Фрыдрых I Гогенштаўфен (; канец 1122, манастыр Вайнгартэн, Бадэн-Вюртэмберг — , ля рэчкі Селіф) — кароль Германіі (1152—1190), імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі (1155—1190), герцаг Швабіі (1147—1152) як Фрыдрых III.

Мянушку Барбароса ён атрымаў у Італіі з-за сваёй рудой барады (ад італ. barba, «барада», і rossa, «рыжая»).

Біяграфія Фрыдрых быў сынам Фрыдрыха II Аднавокага, герцага Швабскага, і Юдыт Баварскай і даводзіўся пляменнікам каралю Германіі Конраду III. У 1147 годзе пасля смерці бацькі ён стаў герцагам Швабскім. Неўзабаве ён прыняў удзел у Другім крыжовым паходзе, падчас якога дзякуючы сваёй адвазе і доблесці заваяваў усеагульную павагу. Вярнуўшыся ў Германію, хворы кароль (яго дзядзька) рэкамендаваў князям выбраць Фрыдрыха сваім пераемнікам. Ён памёр 15 лютага 1152 года, а ўжо 4 сакавіка Фрыдрых заняў прастол.

Характар Новы кароль быў чалавекам маладым і фізічна вельмі дужым, ён таксама валодаў жвавым розумам, быў прыемным і нават чароўным суразмоўцам, цудоўным рыцарам, прагным да цяжкіх пачынанняў і славы, сумленным і шчодрым валадаром, добрым і цвёрдым у веры хрысціянінам. Але гэтыя добрыя якасці не пакрывалі недахопаў, звычайных, зрэшты, для тагачасных манархаў. Так, у хвіліны гневу Фрыдрых бываў вельмі суровым, не цярпеў процідзеянняў і парой для дасягнення сваёй мэты гатовы быў на крывавыя расправы. Уладалюбства яго было бязмерным, аднак ён ніколі не марыў пра незвычайныя пачынанні і бурныя поспехі. Усё, за што ён браўся, было рэальна і прадумана. Таму поспех часта спадарожнічаў яму нават у самых складаных прадпрыемствах. І хоць галоўная мара яго жыцця — адрадзіць ранейшую магутнасць імперыі Карла Вялікага — засталася няздзейсненай, ён вельмі шмат зрабіў на гэтым шляху.

Палкаводзец Фрыдрых Барбароса стварыў шматлікую для свайго часу еўрапейскую армію, галоўнай сілай якой з’яўлялася цяжкая, закутая ў стальныя даспехі рыцарская конніца, і ўдасканаліў яе арганізацыю.

Ён прызнаны класікам ваеннага сярэдневяковага мастацтва. Германскае рыцарства пры ім стала для многіх іншых нацыянальных рыцарскіх арганізацый у Еўропе прыкладам для пераймання.

Рыцар thumb|left|250px|Фрыдрых I Барбароса (у цэнтры). Выява XIII стагоддзя.

Фрыдрых Барбароса свята прытрымліваўся феадальнага права на званне рыцара. Па яго ўказе права на рыцарскі паядынак з усімі яго атрыбутамі меў толькі той, хто быў рыцарам паводле паходжання. Перавязь, рыцарскі пояс і залатыя шпоры мог насіць толькі рыцар. Гэтыя прадметы з’яўляліся ўпадабанымі ўзнагародамі нямецкіх рыцараў, якімі іх падтрымліваў кароль.

Імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі У 1155 годзе Фрыдрых I Барбароса стаў імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі і пачаў праводзіць палітыку па ўмацаванні дзяржавы.

Пры Фрыдрыху I Барбаросе сярэдневяковая Свяшчэнная Рымская імперыя дасягнула свайго найвышэйшага росквіту і ваеннай моцы. Аднак унутры яна заставалася фактычна раздробненай.

