Загартоўка, гартаванне — тэрмічная апрацоўка матэрыялаў, якая робіцца іх награваннем і наступным хуткім ахаладжэннем з мэтай фіксацыі (замацавання) высокатэмпературнага стану або прадухілення (падаўлення) непажаданых працэсаў, што адбываюцца пры павольным ахаладжэнні. Загартоўка магчыма толькі для рэчываў, раўнаважны стан якіх пры высокай тэмпературы адрозніваецца ад раўнаважнага стану пры нізкай тэмпературы (крышталічнай структурай, канцэнтрацыяй, дэфектнасцю). У выніку загартоўкі ствараецца адносна ўстойлівы (метастабільны) стан, які пры награванні пераходзіць у больш стабільны. Загартоўкай апрацоўваюць металы, іх сплавы, шкло і інш.
Найбольш пашырана загартоўка сталі. Награваннем вышэй за крытычную тэмпературу сталь пераводзіцца ў стан аўстэніту — цвёрдага раствору вугляроду і легіравальных элементаў у гама-жалезе, што дазваляе растварыць у аўстэніце карбіды і рэалізаваць уплыў легіравальных элементаў і вугляроду на ўласцівасці сталі. Пры ахаладжэнні з пэўнай скорасцю падаўляецца распад аўстэніту на ферытна-карбідную сумесь і адбываецца бездыфузійнае (зрухавае) пераўтварэнне аўстэніту ў мартэнсіт. Пры гэтым рэзка павялічваецца цвёрдасць, трываласць, магн. насычэнне і зніжаецца пластычнасць сталі. Пасля загартоўкі сталі абавязковы водпуск, які забяспечвае зададзенае спалучэнне цвёрдасці, трываласці, вязкасці і пластычнасці. Загартоўваюць таксама старэючыя сплавы (для атрымання перанасычанага цвёрдага раствору, які распадаецца пры старэнні з умацаваннем), вадкасці (для фіксацыі шклопадобнага стану), шкло (для зніжэння дэфектнасці і паляпшэння механічных уласцівасцей) і інш. Пры загартоўцы цвярдзеюць толькі сталі, якія загартоўваюцца на мартэнсіт; загартоўка металічных сплаваў (старэючых, накляпаных і інш.) суправаджаецца зніжэннем цвёрдасці.
Літаратура
Катэгорыя:Тэрмічная апрацоўка Катэгорыя:Матэрыялазнаўства Катэгорыя:Металазнаўства