Мінскі іпадром імя Будзённага — былы іпадром у Кашарскім прадмесці Мінска. Быў пабудаваны ў 1925 годзе і названы ў гонар Сямёна Будзённага. Пасля Вялікай Айчыннай вайны паступова прыходзіў у заняпад. У 1957 годзе на месцы іпадрома быў закладзены парк імя 40-годдзя Кастрычніка.
Гісторыя Мінскі іпадром быў пабудаваны па прапанове камітэта выпрабавання коней пры Народным камісарыяце земляробства для трэніровак кавалерыстаў і навуковай селекцыі коней. Назву атрымаў у гонар камандарма Першай коннай арміі Сямёна Будзённага.
Адкрыццё іпадрома адбылося 30 мая 1925 года. Ён выкарыстоўваўся як месца адпачынку гараджан, на скачках дзейнічаў таталізатар. Таксама на іпадроме ладзіліся спартыўныя мерапрыемствы, канцэрты, выстаўкі.
15 мая 1934 года на Мінскім іпадроме прайшлі вялікія спаборніцтвы, на якіх прысутнічаў сам Сямён Будзённы.
16 ліпеня 1944 года ў вызваленым горадзе на тэрыторыі іпадрома адбыўся мітынг. У ім удзельнічалі месцічы, партызаны, дэлегацыі ваяроў Чырвонай арміі на чале з камандуючым 3–м Беларускім фронтам Іванам Чарняхоўскім. На мітынгу выступіў 1-ы сакратар ЦК КП(б)Б Панцеляймон Панамарэнка. Затым адбыўся гістарычны партызанскі парад з колькасцю ўдзельнікаў звыш 30 тысяч. Падзея транслявалася па радыё, здымалася на кінастужку.
30 студзеня 1946 года на тэрыторыі іпадрома адбылося пакаранне смерцю асуджаных нацысцкіх ваенных злачынцаў. Паступова пасля вайны іпадром прыходзіў у заняпад, у 1957 годзе на яго месцы быў створаны парк імя 40-годдзя Кастрычніка.
Крыніцы
Катэгорыя:Іпадромы Катэгорыя:Гісторыя Мінска