Першы італьянскі паход У 1154 годзе Фрыдрых на чале свайго войска перайшоў праз Альпы і ўварваўся ў Італію. Тым часам Папа Адрыян IV вёў зацятую барацьбу з рымскай знаццю, якая ў 1143 годзе ўтварыла сенат і захапіла кіраванне горадам у свае рукі. З-за хваляванняў Папа павінен быў пакінуць сваю рэзідэнцыю і перабраўся ў Вітэрба. Сенат прапанаваў Фрыдрыху атрымаць карону з рук саміх рымлян, але кароль напышліва адказаў, што прыбыў у Італію не для таго, каб выпрасіць сабе часовую ласку неспакойнага народа, але як прынц, рашуча настроены атрымаць, калі трэба, сілай зброі, спадчыну бацькоў. У ноч з 17 на 18 чэрвеня войскі Фрыдрыха занялі ўсе подступы да сабора Святога Пятра. Адрыян урачыста каранаваў тут Фрыдрыха імператарскай каронай. Але ўжо ўвечар рымляне рушылі ад Капітолія на прыступ кварталаў Святога Пятра. Увесь вечар ішоў кровапралітны бой, і напад гараджан быў адбіты. На наступную раніцу, 19 чэрвеня, імператар і Папа пакінулі вечны горад, у які так па-сапраўднаму і не ўвайшлі. Пераканаўшыся, што больш нічога зрабіць немагчыма, Фрыдрых у верасні вярнуўся ў Германію. З гэтага часу яго думкі ўвесь час былі накіраваны да Італіі. Ён і раней ведаў, а падчас каранацыі канчаткова пераканаўся ў тым, што краіна гэта за апошнія дзесяцігоддзі стала фактычна незалежнай ад імперыі і для таго, каб зацвердзіць у ёй нямецкае панаванне, трэба было заваяваць яе зноў.

Другі італьянскі паход thumb|250px|Фрыдрых I Барбароса. Гравюра на медзі (1847 г.).

У 1158 годзе пачаўся другі італьянскі паход. Галоўнай мэтай яго было заваяванне Мілана, таму што з часоў Конрада II гэты горад прызвычаяўся дэманстраваць сваю незалежнасць і заставаўся галоўнай апорай усіх праціўнікаў імперыі ў Ламбардыі. Каб дзеянні мелі поспех, Фрыдрых паспрабаваў прыцягнуць да паходу ўсіх нямецкіх князёў і сабраў велізарную армію. Вялікая перавага ў сіле дазволіла даць яго задумам добры пачатак. У жніўні Мілан быў абложаны і ўжо 1 верасня капітуляваў. Міланцы павінны былі выплаціць велізарную даніну, выдаць закладнікаў, адмовіцца ад права чаканіць манету і спаганяць дарожную мыту. У цэнтры горада Фрыдрых узвёў замак і паставіў свой гарнізон. Гэта бяскроўная і лёгкая перамога зрабіла вялікае ўражанне на ламбардцаў. Сабраўшы з’езд у Ронкале, Фрыдрых давёў да ведама італьянцаў тыя прынцыпы, на аснове якіх ён жадаў арганізаваць цяпер кіраванне сваімі заальпійскімі ўладаннямі. Грамадскія дарогі, суднаходныя рэкі з прытокамі, порты і гавані павінны былі перайсці пад кантроль імперскіх чыноўнікаў, а збор падаткаў і чаканка манеты станавіліся з гэтага часу выключнай прэрагатывай імператарскай улады.

Разам з тым імператар строга патрабаваў ад сваіх васалаў вайсковай павіннасці і пагражаў адабраць лены ва ўсіх неслухаў. Міжусобныя войны былі строга забаронены.

