Ге́нрык Франц Та́тур (, Слонім — травень , Мінск) — беларускі гісторык, археолаг, краязнавец, калекцыянер.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сям’і дзяржаўнага служачага Хрызастома Татура (1811—1876) і Антаніны з Ярашэўскіх.
Дробны чыноўнік Мінскага губернскага статыстычнага камітэта. Ён жа ўпарадкаваў археалагічна-этнаграфічны музей пры гэтым камітэце. З 1874 года вёў археалагічныя раскопкі ў Мінскай губерні, склаў яе археалагічную карту з апісаннем помнікаў. Быў арганізатарам прыватнага музея ў Бярэзіне (у 1884—1885 гадах), а потым у Мінску. У 1890 годзе правёў раскопкі 120 курганоў каля вёсак Дулебы і Няюнішчы Ігуменскага павета, 1892 годзе — 40 курганоў каля вёскі Станькава, у 1893 годзе — 40 курганоў каля вёскі Прылукі Мінскага павета.
Аўтар кнігі «Археалагічнае значэнне Мінскай губерні» (1878), «Нарыса археалагічных помнікаў на прасторы Мінскай губерні і яе археалагічнага значэння» (1892). У выніку паездак Міншчынай падрыхтаваў вялікі альбом археалагічных помнікаў (1893).
Стварыў у Мінску багаты прыватны музей аб гісторыі матэрыяльнай культуры Беларусі і ўнікальную бібліятэку. Ва ўладанні Генрыка Татура былі кніжныя зборы зачыненага ўладамі кляштара мінскіх бенедыкцінак, у тым ліку Біблія Францыска Скарыны і Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года, а таксама кнігі з нясвіжскай бібліятэкі Радзівілаў. Музей і бібліятэка знаходзіліся ў старых драўляных будынках на Лагойскім завулку, 8 (паводле іншых звестак, бібліятэка была па адрасе Даўгабродскі завулак, 6).
Сярод экспанатаў яго музея фігураваў «аграмадны рыцар на кані, закаваны ў панцыр з гербам Радзівілаў на грудзёх», так званы «Хлеб Бога» (прыгожа шліфаваны чорны камень у форме акрайчыка хлеба), гравёрская медная бляха з выявай Хрыста з надпісам, зробленым рукой самога Генрыка Татура, плашчаніца, пакравец і іншыя рэчы XVI — пачатку XVIII стагоддзя з жаночага манастыра пад Віцебскам, не менш за 10 слуцкіх паясоў і іх фрагментаў, а таксама вядомы партрэт мітрапаліта Веніяміна Руцкага.
Падтрымліваў сувязі з мінскімі гімназістамі. Паводле сведчання Аляксандра Уласава, Генрык Татур аказаў моцны ўплыў на станаўленне асобы і планы Івана Луцкевіча: «Мы хлопцамі разам з Кастравіцкім [Карусём Каганцом] сядзелі ў музеі Татура, сотні разоў расказвалі яму свае „беларускія“ пляны... Седзячы кружком у сумеркі ў яго музеі, заваленым кольчугамі, мечамі, старымі кнігамі, дакументамі, мэбэлью, абразамі, ён выслухіваў нашы „даклады“... Ад Татура веяла на нас духам Гедыміна, Ягайлы, Канстанціна Астрожскага, князёў Менскіх, Слуцкіх і ўсіх фундатараў і страіцеляў Беларускай мінуўшчыны». Уласаў таксама ўспамінаў яго так: «Сядзелі мы гадзінамі ў кватэры-музеі старога дзівака, падобнага да прарока Елісея, — лысага, з рудой барадой».
Некалькі прац захавалася ў рукапісах, сярод іх «Гістарычны нарыс мястэчка Турава, ранейшай сталіцы ўдзельнага Тураўскага княства», «Гісторыя Станькава», «Гісторыя Заслаўя», падрыхтаваў праект адкрыцця публічнай бібліятэкі ў Мінску. Пераклаў на беларускую мову верш «Прадкі» Яна Чачота.
Памёр у Мінску ў пачатку траўня 1907 года.
Пасля смерці навукоўца яго зборы былі часткова прададзеныя за мяжу. Адна частка збораў трапіла да Тышкевічаў у маёнтак Чырвоны Бор пад Вільняй, а другая — да мітрапаліта Андрэя Шэптыцкага ў Львоўскі музей. Перадачай калекцый Генрыка Татура ў Львоў на працягу 1907—1912 гадоў займаўся Іван Луцкевіч, мэтай якога было максімальна захаваць цэласнасць калекцыі, хаця ніякага дачынення ні да Львова, ні да ўніяцтва яна не мела. Фотаздымкі экспанатаў яго музея і фатаграфічны партрэт самога Генрыка Татура захоўваліся ў Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча ў Вільні, куды былі перададзены ксяндзом Уладзіславам Талочкам, а цяпер захоўваюцца ў БДАМЛМ і Літоўскім нацыянальным музеі.
Архівы зберагаюцца ў Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы.
Крыніцы
Літаратура
Дзярновіч А.Мінскі антыквар і археолаг Генрых Татур ва ўспамінах і ліставанні // Знакамітыя мінчане ХІХ—ХХ стст. Вып. 6: Мінск і мінчане ў літаратурных творах на рубяжы ХІХ—ХХ стст. / Інстытут Польскі ў Мінску. — Мн.: Выдавец Віктар Хурсік, 2011. — С. 178—183. — Эл.рэсурс pawet.net
Катэгорыя:Археолагі Расійскай імперыі Катэгорыя:Археолагі Беларусі Катэгорыя:Краязнаўцы Беларусі Катэгорыя:Калекцыянеры Расійскай імперыі Катэгорыя:Калекцыянеры Беларусі Генрых Хрыстафоравіч Катэгорыя:Перакладчыкі на беларускую мову