай, а на іншым — выява капліцы з надпісам «Езус на Сніпішскай гары». З гэтым медальёнам нацыянальны герой сустрэў сваё пакаранне смерцю на Лукішскай плошчы 22 сакавіка 1864 года.
Знішчэнне і знаходка статуі Сніпішская гара і капліца перажылі шматлікія войны і паўстанні, аднак у красавіку — чэрвені 1950 года савецкія ўлады прынялі рашэнне аб іх поўным знішчэнні. Афіцыйнай прычынай стала тое, што ўзгорак нібыта ўскладняў рух транспарту ад моста Чарняхоўскага (Зялёнага) да скрыжавання вуліцы Дзяржынскага (Кальварыйскай). Узгорак разам з гістарычнымі пахаваннямі быў зрыты экскаватарамі да самай асновы. Калі на месца знішчэння прыбыў літоўскі археолаг Мікалас Чарняўскас, ён паспеў толькі зафіксаваць знаходку вышэйзгаданай манеты Яна Казіміра.
Доўгі час лічылася, што арыгінальная драўляная статуя Хрыста страчана назаўсёды. Аднак летам 2017 года сакрысціянін суседняга касцёла Святога Рафаіла падчас уборкі падзямелляў выпадкова знайшоў моцна пашкоджаную фігуру. Яго дачка, якая праходзіла практыку ў Музеі царкоўнай спадчыны, паведаміла пра знаходку кіраўніцы музея Сігіце Маслаўскайце. У 2018 годзе спецыялісты па паліхромным дрэве Грэта Жычкувене і Раландас Вічыс правялі рэстаўрацыю фігуры, якой не хапае абедзвюх рук. Сёння ўратаваная святыня экспануецца ў Музеі царкоўнай спадчыны ў Вільні.
Ініцыятыва аднаўлення У 2022 годзе Віленскае гарадское самакіраванне ўхваліла прапанову аб аднаўленні капліцы Езуса са Сніпішак і абвясціла конкурс на праектныя работы па рэканструкцыі сквера Казімераса Васіляўскаса (на месцы гістарычнага ўзгорка). Грамадская асацыяцыя «Šnipiškiečių namai», фонд «Litvanus» і парафія Святога Рафаіла стварылі ініцыятыўную групу і пачалі збор сродкаў на адбудову святыні ў яе гістарычным выглядзе.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Езус са Сніпішак: святыня, выява якой была з Каліноўскім у хвіліну яго смерці // Наша Ніва, 3 студзеня 2022.
Катэгорыя:Храмы Вільні Катэгорыя:Знішчаныя збудаванні Вільні Катэгорыя:Капліцы Вільні Катэгорыя:Сніпішкі Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Літвы, знішчаныя савецкай уладай