Новыя эдыкты больш усяго ўшчамлялі правы і свабоды ламбардскіх гарадоў, якія сталі да таго часу амаль незалежнымі ад сваіх феадальных сеньёраў. З іх боку Фрыдрых I і сустрэў наймацнейшае процідзеянне. Генуэзцы заявілі, што аддадуць Фрыдрыху толькі тое, на што ён зможа прад’явіць свае правы ўласнасці. У студзені 1159 года зноў паўсталі міланцы, незадаволеныя тым, што імператар паспрабаваў паставіць тут ва ўладзе сваіх стаўленікаў. Іх падтрымалі жыхары Крэмоны і Брэшыі. Тым часам Фрыдрых, паспадзяваўшыся на свой першы поспех, ужо адправіў за Альпы большую частку саюзных войскаў. Астатніх сіл для новай аблогі Мілана было відавочна недастаткова. У ліпені 1159 года імператар падступіў да Крэмоны і шэсць месяцаў трымаў яе аблогу. Захапіўшы нарэшце ў студзені 1160 года гэту маленькую крэпасць, Фрыдрых загадаў разбурыць яе дашчэнту.

Да іншых цяжкасцей дадаліся звады з папскім прастолам. Пасля смерці Адрыяна IV праціўнікі Фрыдрыха выбралі Папам Аляксандра III, а яго прыхільнікі — Віктара IV. Імператар склікаў у Павіі царкоўны сабор, які абвясціў Аляксандра зрынутым. Аляксандра гэта не спыніла і ён у сваю чаргу адлучыў Барбаросу ад царквы, а падданых яго вызваліў ад прысягі. Фрыдрых зразумеў, што яму трэба рушыць паходам на Рым. Але спачатку ён хацеў замацавацца ў Італіі. Склікаўшы васалаў з Германіі і Італіі, Фрыдрых у маі 1161 года другі раз аблажыў Мілан. Праз год, у сакавіку 1162 года, горад здаўся без усякіх умоў на літасць пераможца. Фрыдрых загадаў усім жыхарам выйсці з горада з той маёмасцю, якую яны маглі панесці, і рассяліцца ў чатырох неўмацаваных гарадах.

Сам горад быў цалкам разбураны. Пасля таго як гэты галоўны вораг быў знішчаны, здаліся П’ячэнца, Брэшыя і іншыя гарады. Імператар загадаў жыхарам разабраць гарадскія сцены, заплаціць кантрыбуцыю і прыняць намесніка — падэсту.

1163—1165 гады thumb|left|250px|Фрыдрых I Барбароса — крыжак. Мініяцюра з рукапісу (1188 г.).

Ненадоўга з’ездзіўшы ў Германію, Фрыдрых увосень 1163 года вярнуўся ў Ламбардыю і стаў рыхтавацца да паходу на Рым. Аднак новыя цяжкасці спынілі яго. Венецыя, Верона, Вічэнца і Падуя аб’ядналіся ў антынямецкую лігу. У красавіку памёр Віктар IV. Выбраны на яго месца Пасхалій III меў значна менш прыхільнікаў, чым Аляксандр III. Імператар паспрабаваў напасці на Верону, але ў яго было занадта мала сіл для вядзення сур’ёзнай вайны. Увосень 1164 года ён адправіўся ў Германію, дзе спадзяваўся сабраць новае войска. Справы зноў затрымалі яго на паўтара года. Толькі ўвесну 1165 года Фрыдрых з вялікай арміяй перайшоў Альпы і рушыў прама на Рым. 24 чэрвеня немцы аблажылі замак Святога Ангела і занялі ўвесь левы бераг Тыбра. Аляксандр III закрыўся ў замку Франджыпані побач з Калізеем. Фрыдрых прапанаваў абодвум Папам для пазбягання кровапраліцця скласці з сябе сан і правесці новыя выбары. Аляксандр адмовіўся, і гэта моцна пашкодзіла яму ў вачах гараджан. Вядомыя сваім непастаянствам рымляне абярнуліся супраць папы, і таму прыйшлося бегчы ў Беневент. Імператар урачыста ўехаў у горад, а 30 чэрвеня адбылася інтранізацыя Пасхалія ў храме Святога Пятра. Аднак Фрыдрых не пакінуў свайму прыхільніку нават цені той улады, якой карысталіся да яго папы. Сенат і прэфект горада сталі падпарадкоўвацца асабіста імператару, які такім чынам узяў кіраванне Рымам у свае рукі. Здавалася, Фрыдрых дасягнуў межаў сваіх жаданняў. Але тут неспадзяваныя акалічнасці змяшалі яму ўсе планы: у жніўні ў нямецкім войску пачалася цяжкая эпідэмія чумы.

