Ніжэй прапануецца схема перадачы дэванагары беларускай графікай, заснаваная на табліцы адпаведнасці дэванагары, сістэм IAST / ISO 15919 і беларускай кірыліцы, апублікаванай Змітром Крымоўскім у артыкуле «Заўвагі пра перадачу запазычанняў з індыйскіх моў».

Дэванагары выкарыстоўваецца ў санскрыце, хіндзі, маратхі, біхары, бхаджпуры, непалі і іншых мовах. Найбольш пашыраным спосабам перадачы дэванагары лацінскай графікай з’яўляецца Міжнародны алфавіт транслітарацыі санскрыту (IAST). Поруч з ім існуе стандарт ISO 15919, прызначаны для транслітарацыі розных варыянтаў індыйскага пісьма. Стандарты перадачы дэванагары кірыліцай не выпрацаваны.

Табліца адпаведнікаў

Дэванагары IPA IAST / ISO 15919 Беларускі адпаведнік Прыклады अ a а धर्म dharma → дхарма; कर्म karma → карма आ ā а महाभारत Mahābhārata → Махабхарата; रामायण Rāmāyaṇa → Рамаяна; भास्कर Bhāskara → Бхаскара ऐ ai ай वैशेषिक vaiśeṣika → вайшэшыка औ au ау/аў गौडीय gauḍīya → гаўдыя ब b б बुद्ध Buddha → Буда भ bh бх भगवद्गीता Bhagavad Gītā → Бхагават Гіта; महाभारत Mahābhārata → Махабхарата; भास्कर Bhāskara → Бхаскара च c ч चक्र cakra → чакра; चित्त citta → чыта छ ch чх — द d д वेद veda → Веды ड ḍ д गौडीय gauḍīya → гаўдыя ध dh дх धर्म dharma → дхарма; ध्यान dhyāna → дх’яна ढ ḍh дх — ऎ e е, э — ए ē е, э वेद veda → Веды; विवेकानन्द Vivekānanda → Вівекананда ऍ ê э — फ़ f ф — ग g г, ґ गीता Gītā → Гіта; गङ्गा Gaṅgā → Ганг ग़ ġ г — घ gh гх घाघरा Ghāghrā → Гхагхра ह h х — अः ḥ х नित्यः nityaḥ → ніцьях / ніццях इ i і नियम niyama → ніяма ई ī і गीता Gītā → Гіта; मीमांसा mīmāṃsā → міманса ज j дж उज्जैन Ujjain → Уджайн; जैन jaina → джайнізм झ jh дж — झ़ jh дж — क k к कर्म karma → карма; कृष्ण Kṛṣṇa → Крышна; मोक्ष mokṣa → мокша ख kh кх सांख्य sāṃkhya → санкх’я; गोरखनाथ Gorakhnāth → Гаракхнатх ख़ k͟h х — ल l л, л’ लक्ष्मी Lakṣmī → Лакшмі; कल्प kalpa → кальпа ळ ḷ л, л’ — ऴ ḻ лх — ऌ ḷ / l̥ лі — ॡ ḹ / l̥̄ лі — म m м मीमांसा mīmāṃsā → міманса; मोक्ष mokṣa → мокша; माया māyā → мая अं ṃ / ṁ м, н संसार saṃsāra → сансара; सांख्य sāṃkhya → санкх’я; मीमांसा mīmāṃsā → міманса न n н नारायण Nārāyaṇa → Нараяна; निर्वाण nirvāṇa → нірвана; नियम niyama → ніяма ण ṇ н रामायण Rāmāyaṇa → Рамаяна; नारायण Nārāyaṇa → Нараяна; कृष्ण Kṛṣṇa → Крышна ङ ṅ н गङ्गा Gaṅgā → Ганг ञ ñ нь — ऒ o о — ओ ō о मोक्ष mokṣa → мокша ऑ ŏ а — प p п ब्रह्मपुत्र Brahmaputra → Брахмапутра फ ph пх — क़ q к — र r р रामायण Rāmāyaṇa → Рамаяна; निर्वाण nirvāṇa → нірвана; धर्म dharma → дхарма ड़ ṛ р — ढ़ ṛh рх — ऋ ṛ / r̥ ры ऋग्वेद Ṛgveda → Рыгведа; ऋषि ṛṣi → рышы ॠ ṝ / r̥̄ ры — स s с संसार saṃsāra → сансара; स्मृति smṛti → смрыці श ś ш श्रुति śruti → шруці; वैशेषिक vaiśeṣika → вайшэшыка ष ṣ ш कृष्ण Kṛṣṇa → Крышна; मोक्ष mokṣa → мокша; ऋषि ṛṣi → рышы त t т गीता Gītā → Гіта; सत्त्व sattva → сатва ट ṭ т — थ th тх गोरखनाथ Gorakhnāth → Гаракхнатх ठ ṭh тх — उ u у बुद्ध Buddha → Буда; बुद्धि buddhi → будхі ऊ ū у — व v в वेद veda → Веды; विवेकानन्द Vivekānanda → Вівекананда; निर्वाण nirvāṇa → нірвана य y й योग yoga → ёга; माया māyā → мая; नियम niyama → ніяма; न्याय nyāya → ньяя ज़ z з —

