Літоўска-беларускія дывізіі або Першая Літоўска-беларуская дывізія — вайсковыя злучэнні Войска Польскага ў 1919—1920 гады.
Па меры вываду нямецкіх войск з акупаваных зямель Расійскай імперыі ў пакінутых раёнах пачалі фармавацца польскія атрады самаабароны. Палітычны патранат над гэтымі атрадамі аказваў Камітэт абароны ўсходніх крэсаў, створаны ў лістападзе 1918 года пад старшынствам князя Яўстафія Сапегі. Узнікла неабходнасць уключыць іх у склад рэгулярнай польскай арміі, якія спансавала Антанта. Гэтай мэты планавалася дасягнуць стварэннем Літоўска-беларускай дывізіі. Дывізія сфарміравана паводле загаду № 1132/I галоўнакамандуючага польскай арміі Юзафа Пілсудскага ад 26 лістапада 1918 года. Да іх далучыліся каля тысячы менскай самаабароны начале з Фабіянам Кабардо. Якога прызначылі кіраваць фармаваннем усіх польскіх сілаў на Беларусі.
29 снежня 1918 года польскія ўлады ў Варшаве распусцілі Краявую самаабарону Літвы і Беларусі, а яе чальцоў заклікалі ўступаць у шэрагі Войска польскага. Генерал Вейтка быў прызначаны кіраўніком Ваеннай акругі Літвы і Беларусі, генерал Адам Макрэцкі — ваенным камендантам Вільні, маёр Станіслаў Бабятынскі — яго намеснікам, а капітан Зыгмунт Клінгер — кіраўніком штаба. Самаабарона віленскай зямлі была пераўтворана ў 1-ю брыгаду, а яе камандзірам стаў генерал Баляслаў Крэйчмер. Аднак гэтыя ваенныя падраздзяленні захоўвалі характар больш набліжаны да добраахвотнага апалчэння, чым да рэгулярнай арміі. Польскія атрады ў Вільні атрымалі загад ажыццяўляць самастойныя ваенныя дзеянні ў выпадку спробы ўваходу ў горад Чырвонай арміі.
Першая Літоўска-беларускія дывізія фарміравалася на тэрыторыі Гродзенскай, Ломжынскай і Сувалкаўскай губерняў з палякаў і беларусаў-католікаў, ураджэнцаў Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губерняў. Складалася з трох стралковых брыгад і палка ўланаў. 9.12.1918 года прызначаны камандзір дывізіі генерал В. Івашкевіч (да сакавіка 1919, потым генералы С. Шаптыцкі, А. Макрэцкі). У адрозненне ад іншых адзінак польскага войска, дывізія і яе палкі мелі свае геаграфічныя назвы, а не агульную нумарацыю.
1-я брыгада складалася з Сувалкаўскага і Ковенскага, 2-я — Беластоцкага і Гродзенскага палка стральцоў. 3-я — Віленскага і Мінскага пяхотных палкоў. Дзейнічала на беларуска-літоўскім фронце польскіх войск.
19.2.1919 года дывізія заняла Беласток, у красавіку правяла наступальную аперацыю ў раёне Баранавіч і Навагрудка, у ліпені-жніўні дзейнічала супраць войск 16-й арміі Заходняга фронту ў раёне Клецка — Сіняўкі — Ганцавіч, наступала на Мір і Стоўбцы, пасля заняцця Нясвіжа, Міра і Слуцка выйшла ў раён Глуска, удзельнічала ў наступленні на Бабруйск. Вясной 1920 года ёй нададзены № 1, а з Лідскага, Ковенскага, Слуцкага і Беластоцкага палкоў сфарміравана 2-я Літоўска-беларуская дывізія (камандзіры Баляслаў Фрэй, генерал А. Барушчак), якая дыслацыравалася ў раёне Вільні. Яна займала лінію польскага фронту супраць Літвы і ахоўвала Вільню з захаду.
