Замкавая царква ў Навагрудку (Царква Успення Божай Маці) — храм XIV—XVII стагоддзяў у Навагрудку. Размяшчалася пасярод замка на Замкавай гары. У 1870-я гады ўлады Расійскай імперыі зруйнавалі царкву (захаваліся падмуркі). Твор архітэктуры мясцовай школы дойлідства і барока.
Гісторыя Пабудавана на тэрыторыі Навагрудскага замка ў першай палове XIV ст. Імаверна, яе будаўніцтва пачалося яшчэ пры вялікім князе літоўскім і рускім Гедзіміне да 1323 года, калі Навагрудак быў яго рэзідэнцыяй. Пагатоў, што каля 1316 года Навагрудак стаў кафедрай першага літоўскага мітрапаліта Феафіла. Магчыма, пабудавалі царкву трохі пазней, пры сыне Гедзіміна Карыяце, якому ў сярэдзіне XIV ст. належала Навагрудскае ўдзельнае княства.
Як паведамляюць летапісы, ва Успенскай царкве ў 1414—1416 гадах адбыліся саборы епіскапаў Вялікага Княства Літоўскага, на якіх прысутнічалі епіскапы і архіепіскапы Полацкі, Чарнігаўскі, Луцкі, Уладзіміра-Валынскі, Перамышльскі, Смаленскі, Тураўскі і Холмскі. Па прапанове вялікага князя Вітаўта сабор пасвяціў у сан асобнага ад Маскоўскай мітраполіі (з цэнтрам у Маскве) мітрапаліта Рыгора Цамблака і абвясціў аўтакефалію, матывуючы тым, што мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі Фоцій злоўжывае сваім становішчам і не здольны ўтрымліваць вялікую тэрыторыю з праваслаўным насельніцтвам. Масква і Канстанцінопаль такое рашэнне прызналі незаконным. У выніку ў 1420 годзе мітраполія Вялікага Княства Літоўскага перайшла пад кіраўніцтва мітрапаліта Фоція, які двойчы наведаў Навагрудаку 1421 і 1430 гадах.
Пасля ўтварэння ў 1448 года аўтакефальннай Рускай Праваслаўнай Царквы, праваслаўныя епархіі Вялікага Княства Літоўскага праз некаторы час сталі аўтаномнай мітраполіяй Канстанцінопальскага патрыярхата. Навагрудак працягваў заставацца кафедрай праваслаўнага мітрапаліта. На 1530-я гады тут было ўжо 10 цэркваў: Барысаглебская, Успенская, Іаанаўская, Крыжаўздвіжанская, Мікалаеўская, Пакроўская, Пятніцкая, Сімяонаўская, Троіцкая і Уваскрасенская. Які выгляд мела ў гэты час Замкавая (Успенская) царква можна меркаваць па матэрыялах яе археалагічных даследаванняў, праведзеных у 1973—1974 годзе ленінградскімі археолагамі.
Царква была моцна пашкоджана ў пажары 1751 года, і доўгі час знаходзілася ў паўразбураным стане. У пачатку 1870-х гадоў яе разабралі на цэглу. Сёння на Замкавай гары Навагрудка захаваліся на глыбіні звыш 1 метра толькі яе фундаменты.
Архітэктура Царква была крыжападобнай у плане памерамі 12,2 х 13 метраў. Унутры царквы былі чатыры слупы, якія ўтрымлівалі барабан з купалам. Два бакавыя нефы і апсіда мелі рабрыстыя (нервюрныя) скляпенні. Калі глядзець звонку, над цэнтрам царквы ўзвышаўся купал, ніжэй цэнтральных сцен была апсіда, заходні прытвор і бакавыя выступы. Такі выгляд рабіў яе падобнай на некаторыя смаленскія і полацкія цэрквы XII ст. Сцены Успенскай царквы былі выкладзены з чырвонай і абпаленай цэглы, бакавыя выступы ўпрыгожваліся блокамі жоўта-зяленага туфа — што стварала царкве, якая ўзвышалася над усім горадам, вельмі прыгожы знешні выгляд.
У выніку перабудовы XVII ст. аб’ём падоўжылі на захад, павялічылі апсіду. Над паўднёвай сцяной збудавалі вежу складанай канфігурацыі. Фасады дэкарыравалі фігурнымі атынкаванымі карнізамі, нішамі, цягамі і інш.Кушнярэвіч А., Ткачоў М. Навагрудская Замкавая царква // С. 359.
Важнай адметнасцю гэтай царквы было і тое, што тут з ХVІ ст. знаходзілася цудатворная Ікона Маці Божай Навагрудскай — вядомая многімі цудамі, у тым ліку, па словах Адама Міцкевіча, і яго цудоўным выздараўленнем.
Галерэя
Крыніцы
Літаратура Мікалай Гайба. Навагрудская Замкавая царква // Новогрудские епархиальные ведомости. 2000. — № 3 (13). — С. 3. Константин. Епископ Новогрудский и Лидский. История Новогрудской епархии от основания до настоящего времени // Наваградскія чытанні. Кн. 2. — Навагрудак, 1993. — C. 16-30. Малевская М. В. Архитектурный комплекс Новогрудского детинца XIII — ХІV в.в. // Древнерусское государство и славяне. Мат. Симпозиума. — Минск, 1983. — C. 122—125.
Катэгорыя:Знішчаныя збудаванні Навагрудка Катэгорыя:Колішнія праваслаўныя храмы Гродзенскай вобласці Катэгорыя:Храмы Навагрудка Катэгорыя:XIV стагоддзе ў Беларусі Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Навагрудскага раёна