Не́ўская бі́тва — бітва паміж наўгародскім і шведскім войскамі, якая адбылася 15 ліпеня 1240 года каля сутокі Нявы і Іжоры і скончылася перамогай войска наўгародскага князя Аляксандра Яраславіча. Паводле пазнейшых крыніц, пасля гэтай перамогі Аляксандр атрымаў мянушку «Неўскі».

Шэраг абставін бітвы вядомы толькі з усходнеславянскіх летапісаў і па-рознаму ацэньваецца даследчыкамі. У прыватнасці, спрэчнымі застаюцца маштаб шведскай экспедыцыі, склад яе ўдзельнікаў і асоба камандзіра.

Перадумовы Неўская бітва адбылася на фоне працяглага суперніцтва Ноўгарада і Швецыі ва ўсходняй частцы Балтыйскага рэгіёна. Абодва бакі змагаліся за ўплыў над фіна-ўгорскімі народамі на поўнач ад Наўгародскай зямлі і за доступ да Фінскага заліва. Паход на Няву ў 1240 годзе — адзін з шэрагу сутыкненняў, выкліканых гэтым суперніцтвам.

Шведскае прасоўванне на ўсход адбывалася адначасова з пашырэннем сферы ўплыву Каталіцкай царквы ва Усходняй Балтыцы. У снежні 1237 года Рыгор IX заклікаў архібіскупа Упсалы і шведскіх біскупаў арганізаваць крыжовы паход супраць тавастаў. У пачатку лета 1240 года шведы рушылі далей на ўсход, але ў ліпені іх прасоўванне было спынена на Няве. Неўзабаве пасля гэтага войскі з Лівоніі і Эстоніі рушылі на ўсход, захапілі Ізборск, а затым Пскоў.

На гэтым фоне адбывалася збліжэнне Полацка і Ноўгарада. Георгій Штыхаў пісаў, што Полацк і Віцебск, сутыкнуўшыся са знешняй небяспекай, умацоўвалі палітычныя сувязі з Ноўгарадам; сведчаннем гэтага ён называў шлюб Аляксандра Яраславіча ў 1239 годзе з дачкой полацкага князя Брачыслава. Яшчэ адной прыкметай такога збліжэння было прысутнасць прынамсі аднаго выхадца з Полацка, Якава Палачаніна, у войску Аляксандра Яраславіча.

Крыніцы Найбольш ранні захаваны летапісны аповед пра бітву змяшчаецца ў старэйшай рэдакцыі Першага ноўгарадскага летапісу. У запісе пад 1240 год паведамляецца пра прыход шведаў і іх хаўруснікаў на караблях, стаянку каля вусця Іжоры, бітву 15 ліпеня, страты абодвух бакоў і адыход шведаў пасля сутыкнення.

Штыхаў пры апісанні бітвы звяртаўся да «Аповесці аб жыцці і храбрасці вялікага князя Аляксандра», у якой названы шэсць воінаў, што асабліва вызначыліся ў баі. Гэты твор стаў адной з асноўных крыніц пазнейшых звестак пра Неўскую бітву. Джон Лінд пры параўнанні розных рэдакцый паказваў, што аповед з часам дапаўняўся новымі дэталямі. Першапачатковую версію твора Лінд датаваў прыблізна 1280-мі гадамі; пазней матэрыял «Аповесці» аб'ядноўваўся з тэкстам летапісаў і перапрацоўваўся.

У шведскіх крыніцах паведамлення пра паход на Няву і бітву 1240 года не захавалася. Эрыкава хроніка (Erikskrönikan), створаная ў першай палове XIV стагоддзя і прысвечаная ў значнай ступені гісторыі роду Біргера Магнусана, апісвае шведскую экспедыцыю ў Тавастыю, але Неўскай бітвы не згадвае. Лінд пры гэтым адзначаў беднасць шведскіх пісьмовых крыніц XIII стагоддзя; у выніку звесткі пра сам ход падзей на Няве паходзяць пераважна з наўгародскіх крыніц.

Звесткі пра Неўскую бітву ёсць у беларуска-літоўскіх летапісах. Паведамленне пра яе змяшчае Нікіфараўскі летапіс — помнік апошняй чвэрці XV стагоддзя, спіс другой рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446 года.