Асаблівасці перадачы

Прыдыханне Прыдыханне, якое ў лацінскай графіцы перадаецца спалучэннямі з h (bh, ch, dh, gh, kh, ph, th), у беларускай мове традыцыйна перадаецца спалучэннямі з х: Бхагават Гіта, Махабхарата, дхарма.

Такім чынам, у табліцы bh адпавядае бх, ch — чх, dh — дх, gh — гх, kh — кх, ph — пх, th — тх.

Перадача g Для ग g у табліцы падаюцца два беларускія адпаведнікі — г і ґ. Гук адпавядае выбухному [g], аднак з улікам яго замяшчэння ў беларускай мове фрыкатыўным [г] дапускаецца і такое вымаўленне.

Цвёрдасць р, ч, ш і перадача л Беларускія р, ч, ш заўсёды цвёрдыя, таму прапануюцца формы рышы, Рыгведа, чакра, чыта, вайшэшыка.

Зычны л пераважна цвёрды, але ў асобных словах можа змякчацца. Так, мяккі л ужываецца ў словах кальпа, нірвікальпа, савікальпа.

Гук [j] паміж галоснымі Гук [j] паміж галоснымі на беларускім пісьме не перадаецца асобнай літарай й: астэя (asteya), мая (māyā), ніяма (niyama). У назве Аёдх’я (Ayodhyā) спалучэнне афармляецца паводле правіл беларускай арфаграфіі.

Аканне ў складаных словах У складаных словах бадхісатва (bodhisattva), Гаракхнатх (Gorakhnath) і падобных ужываецца а, бо націск у другой частцы слова падае на першы склад.

Падвоеныя зычныя Падвоеныя зычныя ў запазычаных словах звычайна не перадаюцца. Прапануюцца напісанні будхі (buddhi), сатва (sattva), а ва ўласных імёнах і назвах — Уджайн (Ujjain), Дхамапада (Dhammapada), Валабха (Vallabha), Буда (Buddha).

У беларускай літаратуры сустракаюцца варыянты як з падвоенымі зычнымі, так і без іх, аднак перавага аддаецца напісанню без падваення.

Для некаторых спалучэнняў магчымыя варыянты з падаўжэннем і без яго: авідзья / авіддзя (avidyā), сацья / сацця (satya).

Збег зычных Перадача некаторых збегаў зычных застаецца неўнармаванай. Для пачатковага vr у слове vṛtti магчымым варыянтам называецца урыці. Для nirvṛtti прапануюцца варыянты ніўрыці або ніврыці, калі пры гэтым не губляецца яснасць слова.

Зычныя т і д Зычныя т і д, як правіла, не змякчаюцца, аднак у шэрагу спалучэнняў магчыма мяккае вымаўленне. Да такіх прыкладаў аднесены бхакці (bhakti), ніцьях / ніццях (nityaḥ), смрыці (smṛti), урыці (vṛtti), шруці (śruti). Цвёрдае вымаўленне захоўваецца, напрыклад, у формах мадх’ядэшы (madhyadeśī), гаўдыя вайшнавізм (gauḍīya vaiṣṇavism), прадыпіка (pradīpikā).

Апостраф і мяккі знак Апостраф пішацца ў сярэдзіне слова пасля губных б, в, м, п, ф, заднеязычных г, к, х, зубных д, т і р перад літарамі е, ё, і, ю, я. Адпаведна пішуцца брахмачар’я (brahmacārya), В’яса (Vyāsa), дх’яна (dhyāna), мадх’ядэшы (madhyadeśī), Махавак’я (Mahāvākya), в’якарана (vyākaraṇa).

Раздзяляльны мяккі знак ужываецца пасля л, с, ц, дз, н, з перад е, ё, і, ю, я ў словах іншамоўнага паходжання. Таму прапануюцца формы ньяя (nyāya), авідзья / авіддзя (avidyā), араньяка (āraṇyaka), тапасья / тапасся (tapasya).

Перадача श Знак श ś, які перадае палатальны сібілянт, традыцыйна перадаецца беларускай літарай ш. Спробы наблізіць яго перадачу да рускага щ не адпавядаюць беларускай традыцыі; у табліцы яму адпавядае ш.

Літаратура