Андрагены — мужчынскія палавыя гармоны пазваночных. Складаюцца з вытворных халестэрыну — тэстастэрону і андрастэрону. Па хімічнай будове — стэроіды.

У мужчынскім арганізме ўтвараюцца семяннікамі і коркавым слоем наднырачнікаў, у жаночым — коркавым слоем наднырачнікаў і часткова яечнікамі. Яны складаюць да 80 % усіх палавых гармонаў у мужчын. Андрагены знойдзены ў ганадах многіх беспазваночных і ў насенні некаторых раслін.

Забяспечваюць развіццё мужчынскіх палавых органаў, другасных палавых адзнак, мышачнай сістэмы, ствараюць станоўчы баланс бялкоў. Утварэнне андрагенаў залежыць ад ганадатропнай функцыі гіпофіза, якая кантралюецца ЦНС.

Выкарыстоўваюць у медыцыне пры парушэннях палавой функцыі, у клімактэрычны перыяд, таксама ў жывёлагадоўлі.

Літаратура

Катэгорыя:Стэроіды