Ход бітвы

Паводле Першага ноўгарадскага летапісу, шведскае войска прыбыло на шматлікіх караблях і спынілася на Няве каля вусця Іжоры. Летапіс называе разам са шведамі мурманаў, сумь і емь, а таксама паведамляе пра прысутнасць у войску князя і біскупаў. У Ноўгарад прыйшла вестка, што шведы рухаюцца да Ладагі, пасля чаго Аляксандр Яраславіч выступіў ім насустрач.

Шведскае войска высадзілася і разбіла лагер каля сутокаў Іжоры і Нявы. Аляксандр Яраславіч рушыў да Нявы на чале невялікага коннага войска з наўгародцаў, іжорцаў і ладажан і 15 ліпеня нечакана атакаваў праціўніка. Шведскае войска пацярпела паражэнне.

Ноўгарадскі першы летапіс называе бой «вялікай сечай». Паводле яго, у бітве быў забіты шведскі ваявода Спірыдон; паведамленне пра гібель біскупа сам летапіс перадае як няпэўнае. Пасля бою шведы пагрузілі целы часткі загінулых на два караблі і адправілі іх у мора, іншых пахавалі на месцы. Паведамляецца таксама пра шматлікіх параненых. Уначы, не дачакаўшыся раніцы панядзелка, шведскае войска адышло.

Паведамляецца пра 20 загінулых з боку наўгародцаў, аднак пасля зроблена агаворка «или мене, Богъ вѣсть» («ці менш — Бог ведае»).

Больш падрабязнае апісанне асобных эпізодаў бою змяшчае «Аповесць аб жыцці і храбрасці вялікага князя Аляксандра». У ёй названы шэсць воінаў Аляксандра, якія асабліва вызначыліся ў бітве: Гаўрыла Алексіч, Збыслаў Якуновіч, Якаў Палачанін, Міша, Сава і Ратмір. Якаў Палачанін, лоўчы князя, адзначыўся тым, што з мячом уварваўся ў шэрагі праціўніка і «мужествовав крепко». У летапісе ягоны чын апісаны так:

Спрэчныя пытанні і ацэнкі

Колькасць і камандаванне шведскага войска Беларуская энцыклапедыя называе кіраўніком шведскага войска Біргера Магнусана, а сярод удзельнікаў паходу разам са шведамі — нарвежцаў і фінаў. Аднак гэта не пацвярджаецца шведскімі крыніцамі таго часу. Стэн Энгстрэм лічыў звестку пра кіраўніцтва Біргерам паходам 1240 года вельмі сумнеўнай, паколькі яна засведчана толькі ў познім апакрыфічным «Тастаменце караля Магнуса». Джон Лінд таксама ставіў пад сумненне частку звестак пра склад шведскага войска, у тым ліку ўдзел у паходзе нарвежцаў.

Ацэнкі маштабу бітвы таксама адрозніваюцца. Святаслаў Асіноўскі ахарактарызаваў Неўскую бітву ў параўнанні з Грунвальдскай як «бой мясцовага значэння». Лінд, даследуючы развіццё аповеду пра бітву ў пісьмовых крыніцах, таксама прыйшоў да высновы, што яе маштаб у пазнейшых рэдакцыях быў перабольшаны.

Мэты паходу Шведаў Іншае спрэчнае пытанне датычыць матываў шведскай экспедыцыі. У БелЭн сцвярджаецца, што шведы імкнуліся захапіць вусце Нявы і Ладагу, каб атрымаць кантроль над часткай гандлёвага шляху «з варагаў у грэкі», які знаходзіўся пад кантролем Ноўгарада.

У савецкай інтэрпрэтацыі шведска-наўгародскі канфлікт канца 1230—1240-х гадоў трактаваўся як крыжовы паход супраць Русі. Аднак у сучасных даследаваннях, тым ліку ў Генадзя Сагановіча ці Барыса Флоры, такое трактаванне канфлікту было перагледжана.

Шведскія гісторыкі ацэньваюць мэты паходу больш асцярожна. Дзік Харысан адзначаў, што сярэднявечныя шведскія крыніцы не згадваюць кампанію 1240 года, таму яе намеры з шведскага боку невядомыя. Звычайна паход характарызуецца як спроба шведаў замацавацца на Няве, якая скончылася паражэннем.

Заўвагі

Зноскі

Літаратура

Катэгорыя:Бітвы Швецыі Катэгорыя:Бітвы XIII стагоддзя Катэгорыя:1240 год