Кафедральны касцёл Святога Францішка Ксаверыя, неафіцыйна завецца таксама Фарны касцёл — каталіцкі сабор у горадзе Гродна, кафедральны сабор Гродзенскай дыяцэзіі, выдатны помнік архітэктуры і дэкаратыўна-манументальнага мастацтва сталага барока і ракако.
Размешчаны ў гістарычным цэнтры горада, будынак Кафедральнага касцёла Святога Францішка Ксаверыя з’яўляецца адным з самых пазнавальных сімвалаў Гродна. Ён вызначаецца багатым інтэр'ерам, у якім спалучаюцца манументальная скульптура, разьба і ўнікальны ілюзорны насценны жывапіс (квадратура).
Гісторыя
Комплекс езуіцкага калегіума раней займаў адзін з кварталаў каля Рыначнай плошчы. Будаўніцтва езуіцкай рэзідэнцыі пачалося пасля 1664 года пры гродзенскім пробашчы Ф. Д. Ісакоўскім, а ўзвядзенне мураванага касцёла — у 1678 годзе (фундатарамі выступілі Самуэль і Канстанцыя Лозы). 6 снежня 1705 года касцёл быў урачыста асвечаны ў імя Францішка Ксаверыя. У 1725 годзе на вежу-званіцу касцёла быў перанесены гадзіннік з вежы калегіума. Ордэн езуітаў быў скасаваны ў 1773 годзе, таму касцёл ужо ў 1788 годзе стаў фарным (прыходскім), а іншыя будынкі калегіума перайшлі да Камісіі нацыянальнай адукацыі, якая размясціла тут ваяводскія школы.
Першапачатковы выгляд касцёла можна ўявіць паводле карціны, якая знаходзіцца ў самім касцёле. Будынак арыентаваны алтаром на ўсход, а галоўным фасадам павернуты да плошчы. Улетку 2006 года ў алтары касцёла адбыўся пажар, з-за якога дзве статуі ў алтары апынуліся цалкам знішчанымі. Прычынай пажару, паводле афіцыйнай версіі, стала няспраўнасць электраправодкі. З 2009 года вядуцца актыўныя работы па рэканструкцыі згарэлай часткі алтара.
Архітэктура
Касцёл уяўляе сабой трохнефавую купальную базіліку з трансептам, памерам у плане 30х60 метраў і вышынёй 65 метраўhttp://www.nest.by/news/2014-01-14/pochemu-na-farnyi-kostel-ne-vernuli-angela . У сярэдзіне XVIII стагоддзя былі перабудаваны вежы і ліхтар над цэнтральным купалам. Вежы набылі складаныя барочныя формы. Таксама ў стылі барока была зменена і архітэктура фасада ў цэлым — трох’ярусны двухвежавы фасад падзелены гарызантальнымі паясамі антаблементаў і карнізаў, а па вертыкалі двайнымі пілястрамі складанага профілю. Фасад акрамя таго быў аздаблены прамавугольнымі і арачнымі нішамі і праёмамі са скульптурай.
З боку паўкруглай апсіды прыбудаваны дзве капліцы, завершаныя сферычнымі купаламі. У строгіх формах ранняга барока былі вырашаны бакавыя фасады: раскрапаваны двайнымі пілястрамі, тонкімі карнізнымі паясамі, прарэзаны вялікімі лучковымі і арачнымі аконнымі праёмамі. З кантракта на перабудову вядома, што купалы касцёла і раней былі абшыты бляхай.
Рамонты касцёла (пакрыццё даху, пабелка) праводзіліся ў канцы XVIII, сярэдзіне і канцы XIX, а таксама ў пачатку XX стагоддзя. Падчас вялікага пажару 1885 года касцёл амаль не быў пашкоджаны.
Інтэр’ер і манументальны жывапіс
У інтэр’еры цэнтральны неф аддзелены ад бакавых нефаў аркадамі на апорных слупах. Па перыметры цэнтральнага нефа над антаблементам зроблена галерэя з балюстрадай. Пры ўваходзе размешчаны хоры з арганам. Адзіны ансамбль мастацкага аздаблення інтэр’ера фарміруе галоўны, восем кулісных і тры бакавыя алтары, а таксама амбон.
Галоўны алтар з'яўляецца чатырох’ярусным, з мноствам калон і пілястраў карынфскага ордара, ён раскрапаваны антаблементамі, упрыгожаны тыражнай разьбой, скульптурнымі выявамі апосталаў і евангелістаў. Гэты шэдэўр быў зроблены ў 1736 годзе з таніраванага пад мармур дрэва ў стылі позняга барока. Над галоўным алтаром у прэсбітэрыі авальнае акно паўтарае афармленне светлавога праёма над алтаром сабора Святога Пятра ў Рыме. Аналагічна вырашаны і кулісныя алтары. Адзін з алтароў паўднёвага нефа выкананы ў пачатку XIX стагоддзя ў стылі класіцызму ў тэхніцы стука. Амбон зроблены ў сярэдзіне XVIII стагоддзя ў стылі ракако. Яго падтрымлівае кансоль у выглядзе ракавіны. Балдахін дэкарыраваны скульптурамі евангелістаў, анёлаў, амураў і пазалочанай разьбой.