У ліпені 1920 года ў час наступлення Чырвонай Арміі дывізіі са стратамі адышлі да Варшавы, удзельнічалі ў яе абароне. У канцы верасня 1920 года пасля адступлення Чырвонай Арміі камандзірам 1-й Літоўска-беларускай дывізіі прызначаны генерал Л. Жалігоўскі, яе ўзмацнілі Лідскім і Ковенскім палкамі з 2-й Літоўска-беларускай дывізіі. 8.10.1920 года паводле загаду Ю. Пілсудскага Жалігоўскі, фармальна ў знак нязгоды з перадачай Вільні і Віленскага краю Літве, ўзняў так званы «бунт» 1-й Літоўска-беларускай дывізіі. 9.10.1920 года яны занялі Вільню, 12.10.1920 года Жалігоўскі абвясціў пра стварэнне Сярэдняй Літвы. За два тыдні «паўстанцы» разбілі войска Літвы і ўзялі пад кантроль Віленшчыну і Гарадзеншчыну.
Падуладныя польскім, або апалячаным афіцэрам, але збольшага набраныя з каталіцкага і праваслаўнага мясцовага насельніцтва Літоўска-беларускія дывізіі польскія ўлады дэманстравалі міжнароднай супольнасці як рэалізацыю «права нацыі на самавызначэнне». Ужо вясной 1921 г. дывізіі войска Сярэдняй Літвы атрымалі агульную нумарацыю: 1-я Літоўска-беларуская дывізія стала 19-й, 2-я — 20-й дывізіяй Войска Польскага. Вясной 1922 г. адбылося паглынанне Сярэдней Літвы Польшчай і яе вайсковыя фармацыі былі канчаткова афіцыйна ўключаны ў склад польскага войска.
Камандзіры дывізіі Генерал Вацлаў Івашкевіч-Рудашанскі (26.09.1918 — 11.03.1919) Генерал Станіслаў Шаптыцкі (19 сакавіка — чэрвень 1919) Генерал Адам Вінцэнт Марэцкі (чэрвень — верасень 1919) Генерал Юзаф Лясоцкі (верасень — 6 снежня 1919 г.) Генерал Ян Рандкоўскі (6 снежня 1919 — 31 ліпеня 1920) Генерал Стэфан Латур (31 ліпеня 1920 г.) генерал падпаручнік Уладзіслаў Бейнар (з 31 студзеня 1921 г.)
Начальнікі штабу Палкоўнік памежнай аховы Эдмунд Кеслер Падпалкоўнік памежнай аховы Ян Кубін (1.8.1919 і 6.4.-7.5.1920) Падпалкоўнік памежнай аховы Адам Наленч Ненеўскі (май — чэрвень 1920 г.) Маёр памежнай аховы Уладзіслаў Павежа (чэрвень — жнівень 1920 г.)
Штабныя афіцэры Генерал-лейтэнант Аляксандр Бернатовіч — начальнік медыцынскай службы (1918—1919 гг.) Генерал-лейтэнант Вінцэнт Адынец — пастаянны памочнік камандзіра дывізіі (з 20 снежня 1918 г.) Капітан Уладзіслаў Гадомскі — начальнік аператыўна-інфармацыйнага аддзела (1920 г.) Лейтэнант Ян Чэртовіч — намеснік начальніка медыцынскай службы (1918—1919 гг.)
Літаратура Грыцкевіч, А. Літоўска-беларускія дывізіі // ЭГБ у 6 т. Т.4. — Мн., 1997. Грыцкевіч, А. Літоўска-беларускія дывізіі // БелЭн у 18 т. Т.9. — Мн., 1999. Кушаль, Ф. Спробы стварэньня беларускага войска. — Мн.: Беларускі Гістарычны Агляд, 1999. — С. 21—28. ISBN 985-6374-16-2. Szeptycki, S. Front Litewsko-Białoruski. — Kraków, 1925. Deruga, A. Polityka wschodnia Polski wobec ziem Litwy, Białorusi i Ukrainy (1918—1919). — Warszawa, 1969. Skaradzińiski, B. Polskie lata 1919—1920. T.2. — Warszawa, 1993. Wyszczelski, L. Wojna o Polskie Kresy 1918—1921 / L. Wyszczelski. — Warszawa: Bellona, 2011. — 490 s. ISBN 978-83-11-12012-9.
Катэгорыя:Польская Рэспубліка (1918—1939) Катэгорыя:Польска-савецкая вайна