Леані́д Іва́навіч Ле́ўшчанка (сапраўднае прозвішча Ле́ўчанка, псеўданім Ляво́н Ле́уш або Ле́ўш;  — ) — беларускі грамадскі дзеяч, літаратуразнавец і педагог.

Біяграфія Нарадзіўся 16 жніўня 1882 года ў Гомелі. Скончыў гімназію ў Кіеве, а ў 1910 годзе — Кіеўскі ўніверсітэт. Пасля атрымання адукацыі працаваў выкладчыкам у рэальных вучылішчах і гімназіях у Падольскай і Чарнігаўскай губернях, а таксама ў Кіеве. У 1915 годзе працаваў у 7-й гімназіі ў Кіеве, а ў 1917 годзе выкладаў фізіку і вышэйшую матэматыку на Кіеўскіх вышэйшых курсах А. Жакулінай.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года актыўна далучыўся да беларускага нацыянальнага руху. Выступіў адным з заснавальнікаў і ўвайшоў у склад праўлення кіеўскага беларускага культурна-асветніцкага гуртка «Зорка». У снежні 1917 года выступіў з дакладам аб становішчы ў Беларусі на з’ездзе воінаў-беларусаў Паўднёва-Заходняга фронту ў Кіеве. У сакавіку 1918 года быў абраны намеснікам старшыні ўправы Беларускай арганізацыі на Украіне. У красавіку 1918 года быў кааптаваны ў склад дэлегацыі Народнага сакратарыята Беларусі для вядзення перагавораў з урадам Украінскай Народнай Рэспублікі (УНР).

З сакавіка 1919 года з’яўляўся ўпаўнаважаным урада БНР на Украіне ў справе беларускіх нацыянальна-культурных арганізацый. З прыходам у Кіеў савецкіх войск ён намагаўся стварыць мясцовы аддзел Беларускага нацыянальнага камісарыята. У чэрвені 1919 года пераехаў у Мінск; у маі — жніўні гэтага ж года з’яўляўся загадчыкам літаратурна-выдавецкага аддзела Наркамасветы Літбел. Падчас наступлення польскіх войск эвакуіраваўся разам з аддзелам у Бабруйск, дзе арганізаваў беларускія настаўніцкія курсы і асабіста на іх выкладаў.

З восені 1919 года (паводле іншых звестак — з лістапада) зноў жыў у Кіеве, працаваў выкладчыкам фізікі Кіеўскага педагагічнага (настаўніцкага) інстытута, а пазней перайшоў ва Украінскі навукова-даследчы інстытут педагогікі. Таксама працаваў настаўнікам фізікі ў школах Кіева і Кіеўскай вобласці. У 1934 годзе быў звольнены з працы па палітычных матывах, пасля чаго выкладаў у сярэдніх школах.

Памёр 24 жніўня 1954 года. Яго асабістыя дакументы, успаміны, фатаграфіі і артыкулы захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, куды былі перададзены яго прыёмнай дачкой І. Р. Кузняцовай у 1986 годзе.

Навуковая і літаратурная дзейнасць

Леанід Леўшчанка распрацаваў уласную методыку выкладання фізікі на беларускай мове ў школах і педагагічных установах. Ён стварыў план арганізацыі фізічных лабараторый для навучальных устаноў БССР і праект цэнтралізаванай майстэрні па вырабе аптычных прылад. У 1918 годзе на старонках газеты «Вольная Беларусь» (№ 30, 34) апублікаваў артыкул «Пытанне аб беларускай тэрміналогіі», прысвечаны распрацоўцы беларускай фізічнай і матэматычнай тэрміналогіі.

Выступіў складальнікам адной з першых анталогій беларускай літаратуры «Дыяменты беларускага прыгожага пісьменства», якая выйшла ў кіеўскім беларускім выдавецтве «Зорка» ў 1919 годзе. У зборнік увайшлі творы В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Ядвігіна Ш., Я. Коласа, Я. Купалы, С. Палуяна, М. Багдановіча, З. Бядулі і А. Гаруна, а таксама бібліяграфічныя даведкі пра гэтых пісьменнікаў. Да гэтага выдання ён напісаў уступны артыкул «Гісторыя беларускага прыгожага пісьменства» пад псеўданімам Лявон Леуш.

З’яўляецца аўтарам падручніка па матэматыцы на беларускай мове (рукапіс якога не захаваўся), а таксама шэрагу школьных падручнікаў і дапаможнікаў па фізіцы на ўкраінскай мове, якія выдаваліся ў Харкаве і Кіеве ў 1929—1935 гадах. Лёс іншай яго рукапіснай спадчыны, куды ўваходзіў напісаны ў пасляваенныя гады раман, застаецца невядомым.

Бібліяграфія Адбіткі клясавага змагання ў беларускім пісьменстве // Школа и культура Советской Белоруссии. 1919. № 2—3. Дыяменты беларускага прыгожага пісьменства : зборнік абраных твораў В. Дунін-Марцінкевіча, Мацея Бурачка, Ядвігіна Ш., Я. Коласа, Я. Купалы, С. Палуяна, М. Багдановіча, З. Бядулі і А. Гаруна / [прадмова Л. Леуша]. — Кіеў : Беларускае выдавецтва «Зорка», 1919 (Друкарня «Работник»)

Крыніцы

Літаратура

Мовазнаўцы : нарысы па гісторыі беларускай лінгвістыкі / Дзмітрый Дзятко, Павел Міхайлаў. — Мінск, 2017. — С. 186—195.

Катэгорыя:Нарадзіліся 16 жніўня Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1882 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Гомелі Катэгорыя:Памерлі 24 жніўня Катэгорыя:Памерлі ў 1954 годзе Катэгорыя:Літаратуразнаўцы Беларусі Катэгорыя:Педагогі Беларусі Катэгорыя:Постаці беларускага нацыянальнага руху Катэгорыя:Выпускнікі Імператарскага ўніверсітэта Святога Уладзіміра