Ламбардская ліга Памерлых было так шмат, што Фрыдрых паспешна адвёў сваіх салдат у паўночную Італію. Тут ён з трывогай выявіў, што пазіцыі яго ворагаў узмацніліся. Да лігі, якая ўтварылася раней, далучыліся Крэмона, Бергама, Брэшыя, Мантуя, а таксама жыхары Мілана, якія спешна адбудоўвалі свой горад. Да няшчасця, у Фрыдрыха ўжо не было арміі, і ён павінен быў бяссільна назіраць з Павіі, як разгараецца мяцеж. 1 снежня 1167 года шаснаццаць паўсталых гарадоў аб’ядналіся ў Ламбардскую лігу. Яны пакляліся не заключаць сепаратны мір і весці вайну да таго часу, пакуль не вернуць усе палёгкі і свабоды, якімі яны валодалі пры ранейшых імператарах. У пачатку 1168 года Фрыдрых вырашыў прабірацца ў Германію. Па дарозе ў Сузах яго ледзь не захапілі ў палон, і яму прыйшлося бегчы, перапрануўшыся ў чужое адзенне.

Пяты італьянскі паход Гэтым разам імператар правёў у Германіі сем гадоў, заняты рашэннем надзённых спраў і ўмацаваннем сваёй улады. У 1173 годзе ён абвясціў пра рашэнне вярнуцца ў Італію і павесці войска ў паход супраць Ламбардскай лігі. Каб не залежаць ад князёў, якія ўжо не раз пакідалі яго без войска ў самы крытычны момант, ён навербаваў шмат брабанцкіх наймітаў. У верасні 1174 года Фрыдрых у пяты раз перайшоў Альпы, а ў кастрычніку аблажыў Алесандрыю. Ламбардцы зацята абараняліся. У красавіку наступнага года, так і не атрымаўшы поспеху, Фрыдрых пачаў перамовы і распусціў салдат, якім яму няма чым было плаціць. Але кансультацыі, якія доўжыліся амаль цэлы год, ні да чаго не прывялі, таму што пазіцыі бакоў былі занадта розныя. Неабходна было зноў рыхтавацца да вайны.

Імператар запрасіў у К’явену свайго стрыечнага брата, магутнага герцага Баварскага і Саксонскага Генрыха Льва з роду Вельфаў і папрасіў у яго дапамогі. Генрых Леў адмовіў, чым вельмі абразіў Фрыдрыха. З вялікімі цяжкасцямі ён набраў некалькі тысяч салдат у Італіі і рушыў з імі на Мілан. 29 мая 1176 года праціўнікі сустрэліся пад Леньяна. У гэтай бітве нямецкія рыцары па сваім звычаі кінуліся ў магутны напад, прарвалі строй ламбардскай конніцы, і тая ў сумятні бегла. Але калі немцы абрынуліся пяхоту, якая пастроілася ў карэ, іх напад захлынуўся. Тым часам ламбардскія коннікі, сустрэўшы войска з Брэшыі, якое спяшалася ім на дапамогу, вярнуліся на поле бою і раптам атакавалі немцаў з флангу. Фрыдрых з запалам і адвагай кінуўся ў самую бойку, але быў выбіты з сядла. Адразу слых пра яго ўяўную смерць разнёсся па войску. Пакідаўшы зброю, рыцары беглі з поля бою і схаваліся ў Павіі.

Мір з Папам і вяртанне ў Германію thumb|250px|Помнік Фрыдрыху I Барбаросе ў Зінцыгу. thumb|left|400px|Спінела Арэціна Фрыдрых Барбароса падпарадкоўваецца ўладзе Папы Рымскага Аляксандра III. Фрэска ў Палацца Публіка, Сіена