Фрэскі і квадратура Выключную мастацкую каштоўнасць уяўляе фрэскавы роспіс сярэдзіны XVIII стагоддзя, выкананы з выкарыстаннем прыёмаў ілюзорнага жывапісу (квадратуры і трамплёя). Гэтыя роспісы служылі мэтам стварэння так званага «свяшчэннага тэатра» (), у якім архітэктура, скульптура і жывапіс аб'ядноўваліся для максімальнага ўздзеяння на вернікаў.
Цыкл роспісаў фрыза прысвечаны жыццю і місіянерскай дзейнасці патрона касцёла — Святога Францішка Ксаверыя. Ён складаецца з 14 сюжэтных кампазіцый, якія размешчаны ў паўкруглых арачных нішах над аркадамі цэнтральнага нефа. Даследчыкі высветлілі, што іканаграфічнай крыніцай для гэтых роспісаў паслужылі гравюры еўрапейскага майстра М. Хафнера (M. Hafner), якія дэталёва ілюстравалі біяграфію святога. На скляпеннях таксама прысутнічаюць фігуры чатырох евангелістаў.
Аўтарства манументальных роспісаў доўгі час заставалася невядомым. Аднак падчас даследаванняў і рэстаўрацыі на адной з кампазіцый была знойдзена манаграма «B. (P?) I. D. P. 1752». Мастацтвазнаўцы мяркуюць, што роспісы маглі быць выкананы выбітнымі мастакамі-езуітамі, якія ў той час працавалі ў Гродне — Ігнацыем Дарэці (Ignacy Doretti) або Фрыдэрыкам Юзафам Обстам (Józef Fryderyk Obst). Абодва яны паходзілі з Чэхіі, таму літара «B» у манаграме магла азначаць «Bohemus» (багемец, чэх).
Вежавы гадзіннік
Вежавы гадзіннік фарнага касцёла — адзін з самых старажытных гадзіннікаў, што захаваліся і функцыянуюць на прасторы былога СССР. Дакладных звестак аб часе стварэння гадзінніка ў пісьмовых крыніцах не захавалася, таму можна толькі мяркаваць па характэрных дэталях механізма (падвойнае клінавае мацаванне, шышакі рамы, лічыльнае кола бою і інш.), іканаграфічных і архіўных матэрыялах, што гадзіннік быў створы ў XVI стагоддзі.
Першапачаткова гадзіннік знаходзіўся на вежы гарадской ратушы на Рыначнай плошчы (сучасная Савецкая плошча). Пасля таго, як ратуша падчас акупацыі Гродна войскамі цара Аляксея Міхайлавіча ў сярэдзіне XVII стагоддзя была зруйнавана, гадзіннік быў адноўлены і ўстаноўлены на вежы драўлянага езуіцкага калегіума за сродкі гараджан. Пасля ўзвядзення мураванага касцёла і калегіума ён быў перанесены на вежу касцёла. У архіўным дакуменце, які датуецца 1725 годам, паведамляецца пра рамонт сапсаванага ад старажытнасці гадзінніка і перанос яго на вежу храма. Аб рамонце гадзінніка таксама згадвае дакумент 1743 года. Інвентарны вопіс касцёла ад 24 студзеня 1798 года ўтрымлівае каштоўную інфармацыю і апісанне жалезнага гадзінніка з чатырма цыферблатамі і каменнымі гірамі на тоўстых вяроўках.
Архіўныя дакументы сведчаць, што гадзіннік спраўна функцыянаваў на працягу XIX стагоддзя. Падчас Першай сусветнай вайны гадзіннікавы звон быў вывезены ў Германію, а ў 1920-я гады былі дэманціраваны цыферблаты. Гадзіннік аднаўляўся ў 1940-я гады, а таксама ў 1980, 1987—1988 і 1993—1994 гадах.
Пробашчы Пробашчамі (настаяцелямі) Фарнага касцёла ў розныя часы былі многія выбітныя святары. Сярод сучасных кіраўнікоў парафіі вядомыя Юзаф Трубовіч (які служыў у 1992—1999 гадах)У Гродне памоляцца за спачылага ксяндза Юзафа Трубовіча ў першую гадавіну смерці і Ян Кучынскі (які ўзначальвае парафію з 2004 года)Ксёндз Ян Кучынскі .
Гл. таксама Абраз Святога Іасафата Кунцэвіча Гродзенскі езуіцкі калегіум
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Касцёлы Гродна Катэгорыя:Касцёлы Гродзенскай дыяцэзіі Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі ракако Катэгорыя:Збудаванні Гродна ў стылі барока Катэгорыя:Саборы Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў 1679 годзе Катэгорыя:Савецкая плошча (Гродна) Катэгорыя:Малыя базілікі Беларусі